Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падстрэліў дзяўчыну, а так абставілі, нібы гэта ўкраінцы зрабілі». Жанчын у расейскім войску ва Ўкраіне прымушаюць спаць з афіцэрамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Вайскоўка па кантракце Маргарыта, якая пабывала на вайне ва Ўкраіне, расказала карэспандэнту «Север. Реалии», што жанчын з мэдыцынскай роты яе палка пагрозамі схілялі да сэксуальных сувязяў з афіцэрамі.

Сёньня Маргарыта знаходзіцца на рэабілітацыі. Яна наведвае псыхоляга, прымае моцныя антыдэпрэсанты, спрабуючы забыць тое, што адбылося зь ёй за апошні час.

«Палкан на цябе вока паклаў»

Заключыць кантракт Маргарыце прапанавалі летам 2022 году, калі яна прыйшла ў ваенкамат па даведку для банка пра тое, што зьяўляецца вайсковым пэнсіянэрам. У 2017-м, пасьля 11 гадоў службы ў войску, яна выйшла на пэнсію і пераехала ў Белгарад, але нармальнай працы за 5 гадоў знайсьці не змагла. Вырашыла паехаць добраахвотнікам на так званую «спэцапэрацыю».

«У мяне дзеці хворыя, хоць і дарослыя ўжо. Яны на мне, і я адна ў іх. Плюс крэдыты. Карацей, я пагадзілася, — кажа Маргарыта. — Па спэцыяльнасьці, сувязістам, яны мяне не ўзялі, узялі ў мэдроту санітарам шпітальнага аддзяленьня. Давялося ўсяму гэтаму хутка вучыцца, таму што часу думаць не было».

Але ў мэдыцынскай роце Маргарыта апынулася не адразу. Паводле яе, палкоўнік, якому яна спадабалася, у загадным парадку адправіў яе ў штаб.

«Калі я толькі прыбыла ў Ніжні Ноўгарад, у Навасмаліна, мяне на шыхтаваньні гэты палкоўнік адразу ж заўважыў. Ён камандуе 10-м танкавым палком. Ён сказаў: „Марго, падыдзі да мяне“. Спытаў, чаму я не апранутая, у мяне яшчэ формы тады не было. Я сказала, што нашая прафслужба вельмі дрэнна працуе і на мяне памеру няма. Ён распарадзіўся, каб мяне апранулі і сказаў, што я заўтра выходжу ў штаб працаваць. Я спачатку не зразумела, я быццам бы ў мэдроту прыехала і мне мэдыцынскай справе трэба вучыцца. А калі выйшла ўжо ў штаб на працу і стала з людзьми з аддзела кадраў бліжэй кантактаваць, яны мне сказалі: „Палкан на цябе вока паклаў. Будзеш палявой жонкай, мусіць“. Я спытала, як гэта, а яны адказалі: гатаваць, мыць і лашчыць».

Празь месяц сфарміраваны полк адправілі «за нуль» (ва Ўкраіну. — СР). Там Маргарыта спадзявалася адбіцца ад дамаганьняў высокапастаўленага афіцэра, якія станавіліся ўсё дакучлівей, ратаваць параненых і быць карыснай, але замест гэтага апынулася пасярод сапраўднага кашмару, дзе дзейнічаў толькі адзін закон — слова палкоўніка. Зразумеўшы, што добраахвотна станавіцца палявой жонкай Маргарыта не зьбіраецца, ён загадаў стварыць для яе невыносныя ўмовы, якія прымусілі б яе пагадзіцца на гэта.

«Калі мы прыехалі за нуль і я нарэшце трапіла ў мэдроту, яе камандзір сказаў мне, што палкан загадаў мяне жорстка пакараць, — расказвае Маргарыта. — Месяц я проста жыла на вуліцы. Калі іншыя начавалі ў намётах і хатках, я спала на зямлі, каля дарогі, у маленькім лясочку. Разам з мышамі-палеўкамі. Спрабавала неяк сябе сагрэць, вядома. Але калі ты зьмёрз, ты не засьнеш ніколі. Маглі і галоднай пакінуць. Зламаць хацелі, карацей, каб я пагадзілася зь ім спаць. Але я вытрымала, і калі ён зразумеў гэта, мяне адразу ж закінулі ў артылерыю, таксама па ягоным загадзе. У чырвоную зону, на самы перадок. Мо думаў, што я там здохну».

«Трэба было проста неяк выжыць»

У мэдроце, па словах Маргарыты, разам зь ёй было сем жанчын ва ўзросьце ад 23 да 38 гадоў, і кожную спрабавалі «падкласьці» пад афіцэраў-узводнікаў (камандзіры ўзводаў. — СР).

«Адну ў выведку, другую да танкістаў, трэцюю ў пяхоту. Калі мы туды заходзілі, ніхто, ня ведаў, што там адбываецца. А калі мы ўсе зразумелі, назад ужо дарогі не было, — кажа Маргарыта. — Я на свае вочы бачыла, як афіцэр-узводнік падстрэліў «сваю» дзяўчыну Сьвятлану. Перапілі яны там ці рэўнасьць нейкая была, ня ведаю. А абставілі так, нібыта гэта ўкраінцы зрабілі. Ён сабе руку прастрэліў, як быццам яе абараняў, і тыдні праз тры недзе вярнуўся назад са шпіталя».

