Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бел-чырвона-белы сьцяг і „Пагоня“ вернуцца». 25 год таму над Беларусьсю залунаў нацыянальны сьцяг


Бел-чырвона-белы сьцяг над Магілёвам (з архіву Віталя Васількова)
Бел-чырвона-белы сьцяг над Магілёвам (з архіву Віталя Васількова)

Пра тое, як нацыянальны сьцяг узьняўся над Магілёвам, узгадваюць удзельнікі падзеяў 25-гадовай даўніны.

25 год таму над будынкам Магілёўскага аблвыканкаму (на той час і гарвыканкаму) быў узьняты бел-чырвона-белы сьцяг. Кіраўніцтва гораду вітала пастанову Вярхоўнага Савету, паводле якой бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» станавіліся дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі.

«Сам момант прыняцьця пастановы стаўся для нас сьвятам», — згадвае тагачасны памочнік старшыні Магілёўскага гарвыканкаму, дэпутат гарсавету Віталь Васількоў, цяпер аўтарытэтны ў Магілёве грамадзкі дзеяч:

«Тады была магчымасьць глядзець у наўпроставым эфіры пасяджэньні Вярхоўнага Савету. У старшыні гарвыканкаму стаяў тэлевізар, і мы глядзелі, як і што адбывалася ў Вярхоўным Савеце. Адразу ўтварылася нефармальная ініцыятыўная група, якая занялася пытаньнямі арганізацыі ўрачыстасьці па замене сьцягоў. Вырашылі, што мяняць сьцягі будзем 20 верасьня».

Віталь Васількоў
Віталь Васількоў

У ініцыятыўную групу ўваходзіў і дэпутат гарсавету, каардынатар фракцыі «Дэмакратычны клюб» Уладзімер Шанцаў, цяпер старшыня абласной арганізацыі. Ён разам з Васільковым уздымаў бел-чырвона-белы сьцяг над гарвыканкамам.

Бел-чырвона-белы сьцяг над Магілёвам

«У гады перабудовы я дужа шмат чытаў пра сымболіку, будучы яшчэ сакратаром партыйнай арганізацыі. І першае, што мне кідалася ў вочы, — што ўся сымболіка савецкіх рэспублік была шаблённай. Паволі я прыходзіў да думкі, што сьцяг і герб мусяць быць гістарычнымі», — тлумачыць у мінулым кіраўнік партыйнай арганізацыі на гіганце магілёўскай прамысловасьці «Хімвалакно».

«Замена сьцягоў на будынку гарвыканкаму — гэта той фрагмэнт маёй біяграфіі, якім я асабліва ганаруся, — адзначае Ўладзімер Шанцаў. — Бел-чырвона-белы сьцяг тады залунаў над Магілёвам. У нас тады была эўфарыя. Нам здавалася, што мінулае беззваротна сыходзіць. Што пад бел-чырвона-белым сьцягам больш ня будзе тыраніі».

Уладзімер Шанцаў
Уладзімер Шанцаў

Віталь Васількоў не бярэцца адназначна сьцьвярджаць, як успрынялі магілёўцы замену сьцягоў, аднак заўважае: для той часткі грамадзтва, якую ён ведае, бел-чырвона-белы сьцяг над гарвыканкамам стаў сымбалем надзеі на іншае жыцьцё, хоць яно тады было цяжкім.

Бел-чырвона-белы сьцяг як знак адыходу савецкага дыктату

«Для нас, дэмакратычнай часткі магілёўцаў, замена сьцяга была вялікай падзеяй. Я асабіста быў перакананы, што гэта ўсё надоўга. Думаў, што савецкі дыктат адышоў у мінулае, і надыходзіць сьветлая беларуская будучыня», — кажа Васількоў.

20 верасьня 1991 году мелася адбыцца пасяджэньне гаспадарчага актыву гораду. Урачыстасьць зьмены сьцяга была прызначана на 12 гадзінаў дня. Пра яе паведамілі рэдакцыям газэт і тэлебачаньню.

Замена сьцягоў адбылася цывілізавана

«Тады кінуліся, а ў нас бел-чырвона-белага сьцяга вялікага памеру няма, — прызнае канфуз сытуацыі Віталь Васількоў.

«Ва ўнівэрмагу набылі вялікую белую прасьціну і кавалак чырвонага паркалю. Пабеглі ў атэлье. Там папрасілі загадчыцу, каб майстрыхі прафэсійна прышылі зь двух бакоў белыя кавалкі тканіны. Праз колькі часу сьцяг быў гатовы, адпрасаваны».

Будынак, над якім лунаў бел-чырвона-белы сьцяг
Будынак, над якім лунаў бел-чырвона-белы сьцяг

«Урачыстая замена сьцягоў адбылася цывілізавана. Мы так задумвалі, каб яна стала для гораду знакавай падзеяй. Ня тое, што цішком залезьлі ды хуценька памянялі сымбалі, — кажа Віталь Васількоў. — На пасяджэньні гаспадарчага актыву а 12-ай гадзіне быў перапынак. Вёў тую нараду старшыня гарсавету Сяргей Габрусеў. Ён запрасіў усіх удзельнікаў выйсьці на плошчу Леніна і паглядзець, як будзе адбывацца замена сьцягоў».

«Яны выйшлі, і мы вельмі тактоўна, дыпляматычна спусьцілі БССРаўскі сьцяг. Сьцяг адчэпліваў я. Другі яго канец сымбалічна трымаў вэтэран вайны Анатоль Станчанка. Ніхто сьцяг ня драў на шматкі для сувэніраў. Яго ахайна склалі. Узьнялі бел-чырвона-белы сьцяг бяз гімнаў і фанфараў. Гэта ўсё зафіксавана на фатаздымках. Бел-чырвона-белы сьцяг меўся адлічваць надыход новай эпохі», — адзначае Віталь Васількоў.

Першы бел-чырвона-белы сьцяг перадалі ў музэй

У ініцыятыўную групу па замене сьцягоў, акрамя Віталя Васількова, Уладзімера Шанцава, вэтэрана вайны Анатоля Станчанкі, уваходзілі кіраўнік абласной арганізацыі Беларускага Народнага Фронту Анатоль Фёдараў і яшчэ адзін дэпутат гарсавету Аляксандар Паўловіч. Фатограф Аляксандар Ліцін фатаграфаваў тое, што адбывалася на даху дзяржаўнага будынка.

У часы перадвыбарчых кампаніяў бел-чырвона-белыя сьцягі вяртаюцца ў Магілёў
У часы перадвыбарчых кампаніяў бел-чырвона-белыя сьцягі вяртаюцца ў Магілёў

«Першы бел-чырвона-белы сьцяг ня мог лунаць над Магілёвам доўга. Праз два дні яго замянілі, — дадаў Віталь Васількоў. — Той першы сьцяг і апошні БССРаўскі былі перададзеныя на захаваньне ў Магілёўскі краязнаўчы музэй як каштоўныя рэліквіі. Да жалю я ня ведаю, ці захоўваюцца яны дагэтуль у музэі».

Зь вяртаньнем нацыянальнага сьцягу скончыцца цемрашальства

Уладзімер Шанцаў згадвае, што ўспрыняў вяртаньне крыху падпраўленай БССР-аўскай сымболікі з смуткам.

«Мы ўсе ведалі, што рэфэрэндум 1995 году быў незаконным. Тады мне падавалася, што вяртаньне савецкай сымболікі — гэта ненадоўга. Да жалю, тагачасныя мае прадчуваньне ня спраўдзіліся. Над намі зноў умацавалі сьцяг, якому потым пачалі прыдумляць тлумачэньні. І новаму гербу таксама пачалі шукаць апраўданьні. Гэта ўсё было жахліва».

«На мінулай выбарчай кампаніі я стаяў пад бел-чырвона-белым сьцягам. І я спадзяюся, што і гэты сьцяг, і герб „Пагоня“ вернуцца. І, тое цемрашальства, якое абрынулася на нашу краіну, скончыцца», — цьвердзіць Уладзімер Шанцаў.

Трэба шыць бел-чырвона-белыя сьцягі

«Я ведаю, што бел-чырвона-белыя сьцягі ў нас мусяць быць пашытымі, — дадае Віталь Васількоў. — Трэба мець запас нашых сьцягоў, як і гербаў „Пагоня“, каб ня выйшла гэтак, як у нас у 1991 годзе. Бізнэсоўцам падкажу: надыдзе час, і „Пагоняў“ спатрэбіцца дужа шмат. Я перакананы, што і бел-чырвона-белы сьцяг, і „Пагоня“ вернуцца».

Перадвыбарчы пікет у Магілёве. Зьлева — Ўладзімер Шанцаў
Перадвыбарчы пікет у Магілёве. Зьлева — Ўладзімер Шанцаў

Віталь Васількоў са скрухай адзначае, што разам зь бел-чырвона-белым сьцягам на будынку Дома Саветаў гэтак і не ўсталявалі «Пагоню».

У экспазыцыях краязнаўчага музэю не ўдалося адшукаць перададзеных у 1991 годзе гарвыканкамам сьцягоў. Экспазыцыі, прысьвечанай найноўшай гісторыі Магілёва і вобласьці, у музэі няма. Яго супрацоўніца параіла з пытаньнем, ці захаваліся сьцягі, зьвярнуцца да навуковых супрацоўнікаў ці кіраўніцтва музэю.

Віталь Васількоў ужо вырабляе гербы «Пагоня»
Віталь Васількоў ужо вырабляе гербы «Пагоня»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG