Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Турчын у Баку сустрэўся з Аліевым, абмяркоўвалі гандаль і супрацу ў ВПК


Cустрэча прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым. Баку, 6 траўня 2025 году
Cустрэча прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым. Баку, 6 траўня 2025 году

У другі дзень свайго візыту ў Азэрбайджан прэм’ер-міністар Беларусі Аляксандар Турчын сустракаецца з прэзыдэнтам гэтай краіны Ільхамам Аліевым.

Перамовы ў Баку тычацца гандлёвага супрацоўніцтва, паведаміў прэм’ер-міністар Беларусі Аляксандр Турчын на сустрэчы з Ільхамам Аліевым. Беларусь пастаўляе ў гэтую краіну трактары, камунальную тэхніку, ліфты.

Ільхам Аліеў падчас размовы заклікаў да стварэньня сумесных прадпрыемстваў, росту тавараабарачэньня, а таксама ўзгадаў і супрацу ў сфэры вайскова-прамысловага комплексу.

«Спадзяюся, што ў гандлёва-эканамічнай супрацы будуць дасягнуты такія ж посьпехі, як і ў палітычнай сфэры. Мы паднялі нашы адносіны на высокі ўзровень, таму цяпер адзін з нашых галоўных клопатаў — нарошчваньне гандлёва-эканамічнай супрацы. Маем добры досьвед стварэньня сумесных вытворчасьцяў, і думаю, што гэты досьвед павінен быць працягнуты», — сказаў Аліеў.

«Тавараабарачэньне нашых кампаніяў паказвае значныя лічбы, тым ня менш цяпер тут цэлы шэраг нашых кампаніяў, якія маглі б прапанаваць яшчэ іншыя формы супрацы», — заявіў Турчын 5 траўня падчас сустрэчы з прэм’ерам Азэрбайджану Алі Асадавым.

Разам з прэм’ерам Турчынам у Азэрбайджан прыехала вялікая група бізнэсмэнаў і кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў. Падчас сустрэчаў прадстаўнікі бізнэсу падпісалі 12 дамоваў на 19 мільёнаў даляраў, паведамілі ва ўрадзе Беларусі.

Азэрбайджан стаў сёмым гандлёвым партнэрам Беларусі у 2024 годзе, прырост тавараабарачэньня летась склаў 46%.

За першы квартал 2025 году яно склала 101 млн. даляраў, з якіх 17 млн. — азэрбайджанскі экспарт, паводле зьвестак азэрбайджанскага боку.

У рамках афіцыйнага візыту Турчына ў Баку прайшлі і перамовы Дзяржаўнага камітэту вайсковай прамысловасьці Беларусі з азэрбайджанскімі партнэрамі. Старшыня камітэту Дзьмітры Пантус сярод іншага заявіў 5 траўня:

«Сёньня абмяркоўваюцца сумесныя праекты вытворчасьці, у тым ліку на тэрыторыі Азэрбайджану, прадукцыі вайсковага прызначэньня з распрацоўкамі Рэспублікі Беларусі, гэтая праца працягваецца, неўзабаве зьявіцца сумесная вайсковая прадукцыя з Азэрбайджанам».

Сярод іншага Беларусь прапануе свой удзел у адбудове Нагорнага Карабаху, над якім Азэрбайджан аднавіў кантроль ваенным шляхам.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG