Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон пажадаў прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну посьпехаў «у мадэрнізацыі краіны» пасьля пераабраньня на пасаду кіраўніка дзяржавы.
Як паведамляе AFP, Макрон выказаў заклапочанасьць з нагоды сытуацыі ў Сырыі і атручваньня былога расейскага разьведчка ў Вялікабрытаніі.
У старанна ўзважанай заяве канцылярыі прэзыдэнта Францыі, апублікаванай пасьля тэлефоннай размовы двух лідэраў, гаворыцца, што Эмануэль Макрон пажадаў Уладзімеру Пуціну «посьпехаў у палітычнай, дэмакратычнай, эканамічнай і сацыяльнай мадэрнізацыі» Расеі, паведамляе AFP.
Першыя віншаваньні з пераабраньнем Пуціна накіравалі лідэры Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Балівіі, Вэнэсуэлы, Ірану, Казахстану, Кіргізстану, Кітаю, Кубы, Малдовы, Сэрбіі і Таджыкістану. Пуцін таксама атрымаў віншаваньні ад прэзыдэнта Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера. Прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў заявіў, што ў панядзелак і аўторак адбудзецца шэраг тэлефонных перамоваў Пуціна з сусьветнымі лідэрамі.
Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе заявіла, што выбары ў Расеі прайшлі пры належным парадку, але ва ўмовах адсутнасьці рэальнай альтэрнатывы.
«Пасьля актыўных намаганьняў па павышэньню яўкі выбарнікі прыйшлі на ўчасткі ў вялікай колькасьці, аднак абмежаваньні фундамэнтальных свабодаў, а таксама абмежаваньні ў пляне рэгістрацыі кандыдатаў, абмежавалі прастору для палітычнай актыўнасьці і прывялі да адсутнасьці рэальнай канкурэнцыі» — адзначаецца ў заяве назіральнікаў ад АБСЭ.