Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскія раёны Гомельшчыны церпяць ад нашэсьцяў дзікоў


Радыё Свабода У чарнобыльскіх раёнах Гомельскай вобласьці вялікую шкоду сельскай гаспадарцы наносяць дзікі ды ваўкі. Іх папуляцыі значна павялічыліся ў суседнім Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалягічным запаведніку. Пераважна адсюль дзікія жывёлы і робяць нашэсьці на палеткі ды фэрмы, што прылягаюць да запаведніка. Сёлета ў паўднёвых раёнах Гомельшчыны, паводле зьвестак сельгасорганаў, статкі дзікоў зьнішчылі каля трох тысячаў гектараў пасеваў кукурузы, аўсу ды іншых культураў. Памер шкоды наблізіўся да 900 мільёнаў рублёў.

Асабліва вялікую шкоду пасевам нанесьлі дзікі ў Брагінскім раёне. Распавядае дырэктар саўгаса “Камарынскі” Рыгор Анапрыенка:

(Анапрыенка: ) “Дзікі, дзікі прыходзяць і ядуць усё, што бачаць. А чаго ня бачаць, дык рыюць. Кукурузу зьнішчаюць, зернебабовыя сумесі, авёс. Вельмі шмат наносяць шкоды”.

Церпяць ад нашэсьцяў дзікоў у першую чаргу гаспадаркі, чые палеткі мяжуюць з радыяцыйна-экалягічным запаведнікам.

Аграном сельгаспрадпрыемства “Краснае” спадар Яфіменка расказаў, што ў іхняй гаспадарцы, каб напалохаць дзікоў, на ўскрайку поля разводзяць нават вогнішчы са старых аўташын, але ўсё марна.

(Яфіменка: ) “Езьдзім, палохаем, пакрышкі палім – нічога не дапамагае”.

Начальнік Брагінскага райсельгасхарчу Валянцін Хмелянок назваў агульныя лічбы шкоды, нанесеныя сельскай гаспадарцы дзікімі жывёламі:

(Хмелянок: ) “Кукурузы ў раёне пашкоджана 1354 гектары, збожжавых культур – 1291 гектар. У сярэднім пасевы ў гаспадарках зьнішчаны на 20-50 працэнтаў, на асобных участках – да 90 працэнтаў. Калі браць пад увагу сярэднюю ўраджайнасьць, то шкода ад зьнішчэньня кукурузы склала 320 мільёнаў, збожжавых – 133 мільёны рублёў ”, – паведаміў кіраўнік Брагінскага райсельгасхарчу.

У Нараўлянскім раёне статкі дзікоў сапсавалі звыш 1 тысячы гектараў пасеваў кукурузы, збожжавых культур, шматгадовых траў. У іх ліку – каля 10 гектараў бульбы і буракоў. Надзвычай шмат шкоды дзікі нанесьлі саўгасам “Брацтва” і “Кіраўскае”.

Галоўны аграном райсельгасхарчу Вольга Пархомава:

(Пархомава: ) “Такія ходзяць статкі – па 50-70 галоў. Не пасьпяваюць гэтых дзікоў адстрэльваць”.

Адстрэльваць – гучна сказана. За сэзон у чарнобыльскіх раёнах адстрэльваюць у лепшым выпадку 4-5 дзікоў. Паляваньне, як сьцьвярджаюць аматары, цяпер вельмі дарагі занятак. Дорага каштуюць ліцэнзіі. Надзвычай рэглямэнтаваны дні, калі можна паляваць. Да таго ж, мяса дзікоў моцна зараджана радыяцыяй. Застрэленых дзікоў проста закопваюць. Ваўкі таксама не даюць спакою –рэжуць калгасных і свойскіх цялят.

Камчарнобыль, у сваю чаргу, не рэгулюе належным чынам колькасьць дзікіх жывёл у радыяцыйным запаведніку. Адсюль дзікі і распачынаюць свае апусташальныя нашэсьці на палеткі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG