Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярашук заклікаў Лукашэнку садзіцца за стол перамоваў і наладжваць нацыянальны дыялёг


Аляксандар Ярашук.
Аляксандар Ярашук.

Старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук падтрымаў заклік да дыялёгу галоўнага рэдактара газэты «Народная воля» Ёсіфа Сярэдзіча, адрасаванага ўдзельнікам «Вялікай размовы» з удзелам Аляксандра Лукашэнкі 9 жніўня.

«Праз год пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і наступных трагічных падзеяў мы так і засталіся ў тым жа стане непрадказальнасьці адносна сваёй будучыні. У ходзе 8-гадзіннай размовы грамадзтва не атрымала адказу ні на адно балючае пытаньне. Не агучана ніводнай прапановы, не вымаўлена ні слова аб пошуку шляхоў выхаду з палітычнага крызісу.

Можна ва ўпор не заўважаць пратэставых настрояў, жорстка задушаных, але не трансфармаваных у пакорлівасьць, а тым больш у любоў да ўлады. Іх месца трывала заняла спапяляючая душу нянавісьць. Кіраваць такім грамадзтвам — як сядзець на парахавой бочцы, гатовай у любы момант ірвануць», — піша на сторонках «Народнай волі» Аляксандар Ярашук.

У рангу аднаго з колішніх кіраўнікоў Менскай вобласьці Аляксандар Ярашук публічна зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі.

«Вы аддаяце сабе справаздачу ў тым, што нарабілі і працягваеце ствараць? Няўжо пасля ўсяго гэтага лічыце, што здольныя, працягваючы палітыку тэрору і гвалту, вярнуць давер і павагу народу, прынамсі яго бясспрэчнай большасьці? Бо народу, адрозна ад палітыкаў, невядомы цынізм, ён кіруецца не каньюнктурнымі меркаваньнямі, а эмоцыямі. І калі народ любіць, то шчыра і ад усёй душы. І дакладна гэтак жа шчыра і ад усёй душы ненавідзіць. Адзіная магчымасьць, якая яшчэ захоўваецца, — гэта наладзіць адносіны з грамадзтвам, да чаго адчайна заклікае Ёсіф Сярэдзіч, і я да яго далучаюся, — неадкладна садзіцца за стол перамоваў і наладжваць нацыянальны дыялёг».

Неймаверна цяжка гэта зрабіць пасьля ўчыненага гвалту і тэрору, аднак альтэрнатывы дыялёгу няма, перакананы прафсаюзны лідэр.

«Я не зьбіраюся, Аляксандар Рыгоравіч, даваць вам ніякіх ацэнак і характарыстык. Ні палітычных, ні маральных. Яны, як любыя эмоцыі, мусяць у такіх выпадках выносіцца за дужкі. Калі мы хочам знайсьці выхад зь цяжкай сытуацыі, трэба над эмоцыямі падымацца. Як бы ні было складана гэта рабіць. Я і многія мае калегі, той жа Ёсіф Сярэдзіч, ня выстаўляем вам абвінавачаньняў, а ўносім найважнейшыя для лёсу краіны прапановы, каб прадухіліць непазьбежную катастрофу. Беларусь у нас адна, народ у нас адзін, і ніхто з нас, у тым ліку і вы, ня мае і ўжо ніколі ня будзе мець манапольнага права выказвацца ад яго імя».

Аляксандар Ярашук падкрэсьлівае, што як на адным, так і на другім баку сёньня знаходзяцца мільёны простых беларусаў. І мудрасьць палітыкаў палягае ў тым, каб іх не падзяліць, а аб’яднаць, не сутыкнуць ілбамі, а прымірыць.

«Мы выбіраем дыялёг. Што выбераце вы? Прывідная надзея, што чалавек, які заяўляе, што прэзыдэнтамі не становяцца, а нараджаюцца, здольны з кімсьці размаўляць. Над гэтым гіпэртрафаваным мэсіянскім комплексам можна было б пасьмяяцца, але неяк не хочацца. Паўтару яшчэ раз: дыялёг — гэта адзіны шанец годна выйсьці з сытуацыі ня толькі для краіны і народу, але і пэрсанальна для вас. Адзіная магчымасць застацца ў гісторыі краіны першым яе прэзыдэнтам, а не паставіць сябе пад пагрозу быць зь яе выкрасьленым», — падсумаваў Аляксандар Ярашук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG