Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму паслужыць люстрацыя ва Ўкраіне


Правядзеньне люстрацыі ва Ўкраіне, якую на сёньняшні дзень падтрымлівае пераважная большасьць украінскага грамадзтва, можа прывесьці да далейшай дэстабілізацыі краіны, калі люстрацыйны закон акажацца занадта радыкальным.

Ад гэтага перасьцерагаюць амэрыканскія палітолягі Марыя Папова і Вінсэнт Поўст у камэнтары, апублікаваным у The Washington Post. Прапануем пераклад іхнага камэнтару:

Ідэя люстрацыі набірае абароты ва Ўкраіне. Нядаўняе апытаньне паказала, што амаль 80% рэспандэнтаў падтрымліваюць такі захад. Тэрмін люстрацыя (ад лацінскага дзеяслова lustrare — урачыста ачысьціць) адносіцца да палітычнага захаду, які імкнецца ачысьціць новы рэжым ад перажыткаў мінулага. Працэс уключае ў сябе праверку новых службовых асобаў (выбраных або назначаных) наконт іх дачыненьняў з ранейшым рэжымам і ўстанаўляе некаторыя наступствы для тых, якія такія дачыненьні мелі. Гэткімі наступствамі могуць быць: публікацыя інфармацыі аб супрацоўніцтве з ранейшым рэжымам; звальненьне з пасады; забарона займаць некаторыя пасады.

Люстрацыя пачала прыцягваць увагу да сябе ў час пратэстаў на Эўрамайдане, першапачаткова ў кантэксьце дыскусій пра тое, як выкараніць палітычную карупцыю, якая зраслася з уладамі Ўкраіны. Журналіст і сябра Рады Эўрамайдану Ягор Собалеў стаў адным з самых заўзятых прыхільнікаў гэтай ідэі, і ўсяго некалькі дзён пасьля скіданьня Януковіча яго прызначылі кіраўніком Люстрацыйнага камітэту пры Кабінэце міністраў. У якасьці першага кроку на шляху да люстрацыі парлямэнт Украіны зрабіў папярэднія захады, каб падрыхтаваць законапраект аб люстрацыі ў судовай сфэры. Калі законапраект будзе прыняты, усе старшыні судоў, прызначаныя Януковічам, будуць звольненыя са сваіх адміністрацыйных пасадаў. Усе судзьдзі будуць правярацца на прадмет карупцыі і ўдзелу ў палітычна матываваных працэсах падчас Эўрамайдану, і тыя, якія ня пройдуць праверку, будуць звольненыя і, магчыма, прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці за карупцыю. Акрамя таго, Люстрацыйны камітэт і Міністэрства юстыцыі працуюць над больш шырокім законам аб люстрацыі. Собалеў сказаў у інтэрвію, што мэтай закону аб люстрацыі будзе пажыцьцёвая забарона Януковічу і яго бліжэйшым паплечнікам удзельнічаць у палітычным жыцьці. Закон таксама праверыць і выдаліць з палітыкі тых, хто былі «агентамі замежнай сакрэтнай службы, удзельнічалі ў карупцыі і ў разбурэньні дэмакратыі». Радыкальная нацыяналістычная партыя «Свабода» ўжо прадставіла сваю вэрсію агульнага закону аб люстрацыі для разгляду ў парлямэнце. У дадатак да парамэтраў, згаданых Ягорам Собалевым, законапраект «Свабоды» прадугледжвае люстрацыю ўсіх былых інфарматараў КДБ. Законапраект «Свабоды» прапануе, каб усе дзяржаўныя службоўцы ўсіх узроўняў, а таксама прэтэндэнты на дзяржаўную службу праходзілі працэдуру люстрацыйнай праверкі. Тыя, хто ня пройдуць гэтую праверку, будуць звольненыя са сваіх пасадаў.
Мэтай закону аб люстрацыі будзе пажыцьцёвая забарона Януковічу і яго бліжэйшым паплечнікам удзельнічаць у палітычным жыцьці


Украінскія прыхільнікі люстрацыі часта спасылацца на досьвед іншых посткамуністычных дзяржаваў (Чэхаславаччына, Польшча, Вугоршчына, Прыбалтыка, Грузія) і сьцьвярджаюць, што люстрацыя аказвае станоўчае ўзьдзеяньне на дэмакратызацыю і эфэктыўнае кіраваньне ў гэтых краінах. Аднак люстрацыйныя законы, якія ў згаданых краінах былі прынятыя пасьля падзеньня камунізму, вельмі адрозьніваюцца ад таго, што прапануецца ва Ўкраіне. Кантэкст пераходу ад камуністычнага аднапартыйнага кіраваньня да лібэральнай дэмакратыі вельмі адрозьніваўся ад таго, што Ўкраіна перажывае сёньня, і таму ён нарадзіў розныя законы.

Люстрацыйныя законы вызначаюць:
  • — сьпіс пасадаў у новым рэжыме, якія патрабуюць «люстрацыйнага пасьведчаньня»
  • — пералік відаў дзейнасьці ў мінулым рэжыме, якія падлягаюць люстрацыі
  • — якія наступствы люстрацыя мае для чалавека.

Украінскія прапановы прыкметна адрозьніваюцца ад дзейных у цяперашні час законаў аб люстрацыі ва ўсіх трох адносінах.

Агульна кажучы, законы, прынятыя пасьля 1989 ва Ўсходняй і Сярэдняй Эўропе былі распрацаваныя, каб адсеяць зь дзяржаўнай службы тых, хто працаваў на камуністычныя сакрэтныя службы або супрацоўнічаў зь імі. Гэтыя законы дазвалялі або звольніць былых супрацоўнікаў сакрэтных службаў зь дзяржаўнай службы, або проста апублікаваць інфармацыю пра іх ранейшыя дачыненьні да сакрэтнай службы. Былі і пэўныя адрозьненьні ў законах аб люстрацыі. Напрыклад, чэхаславацкі закон датычыў ня толькі супрацоўнікаў сакрэтнай службы, але і забараняў займаць дзяржаўныя пасады некаторым ранейшым функцыянэрам Камуністычнай партыі. Такога не было ў Польшчы і Вугоршчыне, але ў гэтых краінах люстрацыя выкарыстоўвалася таксама ў адносінах да некаторых палітычных пасадаў (напрыклад, да пасады прэзыдэнта), чаго не было ў Чэхаславаччыне. У цэлым, нягледзячы на некаторыя адрозьненьні, люстрацыйныя законы ва Ўсходняй і Сярэдняй Эўропе пасьля падзеньня камунізму былі спробамі выдаліць агентаў спэцслужбаў і іх інфарматараў зь дзяржаўнай службы ў новым рэжыме.
Якраз уключэньне, а не выдаленьне элітаў з паўднёвых і ўсходніх украінскіх рэгіёнаў можа ўнесьці большы ўклад у палітычную стабільнасьць Украіны.


Прапанаваныя захады ва Ўкраіны не адпавядаюць гэтай агульнай схеме. Непублічны, сакрэтны характар супрацоўніцтва з папярэднім рэжымам, якога датычылі ранейшыя законы аб люстрацыі, адсутнічае ва Ўкраіне. Наадварот — законы Украіны аб люстрацыі будуць датычыць людзей, якія адкрыта падтрымлівалі рэжым Януковіча. Больш за тое, калі ранейшыя законы датычылі пераважна люстрацыі людзей на дзяржаўных пасадах, прапанаваная люстрацыя ва Ўкраіне мае на мэце пажыцьцёва выдаліць з палітычнага жыцьця Януковіча і яго найбліжэйшае атачэньне. Наступствы для людзей, якія будуць падлягаць люстрацыі, значна больш суворыя, чым ва ўсіх люстрацыйных законах, распрацаваных ва Ўсходняй і Сярэдняй Эўропе пасьля 1989. Напрыклад, чэхаславацкі закон аб люстрацыі, які зьяўляецца адным з самых суворых у рэгіёне, не датычыць палітычных дзеячоў; польскі закон, які датычыць палітыкаў, забараняе ўдзел у палітыцы толькі тым, якія схлусілі аб сваім мінулым, і калі ўжо забараняе, дык толькі на пэрыяд дзесяці гадоў. Ніводзін з гэтых законаў аб люстрацыі не прапануе крымінальнай адказнасьці за супрацоўніцтва з ранейшым рэжымам, прызнаючы, што супрацоўніцтва не было злачынствам у той ранейшы час. А вось украінскія законапраекты спалучаюць люстрацыю з крымінальным перасьледам.

Калі можна параўнаць украінскую люстрацыю і люстрацыйныя законы ў іншых краінах рэгіёну, дык важна адзначыць, што не існуе пераканаўчых доказаў, што законы аб люстрацыі спрыялі пашырэньню дэмакратыі, палепшылі кіраваньне або дапамаглі ўтаймаваць карупцыю. Некаторыя сьцьвярджалі, што так яно было, але ніводнае дасьледаваньне не пацьвердзіла гэта эмпірычна. У большасьці выпадкаў законы аб люстрацыі былі прынятыя ўжо пасьля таго, як пераход да дэмакратыі быў завершаны, і былі прынятыя ў краінах, дзе пераход да дэмакратыі быў адносна гладкім працэсам. Такім чынам, калі і існуе якая-небудзь карэляцыя паміж люстрацыяй і пасьпяховым пераходам да дэмакратыі, дык кірунак прычыннасьці насамрэч быў там адваротным. Вядома, можна сьцьвярджаць, што ўкраінская зьмена рэжыму ўсё яшчэ працягваецца, і што люстрацыя можа стаць інструмэнтам у дасягненьні гэтай мэты. Аднак нічога падобнага не адбылося ў любой іншай краіне, якая ўвяла люстрацыю.

Перад увядзеньнем люстрацыі ўкраінскія палітыкі павінны добра падумаць аб тым, як вызначыць аб’ём і зьмест гэтага захаду. Калі яны хочуць увесьці пажыцьцёвую забарону на ўдзел у палітыцы для пэўных элітаў, яны павінны ведаць, што такі крок будзе беспрэцэдэнтным у посткамуністычным рэгіёне. Яны таксама павінны ўлічваць наступствы люстрацыі большасьці функцыянэраў Партыі рэгіёнаў. Нягледзячы на спакусу пачаць усё нанова і адсеяць з палітыкі рэшткі рэжыму Януковіча, трэба сказаць, што якраз уключэньне, а не выдаленьне элітаў з паўднёвых і ўсходніх украінскіх рэгіёнаў можа ўнесьці большы ўклад у палітычную стабільнасьць Украіны.

І апошняе, на што прыхільнікам люстрацыі варта было б зьвярнуць увагу: фаварытам бліжэйшых прэзыдэнцкіх выбараў зьяўляецца Пётр Парашэнка, які падтрымаў Эўрамайдан ад самага пачатку, але які таксама зьяўляецца адным з заснавальнікаў Партыі рэгіёнаў і былым міністрам ў кабінэце Януковіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG