Трыццацідзевяцігадовы гамяльчук, інжынэр па адукацыі і бацька дваіх дзяцей Зьміцер Шаўчэнка разьвівае незвычайнае мастацтва — драўляныя пазлы. У яго руках гэта ня толькі арыгінальныя цацкі, але й гісторыя Беларусі.
Творчай майстэрняй Зьміцеру служыць бацькоўскае лецішча. Там нараджаюцца яго драўляныя дзівосы —пазлы-вожыкі, лісы, козы, сямейкі слонікаў, сёе-тое з тэхнікі. А яшчэ — беларуская «Пагоня», Усяслаў-Чарадзей ў вобразе лоўкага і кемлівага ваўка ды шмат чаго іншага.
Як і чаму інжынэр-электрошчык па адукацыі, зьвярнуўся да такога «няпрофільнага» рамяства? Павыбачаўшыся за слабое валоданьне беларускай мовай, Шаўчэнка апавёў па-расейску: «У двух напрамках усё разьвівалася. Натуральна, у першую чаргу свае дзеці — хацелася зрабіць больш разнастайным іхняе разуменьне сьвету. Бо мы ж круцімся пераважна ў пластмасвым асяродку, не заўважаючы цуду прыроды — дрэва. Максымум — сутыкаемся з фанэрай, калі ходзім па крамах. Іншае. Раней я займаўся аптовым продажам, але, груба кажучы, з апошняга месца працы мяне папрасілі. Я спыніўся і з аптовым продажам, і з грамадзкай дзейнасьцю і вырашыў, што трэба зрабіць штосьці сваё, арыгінальнае».
Зьмітру прыглянулася дрэва:
«Жывы матэрыял, які, апрача таго, што дае радасьць пакупнікам, радуе й майстра, калі ён з дрэвам працуе. Найперш гэта бяроза. Зь ёю працаваць лёгка й прыемна, яна й недарагая. Дый энэргетыка ў бярозы станоўчая для дзіцячых цацак А яшчэ ясень, дуб — усё, што можна прыдбаць, што пад рукою. Але гэтыя пароды дрэва найперш для інтэр’ерных упрыгожваньняў».
Эскізы драўляных цацак-пазлаў часьцяком распрацоўвала для Зьмітра сястра Алена — гэта ў яе выдатна атрымліваецца. А выразаў іх Зьміцер на лобзікавым станку, апрацоўваў уручную, фарбаваў выключна алейнымі фарбамі — без аніякага лаку, бо лічыць яго ворагам дзіцячых цацак. Зьміцер згадвае, што на пачатку карыстаўся абрэзкамі дошчак з мэблевых прадпрыемстваў — прыватных і дзяржаўных. Цяпер спрэс бярэ дошкі патрэбнай таўшчыні з пэўнай пароды дрэва.
Першымі цаніцелямі цацак сталі ўласныя дзеці Зьмітра — Ганулька і Давід. А яшчэ дзятва з садочка, куды Зьміцер і жонкай Алай, лекарам па прафэсіі, вадзілі сына:
«Давіду было два гады — гэта самы такі пікавы ўзрост успрыняцьця пазлаў, калі дзеці, як гумка, убіраюць у сябе такія рэчы. І ён, пачаўшы з трох чатырох частак, літаральна за тры тыдні складваў пазлы з сарака частак. У сына ў садку было нават прозьвішча „прафэсар“. За ім не маглі ўгнацца ні выхавацелькі, ні нянечкі».
Шаўчэнка на пачатку меўся прапаноўваць свае цацкі дзіцячым садкам, але пасьля ад гэтай задумкі адмовіўся, паколькі пайшла рэалізацыя цацак праз інтэрнэт. Утварылася нават інтэрнэт-група з адрэсай: vk.com/derevko_by.
Людзі сталі ня толькі замаўляць цацкі, але й даваць свае прапановы. Прыкладам, сям’я сланоў, у якой трое малышнят.
Над пашырэньнем тэматыкі стаў больш думаць і сам Зьміцер, як ён кажа пра сябе, ліцьвін з украінскімі каранямі:
«Самай хадавой і самай асноўнай спачатку была афрыканская тэма — сланы, жырафы. Нашы беларусы, я нават на ведаю чаму, цягнуліся да такой паўднёвай экзотыкі. Зь мясцовых жывёлін надзвычай добра ўспрымаліся вожыкі. Але хацелася больш свайго, зь некай такой пэрлінай, зьвязанай з гісторыяй. Нарадзіліся „Пагоня“, „Воўк-Чарадзей“. „Пагоня“ карыстаецца добрым попытам, а „Воўк“, то бок Усяслаў-Чарадзей, крыху менш, бо не для ўсіх беларусаў гэта сымбаль, ня ўсе ведаюць тэму».
Цацку-пазл «Пагоня» Зьміцер вырашыў зрабіць сам. Тры гады таму ён быў адным з актыўных распаўсюднікаў улётак «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» з нацыянай сымболікай, за што тройчы трапляў за краты. Іншыя беларускія гістарычныя пэрсанажы й сюжэты падказвалі сябры й паплечнікі: «Ідэя з пагоняй нарадзілася канкрэтна ў мяне. А ўвогуле мне дапамагаюць двое мастакоў: мая сястра Алена і Марыся Тульжанкова з „Талакі“. Гэта Марысі ідэя і ўвасабленьне Ўсяслава-Чарадзея».
Цяпер Зьміцер падумвае над тэматычнай сэрыяй драўляных цацак-пазлаў:
«Была такая задумка рабіць у выглядзе пазлаў старадаўнія замкі: Мірскі замак, Гомельскі палац — маецца эскіз апошняга. Але ўсё яшчэ пакуль рукі не даходзяць. Ну й думаю працягваць жывёльную тэматыку. Апрача вожыкаў, і буслы, і зубры».
Зрэшты, ад вожыкаў майстра таксама не адмаўляецца, бо варыянтаў існуе мноства. Чаго толькі вартыя беларуска-ўкраінскія вожыкі: стыльна, ярка — і надзвычай надзённа!