За 66-гадовага Сяргея Калякіна прагаласавала 79 з 137 дэлегатаў ХХ зьезда Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», які сёньня адбыўся ў Менску.
«Мы засталіся камуністычнай партыяй. Таму мы павінны ісьці да моладзі з камуністычнай ідэалёгіяй, з камуністычнай сымболікай» — сказаў у заключным слове стары-новы лідэр.
Сяргей Калякін ачольвае Беларускую партыю левых «Справядлівы сьвет» 25 гадоў — з 1994 года (да 2009-га яна называлася Партыяй камуністаў Беларускай). Болей яго апазыцыйнымі партыямі ў гісторыі сувэрэннай Беларусі не кіраваў ніхто.
Прэтэндэнтаў на пасаду старшыні партыі было трое. Апроч Калякіна, дэлегаты вылучылі 35-гадовага Аляксея Елісеева, кандыдата гістарычных навук і кіраўніка Менскага філіялу Расейскага эканамічнага ўнівэрсытэту імя Пляханава. 29-гадовы наладчык заводу «Інтэграл» Яўген Макараў вылучыў сябе сам.
Перад выбарамі з залі паступіла прапанова зьмяніць працэдуру: галасаваць не таемна, бюлетэнямі, а адкрыта, уздымаючы рукі — маўляў, партыйцам няма чаго хаваць. Аднак Сяргей Калякін заклікаў захоўваць дэмакратычныя прынцыпы і галасаваць бюлетэнямі.
- За Калякіна прагаласавала 79 чалавек.
- За Аляксея Елісеева — 40 чалавек.
- Яўген Макараў набраў 12 галасоў.
- Супраць усіх — 2.