Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква дае Лукашэнку толькі трыццатую частку з таго, што ён прасіў


Расея выдасьць крэдыт Беларусі ў памеры 110 мільёнаў даляраў, прычым у расейскіх рублях

У якасьці ўмовы выдачы крэдыту расейскі ўрад называе адсутнасьць пратэрмінаваных абавязаньняў перад Расеяй і Антыкрызісным фондам ЭўрАзЭС па пазыках, якія Беларусь атрымала раней.

Аляксандар Лукашэнка публічна казаў, што Беларусь хацела б атрымаць пазыку ў Маскве на тры мільярды даляраў. Аднак ёсьць шэраг прычынаў, зь якіх Расея ня хоча выдаць гэтую суму «адным кавалкам», — лічыць дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман:

«Першы фактар — цяпер і ў Расеі няма вялікіх свабодных грошай.

Другі — Масква можа даць вялікі крэдыт толькі пад пэўныя ўмовы. Я думаю, што яны дагэтуль яшчэ не сфармуляваныя. Але афіцыйны Менск ня можа далей чакаць, бо, як паказваюць макраэканамічныя паказьнікі, эканамічная сытуацыя цяпер настолькі дрэнная, што такога ніхто і не чакаў. Таму той крэдыт, які Масква цяпер дае, накіраваны на тое, каб не адбылася якаясьці нечаканасьць.

Што тычыцца большых сум, то, мабыць, іх можна атрымаць толькі пад умову, што Беларусь зробіць пэўныя рэчы. Якія гэта рэчы? Нядаўна расейскі прэм’ер Мядзьведзеў казаў, што мы, вядома, падтрымаем нашых беларускіх партнэраў. Але ім трэба нагадаць, каб яны выконвалі абавязаньні, якія яны на сябе бралі.

Там цэлы шэраг пытаньняў. Гэта і супольныя праекты, кшталту МАЗ — КамАЗ, якія дагэтуль не рэалізуюцца. Гэта і непакой Масквы, што празь Беларусь у Расею ідуць тавары, якія знаходзяцца пад расейскімі санкцыямі, з трэціх краінаў. Можа, ёсьць і нейкія іншыя ўмовы. Хутка мы гэта пабачым, трэба крышачку пачакаць».

«Каб пазьбегнуць транзакцыйных і курсавых рызыкаў, якія зьвязаныя з разьлікамі ў далярах ЗША, выдача крэдыту, а таксама яго пагашэньне і абслугоўваньне пазыкі будзе адбывацца ў расейскіх рублях», — удакладняецца ў паведамленьні расейскага ўраду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG