Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўлінаў можна выкарыстоўваць замест вартавых сабак


Ігар Карней, Кобрынскі раён Кобрынскі раён прэтэндуе на лідэра экзатычнай птушкагадоўлі. Некалькі гадоў таму тут у вёсцы Казішча пачала працаваць самая вялікая ў Беларусі беларуска-польская страўсіная фэрма. Цяпер у рэгіёне абмяркоўваюць новы праект – прамысловае вырошчваньне паўлінаў. За новую справу ўзяўся кіраўнік фэрмэрскай гаспадаркі з Аніскавічаў Уладзімер Банцэвіч. Але сутыкнуўся з пэўнымі перашкодамі.

Уладзімер Банцэвіч – вядомы ў Беларусі “траўнік”. Сабраныя разам з жонкай Тацянай на палескіх балотах зёлкі яны перапрацоўвалі на лекі і лекавыя напоі. Аднак летась суд Кобрынскага раёну вызначыў: Банцэвічы займаюцца дзейнасьцю безь ліцэнзіі, і прысудзіў гаспадару 3,5 гады “хіміі”.

Спадар Банцэвіч скардзіцца, што несправядлівае, на ягоную думку, пакараньне замінае рэалізацыі іншага праекту – стварэньню фэрмы для вырошчваньня паўлінаў. На гэта ёсьць ня толькі праектная дакумэнтацыя, але дамовы з заапаркамі Рыгі і Масквы на куплю яек экзатычнай птушкі. Ужо некалькі гадоў фэрмэры гадуюць зь дзясятак паўлінаў на падворку, прыглядаюцца да іх нораваў і паводзінаў. Са спадарамі Тацянай і Ўладзімерам выпраўляемся на “базу”:

Аніскавічы, 26.06.2007. Уладзімер і Тацяна Банцэвічы

“Памалу, бо яны б’юцца... Іх вось так калі па некалькі трымаюць у дварох, дык гэта яшчэ і дзеля аховы...”.

“Так, атрымліваецца, у чымсьці замест сабакі. Бо чужых яны, шчыра кажучы, ня вельмі ўспрымаюць. Сваіх ужо ведаюць, але калі чужы нехта зойдзе, то могуць і кінуцца. Асабліва калі чужы адзін, без суправаджэньня гаспадара... Прыгажосьць, праўда?”

“У нас яны проста цяпер як для прыгажосьці... Прыгожая птушка. А крычыць як! Вы яшчэ ня чулі...”

Карэспандэнт: “Кажуць, да вароны вельмі падобна?”

“На ўсю вёску, можа каму й не падабаецца. Іх таму ў горадзе і не трымаюць нават у прыватным сэктары, бо голас за кілямэтраў сем чуваць. Асабліва гэтым летам штосьці раскрычаліся, можа гэтыя самкі маладыя іх не задавальняюць?”.

Галоўны “пясьняр” Кобрыншчыны

Сама па сабе паўлінагадоўля – рэч рызыкоўная. Хоць дарослая птушка з часам і пераўтвараецца ў істоту непераборлівую да кармленьня, а таксама лёгка пераносіць маразы, але малыя птушаняты – стварэньні вельмі далікатныя:

“Так, яны вельмі пяшчотныя. Нядаўна мы адну малую паўлінку ратавалі. Набылі тры самачкі, адна пачала гінуць. Па ўсіх даведніках калі пачытаць, то ўжо ўсё – бяры яе і закопвай. Мы пайшлі ў звычайную аптэку, узялі антывірусныя прэпараты “чалавечыя”, антыбактэрыяльныя...” (у гэты час адзін з паўлінаў падаў голас – пранізьлівы і гучны)

Карэспандэнт:” Але ж і “гарластыя ...”

“Ой, далёка чуваць. Гэта ён сваю тэрыторыю так пазначае - крыкам. Ці самку яшчэ гэтаксама кліча. Прыгажун ты наш...”

“Дык вось, вылечылі мы тую паўлінку. У выпадку, які й лячэньню нібыта не паддаецца. Штосьці на вочы ў яе перакінулася, але знайшлі мазь Вішнеўскага, пачалі мазаць. Карацей, выратавалі. Бо і грошы плацілі, і яна жывая істота. І потым шкада: падрасьцілі ўжо”.

Ці пэрспэктыўны паўлінавы рынак?

Мне пашчасьціла ня толькі пачуць “чароўны голас” паўліна, але і ўбачыць ва ўсёй прыгажосьці ягоны галоўны гонар – хвост.

Аніскавічы, 26.06.2007. Паўлінавая гаспадарка ў Аніскавічах

Тым часам запытваю ў гаспадароў: каго можа насамрэч у Беларусі зацікавіць такая экзотыка?

“Мяса ў іх больш дэкаратыўнага кірунку. Нібыта й ядомае, але мы самі іх не ўжывалі ў ежу. Бо, шчыра кажучы, шкада есьці такую птушку. У асноўным на банкеты, як фазанаў афармляюць. Бяруць мяса, робяць катлеты ды іншае, а саму верхнюю частку робяць як чучала і саджаюць у відных месцах на сталах”.

“Цяпер шмат людзей зь сядзібамі. І яны гатовыя купляць паўлінаў дзеля ўпрыгожаньня. І калі б ужо пайшло, то, канечне, на банкетныя мерапрыемствы для багатых. Мы плянавалі адзіную ў краіне паўлінавую фэрму. Дамовіліся ўжо набыць белых і шэрых птушак (у нас якраз шэрыя). Таксама ўжо ёсьць выведзеныя цалкам чорныя, а “вочы” на хвасьце чырвоныя. А паколькі са мной узьнікла вось гэтая “катавасія”, то Беларусь засталася бяз гэтай фэрмы”.

Зрэшты, і зь фінансавага гледзішча разьвядзеньне паўлінаў – рэч ня танная:

“70 даляраў – гэта ўжо калі ладнае кураня. А за трох самак мы аддалі амаль 400 даляраў. Зусім малое, як індычаня – 60 тысяч рублёў. Дарослы паўлін – 200 даляраў, без хваста – 100 даляраў. Тут справа ў чым? Я калі ў Рызе дамаўляўся, то яны сказалі: калі бярэш з хвастамі, то яны ў той год размнажацца ня будуць, калі хвост адрэзаць. Самкі тады бясхвостых да сябе не падпускаюць. Ня тое што не пазнаюць, а канкурэнцыю тыя губляюць. Бо ў біялягічным пляне хвасты як ўтварыліся? Самкі “застымулявалі”. Кожны год спарваліся з тымі, у каго прывабнейшы хвост і большы ў памеры. І ўрэшце вырасьлі вось такія хвасты!” – расказвае Ўладзімер Банцэвіч.

Аніскавічы, 26.06.2007. “Свойскія” кобрынскія паўліны практычна нічым не адрозьніваюцца ад дзікіх суродзічаў Свойскія” кобрынскія паўліны практычна нічым не адрозьніваюцца ад дзікіх суродзічаў

Фота аўтара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG