Дата дня
9 кастрычніка 1878 году нарадзіўся беларускі гісторык Уладзімер Пічэта, адзін з арганізатараў і першы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1921–1929).
Год таму ў гэты дзень
- Урад Беларусі перанёс тэрмін поўнага ўводу БелАЭС на 2022 год
- Кіраўнік дыпляматыі Ватыкану паведаміў: Вельмі магчыма, што арцыбіскуп Кандрусевіч ня вернецца ў Беларусь
- Румынія стала дзявятай краінай Эўразьвязу, якае адклікае пасла зь Менску
- Літва адклікае зь Менску яшчэ пяцёх дыпляматаў
Таксама ў гэты дзень
1648 — войска ВКЛ на чале зь Янушам Радзівілам пасьля аблогі ўзяло Пінск.
1977 — у космас паляцеў беларус Уладзімер Кавалёнак.
У гэты дзень нарадзіліся
1892 — Іва Андрыч, югаслаўскі пісьменьнік.
1922 — беларуская акторка Тацяна Аляксеева, заслужаная артыстка Беларусі.
1940 — Джон Ленан, легендарны брытанскі рок-музыка.
У памяці
1929 — Адам Лісоўскі, адзін з заснавальнікаў беларускага хрысьціянскага руху, каталіцкі сьвятар. Пераклаў на беларускую мову часткі Новага Запавету: Апакаліпсіс, Апостальскія дзеі, лісты сьвятога Паўла.
1967 — Эрнэста Чэ Гевара, аргентынскі рэвалюцыянэр.
1978 — Жак Брэль, бэльгійскі сьпявак і актор.
2012 — Сяржук Цімохаў, беларускі мастак, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х – пач. ХХІ ст.
Ня кожны і вельмі адораны мастак здольны стварыць свой космас. Гэта — не пра Цімохава.
Ягоны мастацкі сусьвет, які нарадзіўся з апантанага дасьледаваньня нашай дахрысьціянскай, далетапіснай мінуўшчыны, уладна вабіць, а часам — палохае. Перад палотнамі зь ценямі Ярылы і Вялеса, зь сьціхотна-таямнічымі стодамі, з далёкімі згукамі паганскіх абрадаў і сьвятаў можа ўзьнікнуць адчуваньне, падобнае да прыцягненьня бездані. Так твораць геніі.
Мы сустрэліся ў Полацку, куды Цімохаў зь сям’ёй прыехаў у 1986-м, каб затрымацца ў Прыдзьвіньні на дванаццаць гадоў. Першай убачанай мною Сержуковай працай быў партрэт Івана Луцкевіча. Ужо адно гэта абяцала працяг знаёмства. Выбар гораду, адкуль пачыналіся беларускія гісторыя й культура, безумоўна, таксама быў невыпадковы. Бяз полацкага пэрыяду мы б ведалі мастака Цімохава зусім іншым. Але і сам Сяржук, які проста іскрыў ідэямі й задумкамі, стаўся Полацку шчасьлівым падарункам.
Ён стварыў галерэю «Рыса», дзе лічылі за гонар выстаўляцца найвядомейшыя майстры. Непараўнальна шмат ён здолеў зрабіць для гораду як галоўны мастак.
Дагэтуль у памяці ягоная пэрсанальная выстава ў толькі што адчыненай «Рысе». На падлозе — разгорнутыя папяровыя скруткі з магічнымі знакамі-кодамі і размаляваныя валуны, якія расстаўляюць у экспазыцыі моцныя і абсалютна нечаканыя акцэнты. Творы на сьценах — напоўненыя алюзіямі і шматлікімі сэнсамі — хтосьці з мастацтвазнаўцаў назваў харугвамі.
У сталіцу пры канцы 1990-х гадоў Цімохаў пераехаў ужо прызнаным і на радзіме, і за мяжой майстрам. Мастацтвазнаўцы пісалі пра незвычайнага калярыста, што ўмее празь нюанс ці кантраст дасягнуць тонкага суладнага гучаньня, завабіўшы як быццам празрыстай канструкцыяй, якая раптам прымушае разблытваць сапраўдную павуціну сымбаляў.
Працягваючы натхнёна працаваць у сваёй галоўнай тэме, Цімохаў захапіўся графікай і адкрыўся як вытанчаны лірык. Графічныя аркушы зь ню прынесьлі Гран-пры на біенале «Залатое пяро Бялграду».
Адзін зь сяброў-мастакоў адгукнуўся на адыход Цімохава прыпавесьцю пра тое, як Уладар ходзіць па райскім садзе і зьбірае ў кошык залатыя яблыкі, зрываючы адно самыя сьпелыя. Слабое суцяшэньне.
Апрача ягонага дзівоснага сусьвету, Сяргей пакінуў жонку Рыту, дачку Вальжыну і сына Глеба.
Усе — творцы. Сярод маіх улюбёных яго працаў — мэтафізычныя сэрыі пад агульным назовам «Рытуальнае шэсьце». Цяпер у гэтай адвечнай працэсіі заняў месца й ён сам.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне. С. 634–635.