Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднабаковае перамір’е ў Данбасе спыненае. Украінскія сілавікі пайшлі ў наступ


Сілы Антытэрарыстычнай апэрацыі пачалі актыўныя дзеяньні па абясшкоджваньні і зьнішчэньні баевікоў на ўсходзе Ўкраіны.

Пра гэта паведамляе каардынатар руху «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук.

Паводле ягоных зьвестак, украінскія сілавікі наносяць авіяцыйныя і артылерыйскія ўдары па апорных пунктах і месцах збору баявікоў.

«З пачаткам актывізацыі Антытэрарыстычнай апэрацыі актыўнасьць тэрарыстычных груп рэзка зьнізілася»,— адзначае Тымчук.

Цягам ночы прарасейскія баевікі абстралялі пазыцыі сіл АТА паблізу населенага пункта Тараны ў Шахтарскім раёне Данецкай вобласьці, паранены адзін вайсковец.

Позна ўвечары 30 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка па выніках пасяджэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны прыняў рашэньне прыпыніць дзеяньне рэжыму аднабаковага спыненьня агню ў Данбасе.

Такім чынам, аднабаковы рэжым спыненьня агню, абвешчаны прэзыдэнтам Украіны 20 чэрвеня і падоўжаны да 22.00 30 чэрвеня, завяршыўся, гаворыцца ў паведамленьні.

«Мы будзем наступаць і будзем вызваляць нашу зямлю. Непадаўжэньне рэжыму спыненьня агню — гэта наш адказ тэрарыстам, баевікам, марадзёрам, усім тым, хто зьдзекуецца над мірным насельніцтвам, хто паралізуе працу эканомікі рэгіёну, хто зрывае выплаты заробкаў, пэнсіяў, стыпэндыяў, хто падрывае чыгунку, разбурае вадаправоды, хто пазбавіў людзей нармальнага мірнага жыцьця», — падкрэсьліў прэзыдэнт Парашэнка ў звароце да народа.


Цягам 10 дзён аднабаковага спыненьня агню прарасейскія баевікі ажыцьцявілі болей за 100 нападаў на ўкраінскія ўрадавыя сілы, забілі 27 вайскоўцаў, паранілі 69. Яны ня выканалі ніводнай умовы рэжыму перамір’я, за выключэньня вызваленьня 8 закладнікаў зь ліку назіральнікаў АБСЭ.

Позна ўвечары прэзыдэнт Парашэнка паведаміў пра рашэньне не працягваць аднабаковае спыненьне агню канцлера ФРГ Ангелу Мэркель, дзяржаўнага сакратара ЗША Джона Кэры і прэзыдэнта Францыі Франсуа Алянда.

Парашэнка адзначыў, што ўкраінскі бок 10 дзён запар у поўным аб’ёме выконваў узятыя на сябе абавязацельствы і прытрымліваўся ў аднабаковым парадку рэжыму спыненьня агню і заплаціў за гэта дзесяткамі жыцьцяў.

Разам з тым, Парашэнка заявіў, што Украіна ўсё ж будзе гатовая пачаць палітычныя перамовы без якіх-небудзь дадатковых умоў для рэалізацыі мірнага пляна ў Данбасе.


Паводле яго слоў, гэта будзе магчыма ў выпадку рэалізацыі асноўных пунктаў мірнага пляна, па якіх была ўзгодненая пазыцыя і ў рашэньні Эўрапейскай рады 27 чэрвеня, і ў выніку чатырохбаковых тэлефонных перамоваў кіраўнікоў Украіны, Расеі, Францыі, Нямеччыны, а менавіта: двухбаковае спыненьне агню, увядзеньне надзейнага кантролю на ўкраінскай-расейскай мяжы па маніторынгу і верыфікацыі АБСЭ, а таксама вызваленьне ўсіх без выключэньня закладнікаў, якія незаконна ўтрымліваюцца прарасейскімі баевікамі.

Аб увядзеньні ў Данбасе ваеннага становішча, верагоднасьць якога актыўна дыскутавалі ва Ўкраіне, чакаючы заяву прэзыдэнта Парашэнкі, не сказана.

Паводле паведамленьняў ўкраінскіх сілавікоў, на працягу ўсяго часу спыненьня агню, які доўжыўся 10 дзён, напады прарасейскіх сэпаратыстаў не спыняліся. У прыватнасьці, у Міністэрстве замежных спраў Украіны ўчора днём паведамлялася пра 27 загіблых і 69 параненых за гэты час толькі з шэрагаў ўкраінскай арміі і прынамсі 108 выпадкаў парушэньня рэжыму спыненьня агню з боку сэпаратыстаў.

Украіна заяўляе, а яе заходнія партнэры ў многіх выпадках пацьвярджаюць, што Расея дае прамую падтрымку узброеным прарасейскім сэпаратыстам, якія дзейнічаюць на часткі тэрыторый дзьвюх з усходніх абласьцей Украіны, Данецкай і Луганскай, у прыватнасьці, ўзбраеньнямі і трэніраванымі байцамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG