Cтаршыня камітэту міжнародных спраў Дзяржаўнай Думы Леанід Слуцкі сказаў, што ЗША, запатрабаваўшы зачыніць генэральны кансулят Расеі ў Сан-Францыска, абвясьцілі «гарачую фазу дыпляматычнай вайны».
Пры гэтым аднак Слуцкі адзначыў, што трэба добра задумацца, «ці патрэбныя нам сымэтрычныя меры і ці зьбіраемся мы і далей паддавацца амэрыканскім правакацыям, рухаючыся па сутнасьці па шляху згортваньня дыпляматычных адносін».
Пры гэтым Слуцкі дадаў:
«Нягледзячы на надзвычайную прыкрасьць і відавочную неабгрунтаванасьць гэтага кроку, лічу, што Расеі ня варта ісьці на сымэтрычны адказ, а наадварот — спрабаваць прыкладаць усе магчымыя намаганьні для захаваньня годнага ўзроўню дыпляматычных адносін з ЗША як гарантыі найважнейшай кампанэнты сусьветнай стабільнасьці».
Падобную думку выказаў кіраўнік камітэту па міжнародных справах Савету Фэдэрацыі Канстанцін Касачоў. Ён напісаў у Фэйсбуку, што адказ на патрабаваньні ЗША зачыніць генэральны кансулят у Сан-Францыска, а таксама скараціць расейскую дыпляматычную прысутнасьць у Вашынгтоне і Нью-Ёрку, «можа быць несымэтрычным, але адчувальным».