Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня юбілеі ў “Маладога фронту” і БРСМ


Уладзімер Глод, Менск У верасьні адразу дзьве моладзевыя арганізацыі Беларусі адзначаюць свае юбілеі: роўна 10 гадоў таму ў Менску прайшоў устаноўчы сойм “Маладога фронту” --> http://www.mfront.net/ , а 5 гадоў таму ўтварыўся БРСМ --> http://brsm.by/ru/news/main/ – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Ці ёсьць у гэтых арганізацыяў нешта агульнае? І чым яны адрозьніваюцца?

“Агульнае ў тым, што абедзьве арганізацыі займаюцца моладзьдзю, – кажа адзін са стваральнікаў “Маладога фронту” Павел Севярынец. – На гэтым, бадай што, падабенства і заканчваецца. Таму што асновы працы “Маладога фронту” гэта – вера ў Бога, любоў да Бацькаўшчыны, свабода, праўда і справядлівасьць.

Ідэалягічныя асновы БРСМ (так, як ён дзейнічае) гэта – пакупка моладзі празь ільготы, абарона рэжыму, які зьнішчае ўсё беларускае. Таму гэта ідэалягічныя супраціўнікі.

Але калі “Малады фронт” можна назваць моладзевым рухам, дык БРСМ – гэта дзяржаўная структура. А прынцып моладзевай палітыкі ва ўсім сьвеце аднолькавы: чым больш самастойная моладзевая арганізацыя, тым больш яна эфэктыўная. БРСМ – прыдатак дзяржаўнай машыны, і таму ён ня можа быць эфэктыўным менавіта як моладзевая арганізацыя. Колькі б соцень тысяч моладзі туды фармальна ні запісалі, БРСМ будзе менш эфэктыўным за “Малады фронт”, у якім цяпер тысяча ці паўтары тысячы маладых людзей”.

Першы сакратар Цэнтральнага камітэту БРСМ Леанід Кавалёў у сваю чаргу згадвае, што першапачаткова колькасьць сяброў арганізацыі складала прыблізна 30 тысячаў чалавек. Цяпер іх больш за 400 тысячаў. “Ніякім адміністрацыйным рэсурсам, за што нас лаялі, або іншымі мэтадамі сёньня нельга прымусіць маладога чалавека ўступіць у тую ці іншую арганізацыю безь ягонага жаданьня,” – адзначае спадар Кавалёў. А вось ягоны адказ на пытаньне, у чым розьніца паміж БРСМ і “Маладым фронтам”:

“Розьніца адна – мы канструктыўна будуем сваю краіну. Магу сказаць нават так: гадуем моладзь у канструктыўным напрамку. А “Малады фронт”, як мне здаецца, робіць наадварот. Я лічу, што павінна быць разуменьне канструктыўнасьці ў любой грамадзкай моладзевай арганізацыі. І калі мы будуем сваю маладую краіну, сваю Беларусь разам з моладзьдзю, гэта добра, гэта правільна”.

Павал Красоўскі з Жодзіна ў “Маладым Фронце” ад 1999 году. Ён гаворыць, што за гэты час разам з таварышамі зроблена шмат розных менавіта канструктыўных і карысных справаў. Павал распавядае пра апошнюю, наладжаную разам са смалявіцкімі маладафронтаўцамі:

“Мы правялі экалягічную акцыю прыборкі рэчкі Пліса, якая цячэ праз Смалявічы і Жодзіна. Сем дзён працавалі, некалькі тон сьмецьця вынесьлі. Акцыя праходзіла з прадстаўніцтвам інспэкцыі аховы прыроды, таму што ў ачыстцы былі зацікаўленыя ўсе. Рэчку ніхто, акрамя нас, і ня чысьціў.

Літаральна ўжо праз паўгадзіны пасьля таго, як мы прайшлі на лодках і ачысьцілі рэчку, людзі мелі магчымасьць купацца ў такіх месцах, якія яны раней абыходзілі, таму што там былі заторы, сьмецьце, непрыемны пах ад рэчкі. Яны пачалі купацца і вельмі дзякавалі”.

Сёньня ўвечары ў сядзібе Партыі БНФ з нагоды 10-годзьдзя “Маладога фронту” плянуецца ўрачыстае паседжаньне зь віншаваньнямі. На гэты юбілей запрашаюць як на акцыю салідарнасьці ўсіх, хто прайшоў праз рух за гэты час і падтрымлівае маладафронтаўцаў цяпер. А 8 верасьня на Крапівенскім полі пад Воршай адбудзецца шоў з музычным конкурсам ды віктарынай.

• Якая ідэалёгія пасуе беларусам?, 4.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG