Рэгіянальныя структуры руху «Маладая Беларусь» падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве з рэгіянальнай структурай польскіх «Маладых дэмакратаў». Ад беларускага боку пагадненьне падпісалі кіраўнікі менскай гарадзкой і менскай абласной арганізацый «Маладой Беларусі» Валеры Саковіч і Антон Русін, ад польскага — кіраўнік рэгіянальнага Апольскага (горад Opole) аддзяленьня «Маладых дэмакратаў» Мацей Концяк.
Паводле пагадненьня, рэгіянальныя структуры плянуюць зладзіць супрацоўніцтва ў сфэры абмену вопытам агітацыйнай працы і назіраньня за выбарамі. Таксама была дасягнутая дамоўленасьць аб візыце польскіх «Маладых дэмакратаў» у Беларусь у жніўні, дзе яны плянуюць узяць удзел у акцыі салідарнасьці 16 жніўня.
Прадстаўнікі «Маладой Беларусі» разам з прадстаўнікамі іншых беларускіх моладзевых структураў («Малады фронт», «Маладыя дэмакраты», «Правы альянс» ды іншыя) бралі ўдзел у апошнім этапе агітацыйнай перадвыбарчай кампаніі партыі «Грамадзянская плятформа».
Удзельнікі зь беларускага боку правялі шэраг сустрэчаў з польскімі палітыкамі, у тым ліку прайшла сустрэча з кандыдатам у прэзыдэнты Польшчы Браніславам Камароўскім.