Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзевяць кандыдатаў Майдану ў новы ўрад Украіны


Уладзімер Парасюк
Уладзімер Парасюк

Украінскі парлямэнт рыхтуецца зацьвердзіць урад нацыянальнага адзінства.

З-за небывала высокага расчараваньня людзей у палітыцы, заканадаўцы імкнуцца папоўніць кабінэт вядучымі ўдзельнікамі Майдану, якія маюць больш шанцаў атрымаць грамадзкі давер.

Карэспандэнт Радыё Свабода ў Кіеве называе дзевяць такіх пэрсонаў.

БУДАЎНІКІ МАСТОЎ

Андрэй Парубій
Андрэй Парубій
Андрэй Парубій. Яму 43 гады, гэта ўжо вопытны палітык, ён зьяўляецца членам парлямэнту з 2007 году, спачатку ад «Нашай Украіны», а затым ад «Бацькаўшчыны». Але ён набыў масавую грамадзкую вядомасьць як камэндант Майдану і каардынатар сіл самаабароны. Ураджэнца Кіева Парубія называюць кандыдатам на пасаду міністра абароны ва ўрадзе нацыянальнага адзінства.

Лілія Грыневіч
Лілія Грыневіч
Лілія Грыневіч – адносна новая дэпутатка Вярхоўнай Рады (з 2012 году) ад​ «Бацькаўшчыны». 48-гадовая Грыневіч – адна з самых паважаных пэдагогаў Украіны, яна мае дзьве навуковыя ступені ў галіне біяхіміі і эканамічнага кіраваньня. Раней яна шмат зрабіла для ўвядзеньня стандартызаванага тэставаньня ва Ўкраіне і ліквідацыі масавай карупцыі ў вышэйшых навучальных установах. Падчас Эўрамайдану яна выкарыстала свой аўтарытэт для таго, каб выступіць з моцнымі засьцярогамі супраць рэктараў ВНУ, якія пагражалі караць студэнтаў за ўдзел у акцыях пратэсту. Лічыцца, што яна можа стаць міністрам адукацыі і навукі.

Вольга Багамолец
Вольга Багамолец
Вольга Багамолец. 46-гадовая лекарка, якая кіравала мэдычнай службай Майдану, у палітыцы – пачатковец, але яе глыбока паважаюць у колах кіеўскай інтэлігенцыі. Паводле спэцыяльнасьці Багамолец – дэрматоляг. Яна была асабістым лекарам былога прэзыдэнта Віктара Юшчанкі ў той час, калі ён змагаўся з наступствамі атручваньня дыяксынам. Вольга Багамолец паходзіць з доўгай дынастыі кіеўскіх лекараў, імя яе прадзеда Аляксандра Багамольца знаходзіцца на мэмарыяльнай шыльдзе ў галоўнай мэдычнай ВНУ Кіева. Яна першая сьведчыла, што ахвяры Майдану былі забітыя мэталёвымі кулямі. Яе разглядаюць як кандыдата на пасаду міністра аховы здароўя.

АКТЫВІСТЫ

Дзьмітро Яраш
Дзьмітро Яраш
Дзьмітро Яраш. 42-гадовы кіраўнік Правага сэктару зьяўляецца адным зь нямногіх актывістаў Майдану, які, як мяркуецца, адкрыта прэтэндуе на дзяржаўную пасаду. Гэты факт многіх нэрвуе. Ураджэнец Днепрапятроўску Яраш арганізаваў добра ўзброеную ваенізаваную групоўку, якая абараняла Майдан і вяла жорсткія баі зь міліцыяй. Ён заклікае да люстрацыі топ-чыноўнікаў рэжыму зрынутага прэзыдэнта Януковіча. Добра вядомая і яго пагарда да парлямэнцкай апазыцыі. Правы сэктар перашкодзіў мірным дамоўленасьцям мінулага тыдня, заявіўшы, што паўстаньне скончыцца толькі з поўнай ліквідацыяй унутранага акупацыйнага рэжыму. Некаторыя крытыкі абвінавачваюць Яраша ў хаваньні яго сакрэтных сувязяў з ранейшым рэжымам, матывуючы гэта тым, што Правы сэктар ня страціў ніводнага чальца з пачатку пратэстаў. Яраш, як мяркуюць, прэтэндуе на пасаду ў структурах бясьпекі, магчыма, у якасьці намесьніка прэм'ер-міністра, адказнага за бясьпеку.

Васіль Гацько
Васіль Гацько
Васіль Гацько і Віктар Андрусіў – два вядучыя чальцы Дэмакратычнага Альянсу, маладой палітычнай партыі. Першаму 31 году, другому 30. Яны таксама калючыя. Падчас эмацыйнага інтэрвію ў простым эфіры з Украінскай службай нашага Радыё 23 лютага, Андрусіў накінуўся на лідэраў апазыцыі Арсеня Яцанюка, Віталя Клічка і Алега Цягнібока, кажучы, што яны не змаглі прадставіць ці нават зразумець інтарэсы грамадзтва.

Віктар Андрусіў
Віктар Андрусіў
«З 1 сьнежня Дэмакратычны альянс падняў сьцягі над Майданам з адной мэтай – прыбраць Януковіча ад улады... Наша другая мэта – люстрацыя... Гэтыя палітыкі, якія называюць сябе апазыцыяй, не адпавядаюць нашым каштоўнасьцям! Яны не адпавядаюць інтарэсам Майдану!» – казаў тады Андрусіў.

Гацько, са свайго боку, у блогу ва «Украінскай праўдзе» папярэдзіў, што пакуль занадта рана гаварыць пра перамогу і сказаў, што актуальнымі засталіся тры задачы: пакараньне вінаватых, зьмена Канстытуцыі і замена палітыкаў.

Ігар Луцэнка
Ігар Луцэнка
Ігар Луцэнка. 35-гадовы журналіст і актывіст займаў пасаду намесьніка камэнданта Майдану да 21 студзеня, калі ён быў выкрадзены зь лякарні. Яго катавалі і пакінулі паміраць у лесе пад Кіевам. Яго паплечнік Юры Вярбіцкі, які быў выкрадзены разам з Луцэнкам, памёр ад катаваньняў, стаўшы адной зь першых ахвяраў пратэстаў. Луцэнка, эканаміст і архітэктар энтузіяст, раней змагаўся за захаваньне старых будынкаў Кіева. Ён быў зарэгістраваны ў якасьці незалежнага кандыдата падчас парлямэнцкіх выбараў 2012 году. Яцанюк на гэтым тыдні выказаў надзею, што Луцэнка ўвойдзе ва ўрад.

ГЕРОІ

Зьміцер Булатаў
Зьміцер Булатаў
Зьміцер Булатаў. 35-гадовы лідэр Аўтамайдану, аўтамабільнага крыла Майдану, імгненна стаў сымбалем пратэстнага руху пасьля таго, як ён перажыў жахлівае выкраданьне, падчас якога яго марылі голадам, катавалі і жорстка зьбівалі, адрэзалі частку вуха. Ураджэнец Кіева Булатаў вярнуўся ва Ўкраіну 25 лютага пасьля лячэньня за мяжой, і ўжо быў прапанаваны ў якасьці патэнцыйнага міністра моладзі і спорту.

Уладзімер Парасюк. 26-гадовы ўраджэнец Львова быў проста кіраўніком адной з сотняў абароны Майдану. Ён прыехаў у Кіеў з бацькам, каб падтрымаць пратэсты. Але ўсё зьмянілася ў ноч на 21 лютага, калі ён падняўся на сцэну Майдану і ад імя загінулых сяброў выставіў рэзкі ўльтыматум лідэрам апазыцыі, якія толькі што падпісалі мірнае пагадненьне, якое дазваляла Януковічу заставацца на пасадзе да канца году. Парасюк даў тэрмін да 10 гадзін раніцы заўтрашняга дня для таго, каб Януковіч сышоў, інакш, сказаў ён, мы пойдзем на штурм адміністрацыі. І гэта стала пераломным момантам рэвалюцыі. Празь некалькі гадзін Януковіч пакінуў сталіцу, а Парасюк стаў нацыянальным героем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG