Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Міхася Ткачова


Міхась Ткачоў на мітынгу, 1991 год
Міхась Ткачоў на мітынгу, 1991 год

Падзеі 10 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

10 сакавіка 1942 году нарадзіўся Міхась Ткачоў, беларускі археоляг і гісторык архітэктуры, палітычны дзяяч. У канцы 1980-х ён уключыўся ў актыўную грамадзкую і палітычную дзейнасьць. У 1986 годзе Ткачоў заснаваў у Горадні гісторыка-культурны клюб «Паходня», уваходзіў у Аргкамітэт БНФ, выступаў за аднаўленьне ў Беларусі сацыял-дэмакратыі.

Выпускнік раённай расейскамоўнай школы, Міхась Ткачоў да паступленьня на гістарычны факультэт БДУ рыхтаваўся па беларускіх падручніках, бо быў перакананы, што ў сталіцы БССР усё па-беларуску. Пагарду да роднай мовы ён сустрэне ўжо ў прыёмнай камісіі, але студэнцкія гады ўмацуюць яго нацыянальнае пачуцьцё.

Мая першая сустрэча з Ткачовым адбылася падчас археалягічных раскопак, якія ён вёў у родным Амсьціславе. Ад таго дня засталося адчуваньне ўпэўненасьці й камфортнасьці, якія потым заўсёды апаноўвалі побач зь ім. Вялікі, дужы, чарнявы, ён, здавалася, проста выпраменьваў гэтую ўпэўненасьць. Я думаю, што прычынаю была ягоная нязьменная вера ў сваю праўду, у эўрапейскую гісторыю нашай краіны, у вартасьць справы, якой прысьвяціў жыцьцё.

Калі падчас ягоных раскопак у Наваградку туды завіталі Ўладзімір Высоцкі з Марынай Уладзі, Ткачоў прачытаў ім лекцыю з гісторыі Беларусі, за якую быў узнагароджаны невялікім канцэртам.

Вынікам яго дасьледаваньняў абарончага дойлідзтва сталі кандыдацкая й доктарская дысэртацыі на гэтую тэму, а таксама кнігі «Замкі Беларусі», «Замкі і людзі», «Старажытны Амсьціслаў». Працуючы загадчыкам катэдры ў Горадзенскім унівэрсытэце, ён бескампрамісна бараніў ад мясцовых чыноўнікаў старадаўнюю забудову гораду. Даходзіла да зваротаў у Саўмін СССР, пасьля чаго Ткачова спрабавалі прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за «клевету на органы советской власти».

Пільную ўвагу КГБ выклікаў і заснаваны зь непасрэдным удзелам Ткачова горадзенскі гістарычна-культурны клюб «Паходня», які зьбіраў сотні людзей на свае асьветніцкія вечарыны, што ўсё часьцей ператвараліся ў палітычныя дыскусіі.

Вяртаньне ў 1989 годзе Ткачова ў Менск (як, дарэчы, і мой пераезд у сталіцу) адыёзная газэтка «Славянский набат» пазьней назаве акцыяй, сплянаванай ЦРУ. Такім чынам амэрыканская выведка далучылася да выпуску Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі, што было галоўным клопатам Міхася як кіраўніка выдавецтва «Беларуская Энцыкляпэдыя».

«Варожы агент» гаварыў пра сваю місію наступным чынам: «Мы вернем імёны тых, хто не шкадаваў здароўя і жыцьця, ішоў гэтым цяжкім торам дзеля будучыні нашай. Мы вернем народу тыя імёны, якія доўга ганьбілі, плямілі, трымалі ў спэцсховах».

У тыя вызначальныя для краіны гады Ткачоў быў у авангардзе дэмакратычных сілаў: браў удзел у стварэньні «Мартыралёгу Беларусі», уваходзіў у Аргкамітэт БНФ, стаў ініцыятарам аднаўленьня ў Беларусі сацыял-дэмакратычнага руху і ачоліў Цэнтральную раду Грамады. Ткачова паважалі ў самых розных слаях грамадзтва. Паніхіду ў Доме літаратара спраўляў мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт.

Незадоўга да трагічна раньняй сьмерці Ткачоў казаў у інтэрвію: «Нягледзячы ні на якія адкаты, працягваю верыць у беларусаў, у іхнюю рашучасьць у крытычныя моманты гісторыі, калі на карту ставіцца лёс нацыі».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне. С. 394–395


Таксама ў гэты дзень

1931 — карнікі НКВД у Менску вынесьлі прысуд беларускаму паэту Ўладзімеру Жылку — пяць гадоў высылкі ў горад Уржум Кіраўскай вобласьці. Моцна хворы паэт быў адпраўлены ў Расею, дзе неўзабаве памёр.

1939 — у Менску прэм’ерай першай савецкай беларускай опэры «Міхась Падгорны» Яўгена Цікоцкага адкрыўся будынак Дзяpжаўнага тэатру опэpы і балету Белаpyсi.

1972 — здарыўся выбух на Менскім радыёзаводзе. Загінулі, паводле розных зьвестак, ад 100 да 140 чалавек, больш за 100 пацярпелі.

У гэты дзень нарадзіліся

1926 Васіль Супрун, заснавальнік і кіраўнік беларускага антысавецкага падпольля на тэрыторыі Заходняй Беларусі, паэт, краязнавец, археоляг.

1928Яўген Сідаровіч, беларускі навуковец у галіне фізыялёгіі і экалёгіі.

1933Серафім Андраюк, літаратурны крытык.

1940Чак Норыс, амэрыканскі кінаактор і майстар баявых мастацтваў.

У памяці

1861 — памёр Тарас Шаўчэнка, украінскі паэт, мастак і культурны дзяяч.

Бюст Тарасу Шаўчэнку ў Магілёве
Бюст Тарасу Шаўчэнку ў Магілёве

1938 — расстраляны Іван Навіцкі, рабочы зь вёскі Блевачы Бярэзінскага раёну. Арыштаваны 9 сьнежня 1937 году. Асуджаны як агент польскай выведкі. Расстраляны ў Магілёўскай турме.

1940 — памёр Міхаіл Булгакаў, расейскі пісьменьнік і драматург.

Міхаіл Булгакаў
Міхаіл Булгакаў

2005 — памёр Апанас Цыхун, беларускі пэдагог, краязнаўца, літаратар.

2011 — памёр Янка Сіпакоў, беларускі пісьменьнік, перакладчык.

2011 — памерла Сьвятлана Навумава, навукоўца, спэцыялістка ў галіне паліталёгіі і паліттэхналёгіяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG