Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WiFi у Менску пакуль бясплатны


Алесь Дашчынскі, Менск У Менску запрацавала новая паслуга – бяздротавы доступ ў інтэрнэт, так званая сыстэма WiFi. Пакуль “Белтэлекам” дае магчымасьць карыстацца ёй бясплатна і вывучае попыт. Якія перавагі мае WiFi параўнальна са звычайным хатнім інтэрнэтам?

“Белтэлекам” вызначыў 20 кропак, дзе WiFi падаецца бясплатна: чыгуначны вакзал, гатэлі “Мінск”, “Беларусь”, “Юбілейная”, “Арбіта”, кінатэатар “Цэнтральны”, кавярня “Спадчына”, клюб “Ізюм”, аэрапорт “Менск-2”, дзяржаўны каледж сувязі ды іншыя. Дзеля таго, каб зайсьці ў інтэрнэт, неабходна толькі мець з сабой ноўтбук ці пэўны мабільны тэлефон. Аднак, пакуль што WiFi працуе дзеля вывучэньня попыту і, магчыма, ад сярэдзіны кастрычніка стане платным. Начальнік прэс-службы кампаніі “Белтэлекам” Аляксей Федарэнчык патлумачыў:

“Пачнецца камэрцыйная эксплюатацыя. І доступ ў асноўным можа ажыцьцяўляцца двума спосабамі – бясплатна альбо з дапамогай карткі. Бясплатна, калі нейкі аб’ект, дзе ўстаноўлена кропка, пагодзіцца разьлічвацца за той трафік, які зрабілі абанэнты.

Другі варыянт – гэта карткі. “Белтэлекам” плянуе, што яны будуць з памэгабайтным улікам. Кошт мэгабайту – як на тарыфных плянах BYFLY, рублёў 50-60. За зьмест, той трафік, які вы скачалі, вы яго і аплаціце”.

“На бясплатны WiFi заходзіць шмат людзей, таму праблема выйсьці ў інтэрнэт у будзённыя дні”

Студэнты выдатна ведаюць, дзе можна падключыцца да інтэрнэту праз WiFi. Абавязкова ў кавярні на трэцім паверсе альбо ў залі чаканьня чыгуначнага вакзалу некалькі чалавек з ноўтбукамі карыстаюцца бясплатным доступам у інтэрнэт. Іншы раз яны скардзяцца на збоі ў доступе і маруднасьць. Гутару з навучэнцам каледжа Русланам:

Карэспандэнт: “Вы часта прыходзіце сюды пакарыстацца WiFi?”

Руслан: “Так, канечне, вельмі часта. Гэта ж бясплатна. Скачаць рэфэраты ці пабачыць навіны”.

Карэспандэнт: “Чым гэта адрозьніваецца ад інтэрнэт-клюба ці кавярні?”

Руслан: “Там трэба плаціць за доступ. І там ёсьць сайты, на якія хадзіць нельга. А праз WiFi можна рабіць усё, што хочаш”.

Карэспандэнт: “Ці дастаткова разьвітая ў Менску сыстэма WiFi?”

Руслан: “Кропак многа, але ўсё гэта ў стадыі тэсту. Калі прайсьціся з ноўтбукам па Менску і як бы лавіць кропкі, то амаль кожная фірма адчыняе кропку WiFi для сваёй фірмы, унутры будынка”.

Карэспандэнт: “Для сваіх карыстальнікаў, але, відаць, ёсьць сэнс адчыняць іх у такіх публічных месцах?”

Руслан: “Так. Яшчэ ў тым праблема, што калі бясплатна, то многа людзей заходзіць на WiFi і таму праблема ў тым, каб выйсьці ў інтэрнэт у будзённыя дні. Вельмі папулярна стала”.

Ліцэнзія для прыватных правайдэраў WiFi каштуе 100 эўра

Студэнт Аляксандар:

“Вельмі зручна тут і ў іншых месцах Менску. Гэта вельмі клясна. Я вучуся, напрыклад, ва ўнівэрсытэце, і паміж парамі ў мяне ёсьць час, калі мне трэба нешта знайсьці ў інтэрнэце хутка, і я магу падыйсьці да гатэлю “Менск” і пакарыстацца”.

Карэспандэнт: “Як вы лічыце, дарагі ў Беларусі інтэрнэт?”

Аляксандар: “Калі параўноўваць з заходнімі краінамі, то, канечне, дарагі. Для студэнта гэта дорага. Калі ён сам будзе зарабляць на інтэрнэт сабе, то гэта складана”.

Як будзе далей разьвівацца WiFi у Беларусі, пакуль сказаць складана. Да прыкладу, у кавярні гандлёвага цэнтру “Сталіца” гэтую паслугу пакуль зачынілі. Тлумачыць прычыны не захацелі. Аднак раней наведнікам дазвалялі працаваць бясплатна паўгадзіны.

Пакуль што манаполію на гэтую паслугу трымае дзяржаўная прадпрыемства “Белтэлекам”. Прыватным правайдэрам неабходна набыць ліцэнзію. Аляксей Федарэнчык патлумачыў:

“Калі яны пачынаюць прадстаўляць як паслугу, то ў іх на гэта мусіць быць ліцэнзія на паслугі перадачы дадзеных. Такое заканадаўства, так прыняло Міністэрства сувязі і інфарматызацыі”.

У Міністэрстве сказалі, што ліцэнзія каштуе 100 эўра.

“Кантроль за інтэрнэтам застаецца ў дзяржавы”

Чаму WiFi у Беларусі яшчэ толькі пачынаецца? Адмыслоўца ў інтэрнэт-тэхналёгіях Юрась Сідун сказаў:

“Гэта агулам зьвязана з узроўнем разьвіцьця ў Беларусі інтэрнэта. І з пэўнай асьцярожнасьцю з боку ўладаў, якія даюць дазвол на такія рэчы, на займаньне нейкага частотнага рэсурсу.

Усё адно доступ да сайтаў адбываецца праз адзіны зьнешні канал, які кантралюе “Белтэлекам”. І WiFi – гэта як проста сродак доступу да гэтага зьнешняга каналу. Усё адно кантроль за інтэрнэтам застаецца ў дзяржавы”.

На здымках: найбольш актыўныя карыстальнікі бясплатным WiFi - моладзь

Карыстальнікі пакуль бясплатнай паслугай WiFi (бяздротавым інтэрнэтам), Менск

Карыстальнікі пакуль бясплатнай паслугай WiFi (бяздротавым інтэрнэтам), Менск

Карыстальнікі пакуль бясплатнай паслугай WiFi (бяздротавым інтэрнэтам), Менск

Карыстальнікі пакуль бясплатнай паслугай WiFi (бяздротавым інтэрнэтам), Менск

Карыстальнікі пакуль бясплатнай паслугай WiFi (бяздротавым інтэрнэтам), Менск

Які рэзон зачыняць інтэрнэт-крамы?, 26.09.2007 Інтэрнэт-межы ў Беларусі могуць істотна звузіцца, 2.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG