(Дракахруст: ) “Сп. Фядута, пасьля арышту ў 1997 годзе Тамары Віньнікавай і Васіля Лявонава Галіна Жураўкова стала першай асобай з найбліжэйшага атачэньня кіраўніка дзяржавы, якая са свойго службовага кабінэту патрапіла адразу ж за краты. Яе папярэднік Іван Ціцянкоў сышоў ціха, летась звольнены прэм’ер-міністар Генадзь Навіцкі апынуўся не ў турме, а на пасадзе старшыні Савету Рэспублікі, рэктара БДУ Аляксандра Казуліна толькі папужалі крамінальнай справай. А Жураўкова сядзіць у сьледчым ізалятары. Чаму?”
(Фядута: ) “Зараз мы апынуліся ў прынцыпова новай сытуацыі дзяржаўнага кіраваньня. Раней рашэньні абмяркоўваліся і прымаліся вузкім колам паплечнікаў Лукашэнкі, дзе адзін ураўнаважваў іншага і ўсім ім прэзыдэнт быў у той ці іншай ступені абавязаны. Зараз можна казаць пра тое, што дамінуе пэўная ўладная групоўка, пэўны ўладны клян, тварам якога зьяўляецца старшыня камітэту дзяржкантролю генэрал Анатоль Тозік. Гэта ў асноўным людзі зь сілавых структураў. Летась Галіна Жураўкова ледзь не была адхіленая ад ўлады, але здолела прарвацца да прэзыдэнта і атрымаць пэўныя гарантыі бясьпекі. Яе тады аднавілі на пасадзе, ад якой яна была адхіленая, хаця ўказ і ня быў падпісаны. Зараз дакумэнты, прапанаваныя генэраламі Тозікам і Ерыным, аказаліся такімі, што Лукашэнка быў вымушаны адхіліць яе. У адваротным выпадку адбыўся б скандал. Зразумела, што ўцечка гэтай інфармацыі на старонкі газэтаў магла сур'ёзна скампрамэтаваць і самога прэзыдэнта”.
(Дракахруст: ) “Вы кажаце пра клян Тозіка. А да якога кляну, паводле Вашых зьвестак, належыла спн. Жураўкова? Ці скажам так – хто, акрамя, зразумела, яе самой, прайграў зь яе арыштам?”
(Фядута: ) “Хадзілі чуткі, што спн. Жураўкова апошнім часам спрабавала знайсьці кантакт зь Віктарам Шэйманам, бачучы ў ім натуральнага абаронцу. Невыпадкова, што справай Жураўковай займалася КДБ, а не пракуратура, якая да апошняга часу лічылася галоўным органам, які спэцыялізаваўся на такіх справах”.
(Дракахруст: ) “Былы супрацоўнік адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі, камэнтуючы для нашага радыё справу Жураўковай, казаў, што Лукашэнка стаў ці не закладнікам сілавікоў. Вы згодны з гэтай ацэнкай? Ён жа любога зь іх можа зьняць з пасады ў любы момант, як гэта ў свой час было, скажам, з кіраўніком КДБ Ўладзімерам Мацкевічам”.
(Фядута: ) “Другой адстаўкі Мацкевіча адбыцца ня можа. Усе сілавікі пераканаліся, што адстаўка раўназначная палітычнай гібелі. І яны будуць абараняцца. І старшыня КДБ, і старшыня КДК маюць дастаткова інфармацыі, каб абараніцца ў падобных выпадках. Лукашэнка падпісаў сабе, скажам так, прысуд на палітычную самоту, калі адправіў у адстаўку Міхаіла Мясьніковіча з пасады кіраўніка адміністрацыі. Наяўнасьць у атачэньні сілавікоў цывільнага чыноўніка з кваліфікацыяй Мясьніковіча дазваляла яму спадзявацца на тое, што ёнг мае доступ да альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі. Зараз ён цалкам залежыць ад інфармацыі, якія пастаўляюць яму цяперашнія і былыя супрацоўнікі КДБ.
Лукашэнка ня мае альтэрнатываў пры прыняцьці рашэньняў. Мы можам казаць пра зьяўленьне асобы рэгента. Чыноўнікі гавораць, што Ўрал Латыпаў фактычна зьяўляецца рэгентам, бо ён вызначае, які інфармацыйны паток ідзе да кіраўніка дзяржавы”.
(Дракахруст: ) “Сп. Фядута, раней Вы казалі пра дамінуючы клян Анатоля Тозіка, зараз гаворыце, што кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрал Латыпаў стаў ці не рэгентам. Як суадносяцца пазыцыі гэтых двух асобаў у атачэньні кіраўніка дзяржавы?”
(Фядута: ) “Я мяркую, што паміж імі існуе пэўны пакт аб ненападзе. Як былыя калегі, яны выдатна ведаюць адзін аднаго, адчуваюць адзін аднаго. Іх інтарэсы пакуль супадаюць, яны супалі ў справе Жураўковай, яны ў пэўнай ступені супалі ў барацьбе з атачэньнем Ўладзімера Канаплёва. Я мяркую, што яны ў пэўнай ступені супадаюць у іх стаўленьні да Віктара Шэймана”.