У сваім твітэры Ўладзімір Зяленскі падзякаваў галівудзкай пары.
«Эштан Катчэр і Міла Куніс былі сярод першых, хто адказаў на нашае гора. Яны ўжо сабралі 35 млн, якія будуць адпраўленыя Flexport і Airbnb, каб дапамагчы бежанцам з Украіны. Вялікі дзякуй ім за падтрымку. Яны натхняюць увесь сьвет», — напісаў прэзыдэнт.
Актрыса Міла Куніс нарадзілася ў Чарнаўцах. У 1991 годзе, калі ёй было восем гадоў, яе сям’я імігравала ў ЗША і пасялілася ў Лос-Анджэлесе.
Куніс і Катчэр пачалі зьбіраць сродкі 3 сакавіка. Першапачаткова яны плянавалі сабраць 30 млн даляраў, але сродкі ўсё яшчэ паступаюць. Тры млн даляраў ахвяравалі самі акторы. Па словах Куніс і Катчэра, у зборы паўдзельнічалі больш за 68 тысяч фізычных і юрыдычных асоб.
«Хоць гэта і не вырашэньне праблемы, але нашы сумесныя намаганьні забясьпечаць больш „мяккую пасадку“ для многіх людзей, якія вандруюць, не ведаючы, што іх чакае ў будучыні, — заявілі Куніс і Катчэр у заяве, апублікаванай у Інстаграме. — Наша праца ня скончана».
Па дадзеных ААН, на сёньняшні дзень больш за 3,2 мільёна чалавек пакінулі Ўкраіну, пасьля таго як расейскія Ўзброеныя сілы пачалі атаку. Па словах дарадцы кіраўніка офіса прэзыдэнта Міхаіла Падаляка, вымушанымі ўнутранымі перасяленцамі сталі 11-12 млн украінцаў.