Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Буркіна-Фасо ісламісты атакавалі ўрадавых вайскоўцаў. Забітыя 60 жаўнераў


На вуліцы ў Буркіна-Фасо
На вуліцы ў Буркіна-Фасо

Амэрыканская арганізацыя, якая адсочвае онлайн-актыўнасьць ісламісцкіх баевікоў, заявіла, што групоўка JNIM апублікавала ў панядзелак і аўторак паведамленьні, у якіх узяла на сябе адказнасьць за чатыры напады ў Буркіна-Фасо і Малі. Паўстанцы зрывалі сьцягі ўрадаў і Расеі, якая ім дапамагае.

Групоўка «Джамаат Наср аль-іслам валь Мусьлімін» (JNIM), якая зьяўляецца заходнеафрыканскай філіяй тэрарыстычнай сеткі «Аль-Каіда», узяла на сябе адказнасьць за напад на вайсковы пост у паўночнай правінцыі Лорум у Буркіна-Фасо. Згодна словаў групоўкі, пры нападзе загінулі 60 салдат, паведаміла ў аўторак група SITE Intelligence Group.

Гэтыя напады падкрэсьліваюць цяжкасьці, зь якімі сутыкаюцца тры краіны Сахелю — Буркіна-Фасо, Малі і Нігер. Імі кіруюць вайсковыя лідэры, якія пакуль марна спрабуюць стрымаць паўстанцаў-ісламістаў.

Улады Буркіна-Фасо не пракамэнтавалі апошнія напады, заяўляе Reuters.

Найбольш прыкметным з чатырох быў напад на буркінійскі горад Соле, дзе баевікі JNIM зьдзейсьнілі рэйд на ваенны пост арміі і забілі салдат, паведаміла SITE Intelligence. Арганізацыя не ўдакладняе, у які дзень адбылася гэтая атака.

У выніку яшчэ аднаго нападу ў Буркіна-Фасо загінулі 10 членаў праўрадавай міліцыі ва ўсходняй правінцыі Гнанья.

У асобнай заяве SITE паведаміла, што Ўсман Дыко, кіраўнік руху JMIN у Буркіна-Фасо, зьняўся ў відэароліку, у якім заклікаў жыхароў Джыба, разьмешчанага на поўначы Буркіна-Фасо, пакінуць горад дзеля ўласнай бясьпекі.

У нядзелю раніцай у Джыба была атакаваная вайсковая база, а таксама паліцэйскі ўчастак і рынак, паведамілі Reuters крыніцы ў сілавых структурах.

Трое жыхароў Джыба апісалі інтэнсіўны напад з удзелам соцень байцоў на аб’екты, дзе разьмяшчаюцца жаўнеры і праўрадавыя апалчэнцы. Нягледзячы на тое, што афіцыйных дадзеных аб ахвярах не было, відавочцы заявілі, што дзясяткі салдат і мірных жыхароў забітыя.

У відэа, запушчаным у сацыяльных сетках, паказаныя невядомыя паўстанцы, якія перасоўваюцца пешшу і на матацыклах па ўсходнім горадзе Дыяпага недалёка ад мяжы зь Нігерам і Малі. Агенцтва папярэджвае, што ў гэты момант ня можа пацьвердзіць сапраўднасьць усіх зьнятых відэа.

На адным відэа ў паветры чуліся стрэлы, а ўдалечыні клубіўся чорны дым. На іншым паўстанцы пазавалі для фотаздымкаў і зрывалі сьцягі краін, якія кіруюцца хунтай, і Расеі, якая ім дапамагае.

Групоўка «Джамаат Наср аль-іслам валь Мусьлімін» заснаваная ў 2017 годзе. У 2022-м The Economist назвая яе рост самым хуткім сярод усіх тэрарыстычных груповак плянэты. Ісламісты адказныя за велізарную колькасьць забойстваў і іншых злачынстваў у рэгіёне Сахель. Ад іх рук гінулі як вайскоўцы афіцыйных урадаў мясцовых дзяржаў, так і мірныя жыхары, а таксама замежныя журналісты, якія асьвятляюць падзеі ў рэгіёне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG