Інстытут дацкай культуры ў Эстоніі, Латвіі і Літве ў супрацоўніцтве з грамадзкай культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!» арганізаваў мастацкі конкурс для школьнікаў «Выразанкі», прысьвечаны творчасьці дацкага казачніка Ганса Крысьціяна Андэрсэна, паведамляе «Будзьма».
Мэта конкурсу — пазнаёміць беларускіх школьнікаў з творамі Андэрсэна, паспрыяць разьвіцьцю іх фантазіі, творчасьці і наватарскага мысьленьня праз стварэньне сваіх інтэрпрэтацый вядомых казак, адзначаюць арганізатары.
Да ўдзелу запрашаюць школьнікаў ва ўзросьце 7–15 гадоў, якія стала жывуць у Беларусі. Ім прапануюць інтэрпрэтаваць самастойна выбраную казку Андэрсена ў выглядзе рысунку, жывапісу, акварэлі, выразанкі, анімацыі, каляжу ці іншай тэхнікі на выбар аўтара.
Заяўкі на конкурс прымаюць з 11 траўня па 7 чэрвеня 2020 году. Пераможцаў вызначаць у дзьвюх узроставых катэгорыях (7–11 гадоў і 12–15 гадоў), іх абвесьцяць 22 чэрвеня. Кожны пераможца атрымае новы дацкі ровар Kildemoes.
У склад журы, якія будуць ацэньваць прысланыя на конкурс работы, уваходзяць беларускія і дацкія мастакі, ілюстратары ды іншыя экспэрты:
- Генадзь Мацур. Мастак, ілюстратар (Беларусь).
- Юлія Рудзіцкая. Мастачка, аніматарка (Беларусь).
- Кацярына Дубовік. Мастачка, ілюстратарка (Беларусь).
- Mormor. Мастак (Данія).
- Сыман Дрэўсэн Гольмбэрг. Дырэктар Інстытуту дацкай культуры ў Эстоніі, Латвіі і Літве.
- Алена Макоўская. Каардынатарка грамадзкай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».
- Багуслава Саханьска. Дырэктарка Інстытуту дацкай культуры ў Польшчы.
Для ўдзелу ў конкурсе школьнікі павінны запоўніць заяўку, а таксама прыслаць творчую работу ў электроннай форме. Больш падрабязна аб правілах і ўмовах конкурсу можна даведацца тут.