Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Эўракамісіі абвясьціла заканчэньне эры расейскіх нафты і газу ў Эўропе


Уршуля фон дэр Ляен падчас выступу ў Эўрапарлямэнце 7 траўня 2025 году
Уршуля фон дэр Ляен падчас выступу ў Эўрапарлямэнце 7 траўня 2025 году

Эра расейскіх выкапнёвых энэрганосьбітаў у Эўропе «блізкая да канца», заявіла кіраўніца Эўрапейскай канфэрэнцыі Уршуля фон дэр Ляен, адкрываючы дэбаты наконт справядлівага міру для Ўкраіны ў Эўрапарлямэнце 7 траўня.

Адмову ад расейскага выкапнёвага паліва кіраўніца Эўракамісіі назвала адным з трох важных момантаў для дасягненьня трывалага міру ва Ўкраіне, паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Яна адзначыла, што да поўнамаштабнага ўварваньня краіны ЭЗ плацілі Расеі за энэрганосьбіты 12 мільярдаў на месяц. Цяпер гэтая сума складае 1,8 мільярда. Імпарт газу з Расеі зьнізіўся з 45 да 13%. Імпарт нафты скараціўся ўдзесяцёра.

«Хтосьці скажа, што нам варта зноў „адкрыць кран“ для расейскага газу і нафты», — заўважыла прэзыдэнтка Эўракамісіі, пэўна, маючы на ўвазе Славаччыну і Вугоршчыну, якія чыняць супраціў адмове ад расейскіх энэрганосьбітаў.

Яна выказала перакананьне, што такое рашэньне было б гістарычнай памылкай, і Эўразьвяз гэтага не дапусьціць:

«Расея неаднаразова даводзіла, што ня ёсьць надзейным пастаўшчыком. Пуцін ужо прыпыняў пастаўкі газу ў Эўропу ў 2006, 2009, 2014, 2021 гадах і цягам вайны. Колькі яшчэ патрэбна разоў, каб зрабіць высновы? Залежнасьць ад Расеі шкодзіць ня толькі нашай бясьпецы, а і нашай эканоміцы. Нашыя энэргетычныя цэны ня могуць вызначацца варожым суседам».

Уршуля фон дэр Ляен таксама падзякавала Злучаным Штатам за пастаўкі звадкаванага газу на пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

«Дзякуючы партнэрам мы зьменшылі залежнасьць ад Расеі. Прыгадайма: мы памятаем, як ЗША неадкладна прыйшлі на дапамогу з звадкаваным прыродным газам падчас крызісу», — сказала яна.

Разам з тым у Эўразьвязе ёсьць заклапочанасьць тым, што ўжо больш як палову звадкаванага газу блёк купляе менавіта ў ЗША, што не адпавядае палітыцы дывэрсыфікацыі пастаўшчыкоў.

Напярэдадні Эўракамісія прадставіла плян, які дазволіць разрываць ужо падпісаныя з Расеяй газавыя кантракты, каб пазбавіцца залежнасьці ад расейскага паліва да 2027 году. Калі плян будзе прыняты, рашэньне пра забарону купляць расейскі газ і нафту будзе прымацца большасьцю галасоў краін-удзельніц, а значыць, на яго ня змогуць накласьці вэта Вугоршчына і Славаччына.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG