Кніжныя навінкі ў нашай традыцыйнай штотыднёвай рубрыцы.
1. «Дзікае паляваньне караля Стаха»
«І тут ...я проста не паверыў сваім вачам. Ля постаці Бэрмана вырасьлі раптам аднекуль цені коньнікаў.
Яны павольна пад’яжджалі да чалавека. Усё гэта рабілася ў поўным маўчаньні, і мёртвая халодная зорка гарэла над іхнімі галовамі».
Гэтыя фразы працінаюць лёгкімі дрыжыкамі целы ўжо не аднаго пакаленьня чытачоў. Апошняя аповесьць сямейных паданьняў роду Яноўскіх, расказаная Андрэем Беларэцкім, — аўтарскае вызначэньне жанру гістарычнага дэтэктыву «Дзікае паляваньне караля Стаха» — адзін з найбольш папулярных твораў клясыка беларускай літаратуры Ўладзімера Караткевіча. Створаная паводле клясычных канонаў прыгодніцкай рамантыкі, гэтая аповесьць мае і нешта сваё, адметнае, нейкую ўласьцівую ёй таямніцу-загадку, якую нават цяжка растлумачыць, а можна хіба адчуць.
2. «Зброя»
«Ублытаюць у сваю справу, падманам прымусяць каштаны з агню цягаць, а потым здрадзяць, як гэта ўжо сто разоў бывала. І пойдуць „браткі“ зноў здыхаць пад чужымі сьцягамі».
Гістарычная аповесьць «Зброя» тэматычна зьнітаваная з раманам «Каласы пад сярпом тваім», але гэта не працяг, а своеасаблівае адгалінаваньне ад выдатнага эпічнага твору, на якім вырасла найноўшае беларускае адраджэньне. Сярод герояў аповесьці — ужо знаёмыя чытачам «Каласоў» Алесь Загорскі, Мсьціслаў Маеўскі, браты Кандрат і Андрэй Кагуты. Дзеяньне адбываецца ў 1862 годзе ў Маскве, куды Алесь са сваімі сябрамі прыяжджае па даручэньні Кастуся Каліноўскага здабываць зброю будучым паўстанцам. Гэта ці ня самы антыімпэрскі твор Караткевіча, у якім надзвычай жорстка выкрываецца самадзяржаўны лад царскай Расеі сярэдзіны пазамінулага стагодзьдзя. Беларускі пісьменьнік расказаў пра «золатагаловую» і яе тагачасныя норавы адметна і яскрава.
3. «Сівая легенда». «Ладзьдзя Роспачы». «Цыганскі кароль»
«Больш за ўсё я не люблю прыходзіць па беларусаў, — урэшце сказала яна. — Яны такія прагныя да жыцьця, што я пачынаю думаць: ці не памылілася я са сваёй работай».
Хто ж з суайчыньнікаў ня ўражваўся гэтым прызнаньнем Сьмерці з геніяльнай Караткевічавай «Ладзьдзі Роспачы»? Герой навэлі Гервасій Выліваха бавіць час на вясёлых ігрышчах і ў любоўных прыгодах. «Бабздыр несамавіты» яшчэ ня ведае, хто будзе яго апошняя ў жыцьці жанчына, якое будзе яго апошняе каханьне і чым завершыцца ягоны шахматны паядынак з пані Сьмерцю. Фантастыка, містыка, страхі, гумар шыбенікаў — у гэтым творы ўсё, чым вабіць літаратурнае барока.
Барвяны нобіль Раман Ракутовіч падымае мужыцкі бунт, каб заваяваць волю для прыніжаных суайчыньнікаў і для сваёй каханай, прыгоннай сялянкі Ірыны («Сівая легенда»). Якое ж вытанчанае ў сваёй жорсткасьці пакараньне рыхтуюць для закаханых бязьлітасныя судзьдзі?
Шляхцічу Міхалу Яноўскаму наканавана трапіць у мройную дзяржаву цыганоў і сустрэцца зь яго вялікасьцю Якубам Першым... («Цыганскі кароль»).
У сівой беларускай даўніне славуты пісьменьнік адшукаў і пераказаў сучасьнікам драматычныя, пранізьліва-кранальныя гісторыі пра каханьне, высакароднасьць і незьнішчальную любоў да жыцьця.
4. «Чазенія». Выбраныя творы
Дзеяньне аповесьці Ўладзімера Караткевіча «Чазенія» адбываецца на Далёкім Усходзе, у краі з унікальнай фаўнай і расьлінамі-рэліктамі. На фоне экзатычнай прыроды разгортваецца гісторыя каханьня, падобнай да якой ня вычытаеш больш нідзе. Севярын Будрыс з роднае Беларусі трапляе ў краіну, дзе на непажаданых гасьцей сварыцца сярдзіты бурундук, а па начах вакол паляўнічага дамка блукае леапард. Там на сьвятло ліхтара прылятае гіганцкі матыль «Блакітная ордэнская стужка» і таемна цьвіце жэньшэнь. А на голых камянях і скалах пражывае свой кароткі век дзіўная расьліна — чазенія. Ахутаная таямніцаю і жанчына, якую сустракае тут Севярын, — Гражына Арсайла. У якія краі ні прывандраваў бы герой Уладзімера Караткевіча — у Паўночную Афрыку, на Ціхі акіян, у Шатляндыю, — паўсюль ён будзе ўспамінаць сваю «сінюю-сінюю» Беларусь.
5. «Чорны замак Альшанскі»
«Чорны замак Альшанскі» — клясычны беларускі дэтэктыў. У ім, як і ў іншых творах Караткевіча, выяўляецца містычная повязь часоў. Нездарма галоўны герой гэтага знакавага для беларускай культуры раману Антон Косьміч кажа: «Хто ня памятае мінулага, хто забывае мінулае — асуджаны зноў перажыць яго. Безьліч разоў». Для Косьміча пошукі скарбаў роду Альшанскіх ператвараюцца ня толькі ў цікавую прыгоду, але і ў барацьбу за ўстанаўленьне праўды і справядлівасьці, у якой яму дапамагаюць самыя розныя пэрсанажы: супрацоўнік органаў дзяржаўнай бясьпекі, сьвяты айцец, вартаўнік замка і касьцёла, кіраўнік археалягічнай экспэдыцыі.
6. «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»
Адзін толькі радок у летапісе, які апавядае пра зьяўленьне ілжэхрыста ў Гародні — і зь яго, бы з насеньня, вырастае гісторыя Юрася Братчыка, сьпярша пабітага жыцьцём бадзяжнага актора і махляра, а потым — народнага заступніка, змагара, філёзафа. Уладзімер Караткевіч, які пісаў раман у эпоху ваяўнічага атэізму, здолеў расквеціць свой твор цытатамі з Эвангельля і апісаньнямі цудаў, якія творыць гарадзенскі Хрыстос. Не забыўся пісьменьнік і пра цмокаў, што насялялі калісьці Лепельскае возера. Урэшце Караткевіч прывёў свайго героя ў рай, які вельмі нагадвае заможны беларускі падворак...
Творы Ўладзімера Караткевіча і раней выходзілі ў выдавецтве «Папуры». У 2015 годзе ў сэрыі «Мая беларуская кніга» выйшлі «Чазенія», «Сівая легенда. Ладзьдзя Роспачы. Цыганскі кароль» і «Зброя». А ў 2016-м — «Каласы пад сярпом тваім». У нядаўна выдадзены шасьцітамовік увайшлі самыя папулярныя цяпер, на думку выдаўцоў, творы славутага пісьменьніка.