Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апальны рэктар БДМУ: “Аспрэчваць звальненьне ня мае сэнсу”


Павал Беспальчук
Павал Беспальчук

Экс-рэктар Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Павал Беспальчук, зь якім Міністэрства аховы здароўя не працягнула працоўны кантракт, у інтэрвію Радыё Свабода паведаміў, што не зьбіраецца аспрэчваць фактычнае звальненьне.

Прычынай адмовы ад паслугаў дасьведчанага навукоўца, як лічаць назіральнікі, стаў ягоны крытычны артыкул у газэце “Вестник БГМУ” 9 лістапада. У матэрыяле “У тэрмін да 31 лістапада” узьнятая праблема падрыхтоўкі кадраў і разьмеркаваньня выпускнікоў гэтай мэдычнай ўстановы:

“Думак такіх няма. А які сэнс аспрэчваць? Тым больш, што ўсё было прадвызначана яшчэ 2 лютага 2009 года Калегіяй камітэту аховы здароўя”.

Карэспандэнт: “Паказальна, што на сайце ўнівэрсытэту Ваша прозьвішча па-ранейшаму пазначанае як “рэктар”.

“Ну, туды я ўжо не ўвахожы, таму ўрэшце зьменяць. Справа ў тым, што там пакуль няма рэктара, абавязкі выконвае прафэсар Дзянісаў, а каго ўрэшце прызначаць – гэта пакуль што наўрад ці хто ведае”.

Карэспандэнт: “Стаўленьне да Вас з боку студэнтаў, выкладчыкаў як Вы адчуваеце, зьмянілася?”

“Канечне, стаўленьне ранейшае. Я і сёньня заняткі праводзіў са студэнтамі, студэнты у нас нармальныя і зь імі адносіны з усімі добрыя”.

На пасадзе рэктара кандыдат мэдычных навук Павал Беспальчук адпрацаваў 12 гадоў і вымушаны быў пайсьці ў адстаўку, не дасягнуўшы нават пэнсійнага ўзросту. Ня гледзячы на страту рэктарскага крэсла, Беспальчук працягвае працу на катэдры траўматалёгіі і артапэдыі ўнівэрсытэту на базе 6-га клінічнага шпіталя Менска. Ён – бясспрэчны аўтарытэт у галіне хірургіі кісьці рук.
Дарэчы, днямі Павел Беспальчук атрымаў на рукі зь Міністэрства аховы здароўя працоўную кніжку. І быў непрыемна ўражаны апошнімі запісамі на свой адрас. Па яго словах, усялякія запісы закансэрваваліся з пачаткам новага тысячагодзьдзя:

“Мне было вельмі цікава атрымаць сваю працоўную кніжку ў Міністэрстве аховы здароўя. У ёй чамусьці вынесеная апошняя падзяка за арганізацыю ўдзелу студэнтаў у нейкіх раённых мерапрыемствах – запіс №54 ад 2000 году. А пасьля – тлустая рыса, подпіс і пячатка, што на гэтым усё завершана і ад 2000 году ніяк і нічым не заахвочваўся. То бок гэта, як і ўсё, выкладзенае ў артыкуле, лішняя дэманстрацыя працы той установы, якая нас курыравала. У мяне ёсьць Ордэн пашаны, атрыманы з рук прэзыдэнта Беларусі, ёсьць і ганаровыя граматы апошніх гадоў, падпісаныя Сяргеем Сідорскім, і граматы Нацыянальнага сходу маса прафсаюзных заахвочваньняў і мэдалёў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG