Дата дня
2 студзеня 2019 году памёр доктар гісторыі Юры Туронак.
4 кнігі Юрыя Туронка, якія варта прачытаць
Ягоная кніга «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», выдадзеная ў 1993-м па-беларуску 5-тысячным накладам, стала сапраўднай сэнсацыяй і бэстсэлерам.
Падзеі Другой усясьветнай вайны на нашай зямлі паўставалі перад чытачамі не ў даўно абрыдлай чорна-белай гаме, а ў самых розных барвах. Вядома, пераважна ў драматычных і трагічных, але часам і ў трагікамічных. (Памятаеце пачатак фільму «Акупацыя. Містэрыі», калі паліцай натхнёна сьпявае «Широка страна моя родная»? Думаю, і аўтар сцэнару Аляксандар Качан, і рэжысэр Андрэй Кудзіненка ня раз зазіралі ў дасьледаваньне Туронка.)
Пад немцамі, як выявілася, працягвалася беларускае ж ыцьцё: працавалі школы, выходзілі падручнікі і мастацкія кнігі, дзейнічаў тэатар. Туронак абгрунтавана паставіў пад сумнеў савецкія міты пра забойства падпольшчыкамі гаўляйтэра Вільгельма Кубэ і менскага бургамістра Вацлава Іваноўскага. На той час пяру спадара Юрыя ўжо належала выдадзеная манаграфія «Вацлаў Іваноўскі і адраджэньне Беларусі».
Бацька Юрыя, лекар Браніслаў Туронак, быў вядомым дзеячам заходнебеларускага нацыянальнага руху, але рана памёр. Маці вярнулася з сынамі ў родныя мясьціны на Беласточчыну, якую Сталін па вайне перадаў «польскім таварышам». Так будучы гісторык (дарэчы, паводле адукацыі і першай прафэсіі экспэрт-хімік) апынуўся ў Польшчы, але заўжды адчуваў сябе беларусам.
Літаратар і журналіст Ян Максімюк, згадваючы сваё варшаўскае студэнцтва, піша, наколькі важнай была асоба Туронка для беларускай моладзі: «Ён не хаваў антыпатыі ні да камуністычных парадкаў, ні да функцыянэраў афіцыйнага Беларускага грамадзкакультурнага таварыства (БГКТ) і зь вялікай радасьцю ўспрыняў нашую спробу ўвесну вірлівага 1981 году вырвацца з-пад апекі польскіх спэцслужбаў і заснаваць незалежнае Беларускае аб’яднаньне студэнтаў».
Туронак — іхні настаўнік беларускасьці. Гэта ад яго хлопцы і дзяўчаты, учорашнія «дзеці безнацыянальнага сялянства», даведваліся пра Пагоню, бел-чырвона-белы сьцяг і БНР. Пры канцы 1980-х гадоў спадар Юры ачоліў паўлегальны Беларускі клюб, чыёй мэтаю было «асэнсаваньне палітычных абставін нашага далейшага існаваньня як нацыянальнай меншасьці».
Клюб здолеў апярэдзіць камуністаў з БГКТ і выставіў сваіх кандыдатаў на парлямэнцкіх выбарах 1989-га, калі Польшча стаяла на парозе велізарных пераменаў. Празь некалькі месяцаў Клюб пераўтварыўся ў палітычную партыю — Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне. Тыя, хто добра ведаў Туронка, лічаць, што якраз у тую пару ён адчуў сябе на адпаведным месцы.
Беларусы Польшчы атрымалі тады гістарычны шанец і, выкарыстаўшы яго, уступілі ў польскую палітыку. А беларусы ўсяго сьвету атрымалі выдатнага гісторыка.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 732–733.
Таксама ў гэты дзень
1518 — Францішак Скарына выдаў у Празе кнігу Эклезіяст.
1793 — адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай.
1839 — Люі Дагер зрабіў першую фатаздымак Месяца.
1843 — у Дрэздэне адбылася першая пастаноўка опэры Рыхарда Вагнэра «Лятучы галяндзец».
1981 — у Менску заснавалі выдавецтва «Юнацтва».
У гэты дзень нарадзіліся
1920 — Айзэк Азімаў, амэрыканскі пісьменьнік-фантаст. Азімаў нарадзіўся ў вёсцы Пятровічы, якая ў той час адносілася да БССР (цяпер у Смаленскай вобласьці Расеі). У 1923 годзе сям’я Азімавых эмігравала ў ЗША.
1928 — Уладзімер Цьвірка, дзяяч беларускай эміграцыі, журналіст.
1932 — Базыль Белаказовіч, польскі літаратуразнавец, доктар філялёгіі, прафэсар. Дасьледаваў беларускую літаратуру XIX стагодзьдзя, творчасьць польска-беларускіх пісьменьнікаў, беларускія тэмы і матывы ў польскай літаратуры і польскія ў беларускай.
У памяці
1864 — Ігнат Здановіч, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 — 1864 гг. У Беларусі і Літве.
1919 — Апалёнія Серакоўская, грамадзкая дзяячка, удзельніца паўстаньня 1863 году, жонка паўстанцкага камандзіра Зыгмунта Серакоўскага.
22-гадовую Апалёнію прывялі да Зыгмунта ўначы перад сьмяротным пакараньнем. Юная жанчына ўжо чакала дзіця. 15-хвіліннае спатканьне праходзіла пад аховаю пятнаццаці(!) салдат і афіцэраў. Апалёнія размаўляла з мужам, укленчыўшы перад яго ложкам. Празь некалькі гадзін вайсковы доктар перадаў ёй Зыгмунтаву цыдулку: «Анэлі мая! Жыць і быць вольным магу, толькі выдаўшы сяброў. Ніколі ня здолеў бы пайсьці на гэта, таму падпісаў сабе сьмяротны прысуд. Памру чысты і незаплямлены. Буду кахаць цябе, буду лунаць над табой і нашым немаўлём».
Пасьля мужавай сьмерці на аўдыенцыі ў генэралгубэрнатара МураўёваВешальніка Апалёнія прасіла не асуджаць яе на выгнаньне. Яна спасылалася на кволае здароўе і цяжарнасьць. На словы ўдавы Серакоўскага, што ў глыбіні Расеі яна ня знойдзе для сябе і дзіцяці добрых дактароў, Мураўёў задаволена адказаў: «Тым лепей!» Народжаную ў высылцы дачушку Апалёнія назвала ў гонар мужа Зыгмунтай. Малая пражыла ўсяго адзін год.
Серакоўская напісала ўспаміны пра той незабыўны час. Яны поўныя горычы і смутку, але і найцікавейшых дэталяў, што дазваляюць аднавіць шматлікія падзеі паўстаньня, удакладніць партрэты яго герояў. Нельга без хваляваньня чытаць, як паўстанцы прыслалі да Апалёніі сувязнога. Ён папрасіў перадаць яму кашулю Зыгмунта, у якой той быў паранены і паланёны. Тканіну падзялілі на часткі і разаслалі па змагарскіх аддзелах. Сучасьнікі сьцьвярджалі, што ядвабныя, шэрыя ў чорную кратку кавалачкі кашулі натхнялі ваяроў ня горш за баявыя сьцягі.
Апалёнія пераканаўча даводзіць: паўстаньне ў Літве-Беларусі не было польскім. Яна апісвае, напрыклад, сход, дзе адзін з камандзіраў палымяна выступіў супроць варшаўскай апекі: «Польскі камісар мае ўсяго дарадчы голас! Варшава не разумее нашых патрэбаў! Павінны самі радзіць сабе пра дабро сваёй зямлі!» Гэта быў паўстанцкі начальнік Вільні Уладзіслаў Малахоўскі (у эміграцыі ён стаў пад імем Леон Варнэрке вынаходнікам з усясьветнай славай, стварыў правобраз сучаснай фотакамэры).
Успаміны Апалёніі Серакоўскай з роду Далеўскіх перакладзеныя на беларускую мову Станіславам Суднікам.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 116–117.
1946 — Фабіян Абрантовіч, беларускі рэлігійны і грамадзкі дзяяч, тэарэтык і практык нацыянальнага ўніяцтва. У канцы верасьня 1939 году быў арыштаваны савецкімі органамі бясьпекі і больш за 5 гадоў правёў у зьняволеньні. Памёр ад катаваньняў у Бутырскай турме. Месца пахаваньня невядомае.
1950 — Юзаф Ядкоўскі, археоляг, нумізмат, краязнаўца, дасьледнік гісторыі Гарадзеншчыны. У 1922 годзе заснаваў у Горадні гістарычна-археалягічны музэй.
1986 — Уладзімер Тарасевіч, каталіцкі сьвятар-бэнэдыктынец, біскуп, доктар багаслоўя, апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў на Захадзе.