Пасьля атрыманага раненьня Сьвятлана выжыла, але засталася інвалідам. У яе ўжо было пяць апэрацый, і на чарзе шостая.

Перад тым, як усё здарылася, камандзір узводу з пазыўным «Акацыя», які стрэліў у Сьвятлану, біў яе прыкладам, былі сьведкі гэтых зьбіваньняў. Маргарыта кажа, што тое, што адбылося, прывяло яе ў абсалютны шок. Усе жанчыны-вайскоўцы былі замужам, але пра тое, што іх прымушаюць спаць з афіцэрамі, мужу расказала толькі Сьвятлана.

У выніку амаль усіх жанчын пагрозамі ці зьдзекамі, якія робяць жыцьцё невыносным, зламалі і прымусілі аказваць сэксуальныя паслугі. Нехта зь іх, паводле Маргарыты, спаў нават зь некалькімі мужчынамі. Але іх у такім становішчы ніхто не асуджаў, паколькі трэба было проста неяк выжыць.

Уцячы ў Расею жанчыны не спрабавалі, таму што празь мяжу проста б не прапусьцілі, кажа Маргарыта. Ды і свае ж, паводле яе, маглі б за такое лёгка прыстрэліць.

Маргарыта, якая расказала карэспандэнту «Север.Реалии» гісторыю аб сэксуальных дамаганьнях у сваім палку, сьцьвярджае, што па салдатах афіцэры таксама стралялі. Праўда, пры іншых абставінах. Да тых, хто не хацеў ісьці на перадавую, ужывалі ўжо выпрабаваны прыём — трымалі голымі ў халодным і волкім склепе з пацукамі. Але калі гэта не дапамагала, быў у падпарадкаваных камандзіра палка і свой «арыгінальны» спосаб узьдзеяньня на адмоўнікаў.

Адзін з самых страшных успамінаў Маргарыты — расейскія салдаты, якія стралялі самі ў сябе для таго, каб выбрацца зь перадавой.

«Яны сабе ногі прастрэльвалі, таму што ў акопах знаходзіліся тыднямі і ўжо хадзіць не маглі проста. Ад пастаяннай сырасьці і маразоў у іх ногі пачыналі гніць. Калі яны бэрцы здымалі, я проста ў жаху была, ніколі такога ня бачыла. Чарната суцэльная зь мясам, з крывёю перасохлай, нават пальцаў не адрозьніць ужо было. Толькі ампутаваць заставалася», — успамінае Маргарыта.

Дамагаліся да кожнай чацьвёртай

Дацэнт ВШЭ ў Санкт-Пецярбургу Максім Арзамасцаў у сваёй навуковай працы, прысьвечанай сэксуальным дамаганьням, прыводзіць статыстыку, паводле якой кожная чацьвёртая жанчына-вайсковец у расейскай арміі ў той ці іншай форме зазнае сэксуальныя дамаганьні. Псыхоляг Ігар Селіванаў, які вывучае адносіны ў вайсковых калектывах, успамінае гісторыю пра тое, як падчас чачэнскай кампаніі ў адной з частак нампаліту даводзілася літаральна хаваць незамужніх жанчын-кантрактніц ад афіцэраў, якія прыяжджалі ў частку з праверкай.

Сакратарка Камітэту салдацкіх маці Расеі Валянціна Мельнікава гаворыць, што за ўсю гісторыю яе праваабарончай дзейнасьці, якая пачалася яшчэ ў СССР, выпадкі звароту жанчын наконт сэксуальных дамаганьняў ці згвалтаваньняў з боку таварышаў па службе адзінкавыя. Як правіла, жанчыны пра такія рэчы вырашаюць не заяўляць.

Паводле Мельнікавай, ад сэксуальных дамаганьняў у расейскім войску цярпяць ня толькі жанчыны, але і мужчыны, бо ў вайсковых частках «на ўзроўні капітанаў і маёраў» ёсьць асобы зь іншай сэксуальнай арыентацыяй, такія скаргі ад салдат паступаюць заўсёды. І праблема гомасэксуальных адносін у вайсковых шэрагах існавала яшчэ ў савецкі час.

Тое, што п’яны афіцэр ва Ўкраіне мог стрэліць у дзяўчыну, зь якой спаў, ня дзіўна, лічыць Мельнікава, аналягічныя гісторыі былі і падчас вайны ў Чачэніі.

«У нас у пэрыяд другой чачэнскай кампаніі былі выпадкі, калі на якіх-небудзь сьвятах афіцэры напіваліся і стралялі ў сваіх падначаленых, — кажа праваабаронца. — І былі вельмі цяжкія выпадкі. Аднаго хлопца-афіцэра нават адпраўлялі ў Нямеччыну на апэрацыю і рэабілітацыю», — сьцьвярджае суразмоўца «Север. Реалии».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG