Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея больш саюзьнікам крэдытаў не дае


У 2013 годзе Расея не плянуе выдаваць наўпроставыя крэдыты краінам, якія ўваходзяць у ЭўрАзЭС.

Пра гэта сёньня паведамляюць агенцтвы са спасылкай на Андрэя Мацьвеева — прэсавага сакратара міністра фінансаў Расейскай Фэдэрацыі. Ён сказаў, што на крэдыты можна разьлічваць толькі праз Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС.

Эканамічны аналітык Сяргей Чалы з гэтай нагоды сказаў «Свабодзе»:

«Расея стварыла Антыкрызісны фонд як уласны Міжнародны валютны фонд. Маскве вельмі хочацца кіраваць, імітаваць міжнародную дзейнасьць. Таму створаны Мытны зьвяз як свая Ўсясьветная гандлёвая арганізацыя, Эўразійскі зьвяз — як свой Эўразьвяз.

Так і тут — падабаецца, каб зьвярталіся не непасрэдна да Расеі, а нібыта ў міжнародную структуру — Антыкрызісны фонд. Хоць усім цудоўна вядома, што праблему крэдытаў вырашае Расея. Там такое вызначэньне квотаў, што галоўнае слова выключна за Масквой».

На мінулым тыдні Антыкрызісны фонд вырашыў выдаць Беларусі чацьвёрты транш у памеры 440 мільёнаў даляраў. А сёньня першы намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Беларусі Мікалай Лузгін паведаміў, што Беларусь пачала працу па атрыманьні чарговага, пятага траншу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG