У відэазвароце на сваёй старонцы ў Facebook Пэтэр Сіярта абвінаваціў дыпляматаў з Украіны ў шпіянажы.
«Сёньня мы выслалі з Вугоршчыны двух шпіёнаў, якія працавалі пад дыпляматычным прыкрыцьцём у пасольстве Ўкраіны ў Будапэшце».
Паводле слоў Сіярта, Міністэрства замежных спраў уручыла паведамленьне аб высылцы паслу Ўкраіны ў Вугоршчыне. Амбасада Ўкраіны пакуль не пракамэнтавала гэтую заяву.
Заява кіраўніка вугорскага МЗС аб украінскіх шпіёнах прагучала неўзабаве пасьля таго, як Служба бясьпекі Ўкраіны раней сёньня абвясьціла, што ўпершыню ў гісторыі краіны выкрыла агентурную сетку вугорскай вайсковай выведкі, якая ажыцьцяўляла шпіёнскую дзейнасьць на шкоду Ўкраіне.
Сіярта адрэагаваў на заяву СБУ аб затрыманьні падазраваных у працы на вугорскую выведку. Ён адзначыў, што «ва Ўкраіне часта выкарыстоўваецца антывугорская прапаганда, якая ў многіх выпадках ёсьць абсалютна беспадстаўнай».
Таксама ён дадаў, што ўлады краіны пакуль не атрымлівалі афіцыйнай інфармацыі ад Украіны адносна затрыманьня ў Закарпацьці двух чалавек, якіх падазраюць у працы на вугорскую выведку.
Вугоршчына, прадстаўленая прэмʼер-міністрам Віктарам Орбанам і міністрам замежных справаў Пэтэрам Сіяртам, ня раз дэманстравала сваё прыхільнае стаўленьне да Крамля і крытыкавала Ўкраіну. З пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня Будапэшт робіць заявы, якія супярэчаць агульнай пазыцыі Эўразьвязу ў пытаньні падтрымкі Ўкраіны. Афіцыйны Будапэшт выступіў супраць уступленьня Ўкраіны ў ЭЗ.
У сакавіку міністар Вугоршчыны ў справах ЭЗ Янаш Бока прапанаваў спыніць дапамогу Ўкраіне і ператварыць яе ў «буфэрную зону» паміж Расеяй і ЭЗ.
Акрамя таго, і Орбан, і Сіярта неаднаразова сустракаліся з Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам, палітыку якіх жортска крытыкуе Брусэль і ўводзіць супраць іх санкцыі.
Форум