Сябры зноў выяжджаюць у горную мясцовасьць, адкуль беларус Павал Брэль 8 ліпеня апошні раз зьвязваўся з блізкімі. Польская паліцыя яшчэ не дала білінгу апошніх ягоных размоваў. Папярэднія пошукі вынікаў не далі.
Апошні раз выходзіў на сувязь 8 ліпеня
Беларус Павал Брэль, які зь вясны 2021 году жыў у Варшаве, пераяжджаў у Букавіну-Татшаньску. Пераезд быў заплянаваны, але ён яго ўсё адкладаў. 5 ліпеня нарэшце выехаў з Варшавы ў Кракаў, там перасеў на іншы цягнік. 6 ліпеня застаўся бяз рэчаў. Сябрам у сацсетках напісаў, што ў дарозе да яго падселі невядомыя, шумелі, перашкаджалі спаць. Крыху пазьней ён напісаў маці, што нічога ня памятае і зьніклі ягоныя рэчы — працоўны ноўтбук, фотаапарат, дакумэнты і грошы.
Апошні раз Брэль выходзіў на сувязь увечары 8 ліпеня з запраўкі ў Рабцы-Здруй, з таго часу пра яго больш нічога не вядома. Да арандаванага жытла ў Букавіне-Татшаньскай Павал Брэль не даехаў.
Сябры зьніклага аднавілі храналёгію падзей 6-8 ліпеня і прыйшлі да высновы, што Павал быў у складаным псыхалягічным і, магчыма, фізычным стане. Падобна, яго абрабавалі ў цягніку: скралі грошы, тэхніку і дакумэнты.
Павал памылкова напісаў знаёмым, што знаходзіцца ў Пароніне, але выйшаў раней, у Рабцы-Здруй. На дзьве ночы спыняўся ў розных гасьцявых дамах мястэчка.
Паліцыя агледзела мясцовасьць, білінгу пакуль не прадаставіла
Сябры зьніклага зьвярнуліся ў паліцыю з заявай, самі езьдзілі на пошукі ў тую мясцовасьць у мінулыя выходныя.
«Паліцыя ў Рабцы-Здруй агледзела мясцовасьць, апытала людзей. Больш ніякай актыўнасьці. Білінг, раздрукоўку званкоў і паведамленьняў не далі яшчэ, але хутчэй за ўсё, сувязь абрываецца ў той самай мясцовасці», — кажуць сябры зьніклага.
«Нічога новага. Думкі трывожныя», — расказала сяброўка Паўла Ала, якая зноў зьбіраецца ў Рабку-Здруй на пошукі.
Свабода зьвярнулася ў паліцыю Польшчы з пытаньнем, як ідуць пошукі беларускага журналіста Паўла Брэля. Афіцыйнага адказу пакуль няма.
Неабыякавыя людзі могуць далучыцца да пошукаў Паўла Брэля, зьвязаўшыся па нумары +48 733 782 880, альбо ў Telegram @LABALEKA
Сваякі і сябры Паўла Брэля просяць усіх, хто бачыў Паўла ці ведае пра яго месцазнаходжаньне, зьвязацца па нумары +370 (643) 18 164 альбо паведаміць у Telegram t.me/insalander.
Прыкметы: на выгляд 30-35 гадоў, валасы сьветлыя, сабраныя ў невялікі хвост, блакітныя вочы, носіць акуляры, рост 185-190 см, хударлявы целасклад, невялікая барада. Быў у шэрай футболцы.