У заяве адзначаецца, што ў працэсе вытворчасьці па палітычна матываваных крымінальных справах груба парушаюцца асноўныя правы падазраваных і абвінавачаных, а таксама іх абаронцаў.
Праваабаронцы спасылаюцца на зьвесткі аб тым, што на дасьледчай стадыі да падазраваных ужываюцца катаваньні; пад катаваньнямі супрацоўнікі МУС прымушаюць затрыманых да дачы паказаньняў у адсутнасьці абаронцы і рознага роду «інтэрвію» з ужываньнем відэазапісу, якія пасьля выкарыстоўваюцца ня толькі дзяржаўнымі прапагандысцкімі рэсурсамі, але і ў якасьці доказу абвінавачваньня ў судзе.
Аўтары заявы адзначаюць, што працягваюць паступаць зьвесткі аб супрацьдзеяньні адвакатам у ажыцьцяўленьні абароны, бо адвакатам абмежоўваюць магчымасьці сустрэчы сам-насам з падабароннымі, а таксама аказваюць ціск на іх за выказваньне свайго меркаваньня.
Суды неабгрунтавана прызначаюць і праводзяць закрытыя судовыя паседжаньні ў адсутнасьць для гэтага падстаў. У прыватнасьці, у закрытым судовым пасяджэньні разгледжаныя крымінальныя справы В. Ашурка, Е. Вінчы, А. Мельнікава, Э. Жданко, О. Корбана, О. Клімкінай, С. Скока, М. Сяргіенкі і інш., а акрамя таго, прызначаная да разгляду крымінальная справа па абвінавачваньні П. Севярынца, Е. Афнагеля, П. Юхневіча, Д. Казлова, М. Вінярскага і А. Войніча.
У дачыненьні да шэрагу палітвязьняў крымінальныя справы разглядаюцца або прызначаныя да разгляду ў Вярхоўным судзе, што азначае неадкладнае ўступленьне ў сілу прысуду пасьля яго вынясеньня і адсутнасьць права на перагляд справы вышэйстаячым судом. У такім парадку разглядаецца крымінальная справа па абвінавачваньні В. Бабарыкі і прызначаная да разгляду крымінальная справа па абвінавачваньні М. Статкевіча, С. Ціханоўскага, І. Лосіка, А. Сакава, Д. Папова, В. Цыгановіча.
У дачыненьні да абвінавачаных па крымінальных справах з палітычным складнікам дзяржаўнымі СМІ безупынна вядзецца прапагандысцкая кампанія, накіраваная на іх дыскрэдытацыю ў вачах грамадзкасьці і фармаваньне ўстойлівага меркаваньня аб вінаватасьці ў крымінальных злачынствах да вынясеньня судом прысуду. Гэта парушае прэзумпцыю невінаватасьці — права лічыцца невінаватым, пакуль віна не будзе даказаная згодна з законам.
Мы заклікаем суб’екты ўладных паўнамоцтваў, органы сьледзтва, пракуратуру і суд прыняць вычарпальныя меры па вяртаньні да прававых асноў функцыянаваньня праваахоўнай і судовай сыстэмы, да рэгуляваньня грамадзкіх адносін на аснове законаў, прымальных у дэмакратычным грамадзтве — гаворыцца ў супольнай заяве 8 праваабарончых арганізацыяў Беларусі.