Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пасаду старшыні Каардынацыйнай рады прэтэндуюць Арцём Брухан і Аляксандар Кныровіч

абноўлена

Арцём Брухан і Аляксандар Кныровіч
Арцём Брухан і Аляксандар Кныровіч

Ужо 13 траўня Каардынацыйная рада можа выбраць старшыню.

Паводле статутных дакумэнтаў, 12 траўня паўнамоцтвы зьніклай Анжалікі Мельнікавай перайшлі ейнай намесьніцы Станіславе Гліньнік. Апошняе паседжаньне нарады фракцыяў, якое правяла Мельнікава, адбылося 11 лютага. Двума днямі раней старшыня паведаміла пра сыход у адпачынак і часовую перадачу паўнамоцтваў віцэ-старшыні, значыць, Гліньнік. А ў сакавіку стала вядома пра зьнікненьне Мельнікавай.

Станіслава Гліньнік адмовілася займаць пасаду старшыні, адпаведна, 13 траўня маюць адбыцца выбары новага кіраўніка.

На пасаду старшыні свае кандыдатуры вылучылі Каманда Латушкі «рух за Свабоду» і фракцыя «Беларусы» (блок Пракоп’ева — Ягорава). Кандыдат ад першых — Арцём Брухан, ад другіх — Аляксандар Кныровіч. Перад выбарамі 13 траўня яны праводзяць дэбаты.

Арцём Брухан заявіў, што «адчувае адказнасьць за інстытут КР», і гэта перакрывае ягонае хваляваньне з нагоды зьнікненьня Анжалікі Мельнікавай. Ён хоча забясьпечыць устойлівасьць воргану.

«Першы ж крок, які б я хацеў зрабіць, калі мяне абяруць сьпікерам — стварыць юрыдычную асобу Каардынацыйнай Рады. Мы не абмяркоўвалі яшчэ, у якім усё будзе выглядзе, але, магчыма, зьявіцца асацыяцыя, у якую ўвойдуць усе чальцы КР, назіральная рада ў выглядзе кіраўнікоў фракцый. Ну і старшынёй будзе сьпікер. Каб фінансаваньне, калі яно будзе, ішло не праз прыватныя фонды сьпікера, віцэ-сьпікера ці яшчэ кагосьці, а каб была юрыдычная асоба менавіта КР. Каб не было такога, што адзін чалавек зьнік — і яго фундацыя зьнікла разам зь ім», — сказаў Брухан.

Аляксандар Кныровіч адзначыў, што выпадак зь зьнікненьнем Мельнікавай можа стаць «апошнім цьвіком у накрыўку труны Каардынацыйнай рады». Ён прапанаваў палітычным апазыцыйным сілам за мяжою адмовіцца ад грантавага фінансаваньня. Таксама ён ня верыць у тое, што менавіта апазыцыя на эміграцыі стане ключавой у будучых ператварэньнях на Бацькаўшчыне.

«Наіўна спадзявацца, што менавіта апазыцыя ў эміграцыі стане рухавіком гэтых пераменаў. Гісторыя нават „пасьпяховага“ прыходу да ўлады Ўладзіміра Леніна і партыі бальшавікоў сто восем гадоў таму вучыць, што для пераменаў патрэбныя ня толькі лідары, але і рэвалюцыйная сытуацыя ўнутры краіны: калі „вярхі ня могуць“, а „нізы ня хочуць“, а таксама наяўнасьць рэвалюцыйнае клясы і іншых неабходных умоваў. Перамены ў Беларусі ня прыйдуць з-за мяжы. Будучы прэзыдэнт дэмакратычнай „Новай Беларусі“ ўжо цяпер знаходзіцца ўнутры краіны», — заявіў Кныровіч.

Што вядома пра зьнікненьне Анжалікі Мельнікавай

Пра тое, што 25 сакавіка зьнікла сьпікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, паведаміў 28 сакавіка Павал Латушка. Ён сказаў, што падаў заяву аб зьнікненьні ў праваахоўныя органы Польшчы (у Анжалікі, акрамя беларускага, ёсьць польскае грамадзянства). З словаў Паўла Латушкі, апошні кантакт зь ёю адбылася 25 сакавіка раніцай. Візуальна падчас сазвону ў Зуме дэлегаты КР бачылі яе 21 сакавіка — пры гэтым невядома, адкуль яна выходзіла ў сувязь. Таксама стала вядома, што зьніклі і дочкі Мельнікавай, якія жылі зь ёю ў Варшаве.

27 сакавіка Павал Латушка падаў афіцыйны зварот у камэндатуру паліцыі Варшавы ў сувязі са зьнікненьнем Анжалікі і яе дачок. Ён адзначаў, што нефармальна інфармаваў паліцыю за «дзень-два» да 27 сакавіка. Асабіста ён бачыў Анжаліку ў канцы лютага ў офісе.

Паводле польскай паліцыі, Мельнікава ў канцы лютага вылецела за межы Эўразьвязу, у Лёндан, зь дзьвюма дочкамі. Былы муж Анжалікі выехаў з Польшчы ў Беларусь аўтобусам 23 сакавіка.

НАУ самастойна вызначыў, што мабільная прылада Мельнікавай была лякалізаваная на тэрыторыі Беларусі 19 і 25 сакавіка. Пры гэтым адзін зь яе гаджэтаў яшчэ 18 сакавіка знаходзіўся ў Варшаве.

4 красавіка сузаснавальнік ініцыятываў BY_help і BySol Аляксей Лявончык, які жыве ў Вялікай Брытаніі, падаў заявы аб зьнікненьні Мельнікавай у паліцыю Лёндану і ў нацыянальнае крымінальнае агенцтва Вялікай Брытаніі. У прэс-службе лёнданскай паліцыі 8 красавіка паведамілі выданьню ВВС, што не расьсьледуюць зьнікненьня Мельнікавай.

Журналістам «Люстэрка» 7 красавіка ўдалося датэлефанавацца да былога мужа Мельнікавай, які пацьвердзіў, што ён разам зь іхнымі дзецьмі знаходзіцца ў Беларусі. Таксама ён заявіў, што ня ведае, дзе цяпер Анжаліка Мельнікава.

Паводле расьсьледаваньня польскіх журналістаў, Мельнкіава зь дзецьмі і невядомым мужчынам наведвала ААЭ і Шры-Ланку. Але падрабязнай інфармацыі пра гэта няма.

12 траўня супольнасьць «Кібэрпартызаны» паведаміла пра тое, што Анжаліка Мельнікава сэрыяй апэрацый зьняла з рахунку фонду, які адказваў у тым ліку за фінансаваньне супольнасьці, 150 тысяч даляраў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG