Вялікая палата Эўрапейскага Суду ў правах чалавека абавязала Расею выплаціць 10 млн эўра высланым у 2006 годзе грамадзянам Грузіі. Гэтая кампэнсацыя будзе падзеленая прыкладна на 1500 чалавек, якія падалі пазовы ў ЭСПЧ пасьля прымусовай дэпартацыі.
Такім чынам, дэпартаваныя, атрымаюць па 2 тыс. эўра: ЭСПЧ лічыць, што ўлады Расеі парушылі забарону на калектыўную высылку прадстаўнікоў якой-небудзь нацыі. Тыя, каго яшчэ пры гэтым затрымлівалі і некаторы час трымалі ў СІЗА атрымаюць ад 10 да 15 тыс. эўра, бо гэтым, на думку ЭСПЧ, улады Расеі незаконна пазбавілі чалавека волі.
Усе грамадзяне Грузіі, пра якіх ідзе гаворка, былі выдвараныя з Расеі пасьля рэзкага абвастрэньня расейска-грузінскіх адносін у выніку так званага «шпіёнскага скандалу». Паводле Мінюсту Грузіі, усяго ў той час з Расеі былі дэпартаваныя 4634 грузінаў.
«Расейска-грузінскі канфлікт паказвае, што паняцьця „постсавецкая прастора“ больш не існуе»
Міністэрства юстыцыі Грузіі падало ў 2015 годзе пазоў у ЭСПЧ ад імя дэпартаваных у масавым парадку з Расеі грузінаў і запатрабавала ад Масквы кампэнсацыю ў 70,3 млн эўра. Перад гэтым ЭСПЧ прызнаў, што ў 2006 годзе Расея калектыўнымі дэпартацыямі грузінаў парушыла некалькі артыкулаў Эўрапейскай канвэнцыі правоў чалавека, і яе ўлады праводзілі скаардынаваную палітыку супраць грузінаў. ЭСПЧ таксама палічыў, што Расея павінна выплаціць Грузіі кампэнсацыю за парушэньне правоў яе грамадзян, але Расея весьці перамовы з Грузіяй на гэтую тэму адмовілася.
Расейскі Мінюст з нагоды рашэньня ЭСПЧ заявіў, што эўрапейскі суд адмовіў Грузіі ў задавальненьні першапачатковага патрабаваньня аб спагнаньні 70 млн 320 тысяч эўра, «вызначыўшы ў выніку суму ў памеры 10 млн эўра». Расейскае ведамства лічыць, што гэта нібыта адбылося таму, што грузінскі бок ня змог падаць «вычарпальнага сьпісу асобаў, якія могуць лічыцца пацярпелымі».
20 сьнежня мінулага года ЭСПЧ прысудзіў двум дэпартаваным з Расеі грамадзянам Грузіі кампэнсацыю ў 70 тысяч эўра на дваіх. Акрамя гэтага Расея павінна была аплаціць выдаткі заяўнікаў на адвакатаў — каля 5 тысяч фунтаў стэрлінгаў.
«Шпіёнскі скандал» паміж Расеяй і Грузіяй восеньню 2006 году пачаўся на фоне напружаных адносінаў паміж дзьвюма краінамі. 27 верасьня 2016 году міністар унутраных справаў Грузіі Вано Мерабішвілі заявіў, што грузінскія спэцслужбы раскрылі «шпіёнскую сетку», дзейнасьць якой каардынавалася чатырма афіцэрамі Галоўнага разьведвальнага ўпраўленьня Мінабароны Расеі. Яны і адзінаццаць завэрбаваных імі грузінскіх грамадзян былі арыштаваныя.
У адказ Уладзімір Пуцін заявіў, што дзеяньні кіраўніцтва Грузіі — «акт дзяржаўнага тэрарызму з захопам закладнікаў». Пасьля перамоваў, якія праходзілі пры пасярэдніцтве АБСЭ, арыштаваныя афіцэры ГРУ былі вызваленыя і вярнуліся ў Расею.
У якасьці адказу на арышт афіцэраў ГРУ паводле абвінавачваньня ў шпіянажы, з Расеі масава сталі высылаць грамадзян Грузіі, якія на той момант маглі знаходзіцца на тэрыторыі РФ бязь візы. Тады ж улады РФ зрабілі больш жорсткім візавы рэжым з Грузіяй і фактычна перапынілі транспартнае злучэньне з гэтай краінай, а імпарт грузінскіх вінаў і мінэральнай вады «Баржомі» у Расею быў забаронены. Пошта Расеі таксама спыніла адпраўку пасылак і лістоў у краіну.