Чальцы сямʼі былога прэзыдэнта Зімбабвэ Робэрта Мугабэ абурыліся тым, што ўрад краіны не абмеркаваў зь імі цырымонію пахаваньня экс-кіраўніка дзяржавы, паведамляе BBC.
Сямʼя хацела правесьці закрытую цырымонію ў яго роднай вёсцы, а ўлады маюць намер зладзіць пышнае мерапрыемства і пахаваць яго на алеі нацыянальных герояў.
«Мы з глыбокай занепакоенасьцю назіраем за тым, як урад Зімбабвэ плянуе праграму пахаваньня Робэрта Мугабэ, не кансультуючыся зь яго найбліжэйшымі сваякамі, на якіх была ўскладзена задача выканаць яго апошнюю волю адносна цырымоніі развітаньня і пахаваньня», – гаворыцца ў заяве сям'і былога прэзыдэнта.
Мугабэ, які памёр на мінулым тыдні ва ўзросьце 95 гадоў у клініцы ў Сінгапуры, узначальваў Зімбабвэ 37 гадоў, але быў скінуты ў выніку ваеннага перавароту ў 2017 годзе.
У пятніцу і суботу яго цела будзе выстаўлена для разьвітаньня на футбольным стадыёне ў сталіцы краіны Харарэ.
Калі самалёт з целам былога прэзыдэнта прыбыў з Сынгапура ў аэрапорт Харарэ, яго асабіста сустракаў дзеючы кіраўнік дзяржавы Эмэрсан Мнангагва.
Пляменьнік нябожчыка Лео Мугабэ пасьля заявіў, што былы прэзыдэнт у канцы жыцьця адчуваў пачуцьцё расчараваньня і горычы.