Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ксяндза судзяць за “недаўзгоднены” крыж


Віталь Мышона
Віталь Мышона
Сёньня ў Лельчыцкім раённым судзе распачата слуханьне адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да пробашча парафіі Найсьвяцейшага Сэрца Езуса й Маці Божай Фацімскай ксяндза Віталя Мышоны. Яго абвінавачваюць у тым, што, усталёўваючы крыж на ўезьдзе ў горад, ён парушыў інструкцыі чыноўнікаў.

Накіроўваючыся ў суд, ксёндз Віталь дакладна ня ведаў, якія прэтэнзіі выстаўляюць да яго мясцовыя чыноўнікі:

“Я атрымаў позву ў суд, але там нават не сказана, па якой справе. На гэта зьвярнуў увагу мой адвакат. 24 сьнежня я атрымаў папярэджаньне з райвыканкаму за тое, што ня даў заявы бацькоў і сьпіс дзяцей, якія ходзяць да мяне на рэлігію — лекцыі, на якіх я тлумачу дзецям катэхізіс. Да мяне прыходзілі з ідэалягічнага аддзелу й патрабавалі.

Ня ведаю дакладна, ці ў гэтай справе, ці, можа, у справе крыжа выклікаюць у суд. Да нас прыходзілі з геадэзічнай службы і патрабавалі, каб мы напісалі заяву на выдзяленьне зямлі пад крыж, які ўжо стаіць“.

У судзе высьветлілася, што прэтэнзіі да ксяндза маюць раённыя архітэктары.

І менавіта з-за крыжа, усталяванага летась у гонар сьвятога Канстанціна пры ўезьдзе ў Лельчыцы.

Былы раённы архітэктар Вячаслаў Асіпенка, які зараз служыць у войску, палічыў, што ксёндз зь вернікамі нібыта ўсталяваў крыж самавольна. Архітэктар патрабаваў яшчэ да 28 сьнежня ўзгадніць плян-схему, як сказана ў папярэджаньні, “дадзенай канструкцыі з усімі зацікаўленымі службамі”. Менавіта — з энэргетыкамі, камунальнікамі, аддзелам будаўніцтва й архітэктуры. Узгадніць трэба й “плян добраўпарадкаваньня зямельнага ўчастку і вышыню дадзенай канструкцыі”. Крыж, згодна з архітэктарам, наагул трэба “пераўстанавіць”.

Айцец Віталь не пагаджаецца з такімі прэтэнзіямі:

“Мы гэтых іхніх вымаганьняў не выконвалі, бо маем дакумэнт, у якім гаворыцца, з кім мы павінны былі ўзгадняць. Райвыканкам не патрабаваў узгадняць ні з архітэктарам, ні з геадэзіяй, а толькі з дарожнай службай — ДЭУ і ДАІ. Нам гэтыя службы паказалі месца, мы там крыж і паставілі”.

Чарговае паседжаньне па справе судзьдзя Бялоцкі прызначыў на 11 лютага, бо ў суд сёньня не зьявіўся выканаўца абавязкаў раённага архітэктара Віктар Юніцкі, які падтрымлівае пазоў і выступае адначасова як сьведка ў адміністрацыйнай справе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG