У судзе Лагойскага раёну, дзе разглядаюць справу супраць блогера Ўладзімера Няронскага, выступіў дзяржаўны абвінаваўца Аляксандар Ляўковіч. Ён заявіў, што ў сваіх відэароліках Няронскі публічна заклікаў да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах у Слуцку, Мазыры, Берасьці і Бабруйску, паведаміла «Вясна».
Таксама, на думку пракурора, даказаная сувязь Уладзімера Няронскага зь Сяргеем Ціханоўскім і Міколам Статкевічам, бо Ціханоўскі стварыў Няронскаму акаўнт, а тэлефон Статкевіча быў у запісной кніжцы Няронскага.
Такім чынам, паводле Ляўковіча, Няронскі вінаваты ў арганізацыі і падрыхтоўцы групай асобаў (разам з Статкевічам і Ціханоўскім) дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (342 артыкул Крымінальнага кодэксу) па матывах ідэалягічнай і палітычнай варожасьці.
Ён запатрабаваў пакараць яго трыма гадамі зьняволеньня — гэта максымальны тэрмін у гэтым артыкуле.
Няронскага таксама абвінавацілі ў абразе старшыні Слуцкага райвыканкаму Андрэя Янчэўскага (арт. 369, пакараньне паводле гэтага артыкулу не прадугледжвае пазбаўленьня волі).