Пра гэта паведаміў на прэс-канфэрэнцыі начальнік галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі МУС Аляксандар Купчэня, піша «Позірк».
Паводле яго слоў, супрацоўнікі міліцыі будуць несьці службу як у форме, так і ў цывільным, ва ўсіх месцах правядзеньня масавых мерапрыемстваў «будуць задзейнічаны магчымасьці рэспубліканскай сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі».
У асобных месцах, у тым ліку месца правядзеньня парада, разгорнуць кантрольна-прапускныя пункты, дзе будзе праводзіцца асабісты надгляд. Забароненыя да праносу на парад рэчы, паведаміў міліцэйскі начальнік, можна будзе здаць у часовыя камэры захоўваньня.
Каля месцаў правядзеньня сьвяточных імпрэз 9 траўня будзе абмежаваны рух транспарту. Па словах начальніка ўпраўленьня ДАІ ГУУС Менскага гарвыканкама Сяргея Бабіча, з 14:00 у горадзе будзе абмежаваны рух у абодвух напрамках па праспэкце Машэрава — ад вул. Даўмана да вул. Ціміразева, а таксама па праспэкце Пераможцаў — ад вул. Мельнікайтэ да вул. Ігнаценкі.
З гэтага ж часу абмяжуюць рух на ўчастках дарог, па якіх вайсковая тэхніка будзе перамяшчацца зь месцаў пастаяннай дыслякацыі да месца правядзеньня парада.
У асобных лякацыях, паводле слоў Бабіча, 9 траўня будзе забаронена спыненьне і стаянка транспарту.
Намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня аварыйна-выратавальных службаў і рэагаваньня на надзвычайныя сытуацыі МНС Беларусі Ігар Гулякевіч паведаміў, што ў Беларусі 9 траўня дзяжурыць будзе знаходзіцца больш за 3,5 тыс. супрацоўнікаў ведамства і каля 1,3 тыс. адзінак тэхнікі. Непасрэдна на тэрыторыях, якія прылягаюць да месцаў масавых мерапрыемстваў, будзе дзяжурыць каля 800 супрацоўнікаў МНС і 150 адзінак тэхнікі.
У кругласутачным рэжыме па ўсёй краіне будзе дзяжурыць каля 780 брыгад хуткай мэдыцынскай дапамогі (непасрэдна ў месцы правядзеньня парада і іншых мерапрыемстваў у Менску — каля 40), паведаміў намесьнік галоўнага лекара гарадзкой станцыі хуткай мэдыцынскай дапамогі Аляксандр Дубаневіч.
Форум