Цырымонія адбылася перад пачаткам кансультацый у Менску зьнешнепалітычных ведамстваў Рэспублікі Беларусі і Каралеўства Швэцыі. Беларускі бок на кансультацыях прадстаўляла Алена Купчына, швэдзкі — генэральны дырэктар МЗС па палітычных пытаньнях Турб’ёрн Сульстрэм.
Марцін Обэрг быў прызначаны паслом Швэцыі ў Беларусі 30 красавіка сёлета. Да гэтага ён з ліпеня 2013 года працаваў у Менску на пасадзе часовага паверанага ў справах Швэцыі ў Беларусі.
Стасункі паміж дзьвюма краінамі абвастрыліся пасьля «плюшавага дэсанту» 4 ліпеня 2012 году. Некалькі грамадзянаў Швэцыі праляцелі на лёгкім самалёце ўглыб тэрыторыі Беларусі і скінулі з самалёта плюшавых мядзьведзікаў з надпісамі за свабоду слова ў Беларусі.
Пасольства Швэцыі ў Менску было зачыненае 30 жніўня 2012 году. Тады спыніла працу і пасольства Беларусі ў Стакгольме. Дыпляматычнаму канфлікту папярэднічала рашэньне беларускіх уладаў не працягваць акрэдытацыю швэдзкаму паслу Стэфану Эрыксану, якога абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасьці. У адказ швэдзкія ўлады заявілі, што ня прымуць новага пасла Беларусі, і параілі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм. Пасьля закрыцьця двух пасольстваў інтарэсы Швэцыі ў Менску прадстаўляла дыпляматычнае прадстаўніцтва Эстоніі, Беларусі ў Стакгольме — пасольства Латвіі.
Вясной 2013 году беларускі бок задаволіў просьбу швэдзкага боку і акрэдытаваў у Менску часовага паверанага ў справах Швэцыі ў Беларусі.
Разам з тым беларускае пасольства ў Стакгольме ўсё яшчэ не працуе.