Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэстаўрацыя Аўгустоўскага каналу – карысьць ці шкода?


Вячаслаў Кулік, Пінск У адпаведнасьці з распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі распачынаецца аднаўленьне шэрагу водных каналаў з мэтай прыцягненьня ў краіну большай колькасьці замежных турыстаў. Першыя мэліярацыйныя працы мусяць распачацца на паўднёвым Палесьсі, дзе месьціцца Аўгустоўскі канал. Сёлета гэтаму помніку гідратэхнічнага будаўніцтва спаўняецца 200 гадоў. Праектны інстытут у Пінску ўжо атрымаў заданьне распрацаваць неабходныя фінансавыя дакумэнты.

У Беларусі яшчэ не было досьведу, каб мэліяратары адшуквалі ваду для асушаных раней мясьцінаў. У 1960-я гады гэтак званыя “першапраходцы Палесься” ўзарвалі ўсе 10 шлюзаў на Агінскім канале і тым самым абязводзілі яго, а таксама паплавы ў навакольлі. Прафэсійны эколяг Аляксей Дуброўскі называе гэта злачынствам у адносінах да прыроды:

(Дуброўскі: ) “Непапраўна разбурылі канал – яго ўнікальныя гідратэхнічныя канструкцыі. Ён зарос травою і хмызьняком, тут зараз няма вады нават па калена. І дзе браць гэтую ваду, калі ўсё наўкола асушана?”

Пабудаваны ў 18-м стагодзьдзі праз фундуш гетмана Вялікага Княства Літоўскага Міхала Казімера Агінскага, канал злучаў водныя басэйны Дняпра й Нёмана. Ён быў суднаходным рукавом на шляху “з варагаў у грэкі”, з Балтыйскага мора ў Чорнае. Зараз на канале магчымы толькі “экстрэмальны турызм”, як пра тое распавядае жыхарка вёскі Целяханы Сьвятлана Крэк:

(Крэк: ) “Гэтым летам паляк з двума сваімі сынамі спрабаваў на байдарцы пераадолець гэты водны шлях. Дзе яго крыху перавезьлі на машыне, дзе прайшлі…”

На канале, у якім нават гусі пешкі гуляюць, плянуецца пабудаваць 10 шлюзаў, 4 масты, 5 помпавых станцыяў і колькі гідравузлоў. Папярэдні кошт гэтага аб’екту мэліярацыі – 50 мільярдаў рублёў.

(Дуброўскі: ) “Я лічу, што ў плянах рэканструкцыі пахне авантураю. У Беларусі зноў ствараецца лобі, каб зарабіць грошы”.

Апанэнтам Аляксея Дуброўскага мог быць, напрыклад, Уладзімер Пякун – кіраўнік групы праектантаў па Агінскаму каналу. Аднак і ў гэтага адмыслоўцы ёсьць непаразуменьне што да спрыту чыноўнікаў выконваць тэзу Лукашэнкі пра разьвіцьцё воднага турызму на Палесьсі.

(Пякун: ) “Я б не сьпяшаўся. Можна нават таму ж прэзыдэнту давесьці, што гэта вельмі маштабная праца, каб затым не прамахнуцца”.

Калі ўсё ж такі мэліяратары атрымаюць загад на працу, то рыцца ў зямлі ім давядзецца на поймах Выганашчанскай гідралягічнай нерушы. Пацерпіць і рака Шчара. А найбольш страціць сам Агінскі канал. Ён пакуль усім цікавы як помнік першага гідрабудаўніцтва. А можа апынуцца, як Сьвіслач у Менску – у палоне берагоў з бэтону.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG