Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 600 чалавек з пнэўманіяй ляжаць у Берасьцейскім гарадзкім шпіталі


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

У дзень у шпіталь паступае 30-50 такіх хворых. Галоўны лекар назваў сытуацыю «дастаткова стабільнай». Пра сытуацыю ў шпіталі лекар распавёў выданьню Zarya.by.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Паводле слоў Алега Вялічкі, у 20-х чыслах красавіка некаторыя аддзяленьні шпіталю былі аддадзеныя на аказаньне дапамогі хворым з пнэўманіяй.

Цяпер пад лячэньне пнэўманіі ў шпіталі абсталявана 680 ложкаў.
Галоўны лекар сьцьвярджае, што ў берасьцейскіх мэдыкаў няма пытаньняў пра сродкі засьцярогі: «Ведаючы тую сытуацыю, якая раней склалася ў Менску і Віцебску, адрэагавалі апэратыўна – усё сталі закупляць загадзя і да прыходу інфэкцыі ў наш рэгіён былі ў поўным узбраеньні».

Як зазначае Алег Вялічка, у шпіталі ёсьць усё неабходнае. Да пандэміі было прыкладна дзясятак кіслародных канцэнтратараў, але калі стала зразумела, што сытуацыя абвастраецца, набылі яшчэ 17. Заказ на пастаўку яшчэ дзесяці будзе выкананы ў траўні.

Выздаравелі і былі выпісаныя са шпіталю каля 400 чалавек. «Але, разам з тым, спрашчаць сытуацыю ні ў якім разе не трэба. Па-ранейшаму вельмі важна выконваць рэкамэндаваныя меры і правілы паводзін – мыць рукі, насіць ахоўныя маскі, не зьбірацца вялікімі кампаніямі.

У нас ёсьць, на жаль, выпадкі, калі з-за пагарды такімі мерамі ў шпіталь паступілі адразу чатыры сям'і з вёскі Страдзеч Берасьцейскага раёну», – зазначыў лекар.

У вёсцы Страдзеч, як паведамляў TUT.by за тыдзень пабілі гадавы рэкорд па пнэўманіі — 35 вяскоўцаў трапілі ў шпіталь. Мясцовыя зьвязваюць гэта з вясельлем, на якім прысутнічалі прадстаўнікі пратэстанцкай суполкі, і службамі, на якія зьбіраліся людзі.

Што тычыцца сытуацыі з каранавірусам у іншых рэгіёнах Беларусі — міністэрства аховы здароўя не падае статыстычных дадзеных, і з 24 красавіка не праводзіць прэсавых канфэрэнцый.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG