Лукашэнка сярод іншых прызначыў новых начальнікаў Акадэміі МУС і УУС Гомельскага аблвыканкаму. Навучальную ўстанову узначаліў Аляксандар Васільеў, да гэтага кіраўнік УУС Гомельскага аблвыканкаму.
«Адказны за кампанію рэпрэсіяў і запалохваньня мірных пратэстоўцаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, у прыватнасьці, з адвольнымі арыштамі, празьмерным ужываньнем сілы і жорсткім абыходжаньнем з затрыманымі, уключна з катаваньнямі», — з такой характарыстыкай трапіў міліцэйскі функцыянэр у санкцыйныя сьпісы Эўразьвязу 2 кастрычніка 2020 году.
На вызваленае месца прызначаны Аляксандар Шастайла, былы першы намесьнік начальніка ўпраўленьня ўнутраных справаў Горадзенскага аблвыканкаму. Ён кіраваў правакацыяй супраць Сяргея Ціханоўскага ў Горадні, а таксама асабіста аддаваў загады разганяць мірныя пікеты ў Лідзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
Там часам намесьнік старшыні КДБ, генэрал-маёр Уладзімер Калач пайшоў на паніжэньне — стаў памочнікам Лукашэнкі ў Менскай вобласьці. На гэтай пасадзе ён замяніў былога старшыню Горацкага райвыканкаму Аляксандра Бутарава, які адпрацаваў усяго тры месяцы, а да яго памочнікам быў вядомы адэпт рэжыму зь ліку міліцэйскага кіраўніцтва Ігар Яўсееў. Паводле «Нашай Нівы», прычынай звальненьня Яўсеева стаў ягоны сын, які браў актыўны ўдзел у леташніх акцыях пратэсту.
У санкцыйныя спісы Эўразьвязу і ЗША Ўладзімер Калач трапіў яшчэ ў 2011 годзе пасьля жорсткага разгону Плошчы, а ў 2020-м апынуўся там паўторна за тыя ж «заслугі».
Таксама сёньня кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску Дзьмітры Пятруша прызначаны кіраваць менскім прадпрыемствам «Керамін».
Ён стаў вядомым год таму: падчас сарванай уладамі сустрэчы Сьвятланы Ціханоўскай з выбарнікамі ў Кіеўскім сквэры Менску асабіста вырываў драты з калёнкі, калі дыджэі Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыла Галанаў паставілі песьню-гімн Віктара Цоя «Перемен». Гукарэжысэраў неўзабаве затрымалі, пасьля адбыцьця адміністрацыйных арыштаў яны зьехаді ў Літву.