Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Філязофія пабрацімства зьвялася да «дай грошы»


Падарункі ад гарадоў-пабрацімаў. «Маскоўскі дворык»
Падарункі ад гарадоў-пабрацімаў. «Маскоўскі дворык»

Магілёў займеў чарговы горад-пабрацім. Ім стала турэцкая Бурса.

У афіцыйным паведамленьні адзначаецца, што падчас сустрэчы з кіраўніцтвам муніцыпалітэту Бурсы дасягнутая дамоўленасьць «пра цеснае ўзаемадзеяньне ў актуальных пытаньнях у галіне горадабудаўніцтва, камунальнай гаспадаркі і транспартнай інфраструктуры».

Турэцкія будаўнікі ў Магілёве ўжо ўзводзяць некалькі шматпавярховікаў. Зьбіраюцца будаваць пяцізоркавы гатэль. Як паведамляецца, туркі абралі пляцоўку для навабуду на беразе ракі Дубравенкі. Канкрэтнае месца невядомае, але адзначаецца, што з дапамогай інвэстыцыяў неназванай турэцкай кампаніі вырашыцца пытаньне з прыватным сэктарам у пойме Дубравенкі. Яго зьбіраюцца зносіць, а людзей адсяляць.

Пра колькасьць гарадоў пабрацімаў у Магілёва зьвесткі розьняцца. Напрыклад на афіцыйным сайце гарвыканкаму пазначана, што іх чатырнаццаць. Вікіпэдыя ж падае 16 гарадоў у дадатак да турэцкай Бурсы.

У 1979 годзе Магілёў займеў свайго першага афіцыйнага пабраціма. Ім стаў Вільлербан. У гонар гэтага французскага гораду названы сквэр. Пра гэта кажа чорны мармуровы інфармацыйны знак на вуліцы Першамайскай. Цяпер ён амаль увесь пад сьнегам. Прачытаць тэкст на ім немагчыма праз намаразь.

Інфармацыйны знак, што сквэр названы ў гонар гораду пабраціма Вільлербана
Інфармацыйны знак, што сквэр названы ў гонар гораду пабраціма Вільлербана


Але яшчэ з 1966 году пабрацімам быў баўгарскі горад Габрава. У 1988 годзе падпісалі Дамову пра супрацоўніцтва між «партыйнымі, савецкімі, прафсаюзнымі, камсамольскімі арганізацыямі і працоўнымі калектывамі гарадоў Магілёва (БССР) і Габрава (НРБ)». Як вынікае з афіцыйных зьвестак, па развале сацыялістычнага блёку гэтае супрацоўніцтва было перарванае і аднавілася толькі ў 2000 годзе. У Магілёве ёсьць вуліца Габраўская і рэстаран «Габрава».

Рэстаран «Габрава». Кажуць, што тут можна паласавацца страваму баўгарскай кухні
Рэстаран «Габрава». Кажуць, што тут можна паласавацца страваму баўгарскай кухні


Большасьць гарадоў-пабрацімаў Магілёў займеў у часы незалежнасьці. У 1995 годзе ўсталявалі сяброўскія адносіны з польскім Улацлавэкам. Праз год — зь нямецкім Айзэнахам і славацкім Бардзеевам. У 1997-м — зь літоўскай Клайпедай (ёсьць вуліца Клайпедзкая). Няўрадавыя арганізацыі з гэтых гарадоў слалі жыхарам Магілёўшчыны гуманітарную дапамогу, каб адольваць наступствы чарнобыльскай катастрофы. Музычныя калектывы ўдзельнічалі ў фэстывалі «Магутны Божа». Пяць гадоў таму Айзэнах падарыў Магілёву бюст кампазытара Ёгана Сэбастыяна Баха.

Падарунак нямецкага Айзэнаху
Падарунак нямецкага Айзэнаху


Новая хваля магілёўскага пабрацімства прыпадае на пачатак 21 стагодзьдзя. Амаль усе новыя пабрацімы першага дзесяцігодзьдзя новага стагодзьдзя — з постсавецкіх рэспублік, бальшыня — з Расеі. Ёсьць гарады з Ірану ды Сэрбіі. Цяпер вось зьявіўся з Турэччыны.

Магілёўскі журналіст Генадзь Суднік адзначае, што не разумее цяперашняга сэнсу пабрацімства, і параўноўвае яго з савецкім часам.

«Тады быў такі рух. Шанцавала тады больш начальству, перадавікам вытворчасьці, якія траплялі ў замежныя дэлегацыі. Паездкі ў гарады-пабрацімы былі больш пазнавальныя, культурніцкія. Называлася гэта „дружбай народаў“. Цяпер улада разьлічвае найперш, відаць, на эканамічныя нейкія выгады — вядома ж, як гэта разумее беларуская ўлада: „дай грошы, укладзіце інвэстыцыі, купіце ў нас прадукцыю“. Да гэтага ўсё зводзіцца. А вось такіх культурных, гуманітарных стасункаў, якія вынікаюць зь філязофіі пабрацімства, — гэтага няма. Цяпер гэта чыста фармальныя сувязі для таго, каб паведаміць наверх — „вось глядзіце, мы ж працуем“. Можа, і зьявяцца раптам нейкія арганізацыі з гарадоў-пабрацімаў, якія нешта збудуюць у Магілёве».

Некалькі год таму адміністрацыя маскоўскай акругі Сакаліная Гара, зь якой існуе дамова пра супрацоўніцтва, як і нямецкі Айзэнах, вырашыла зрабіць Магілёву падарунак. Маскоўцы прапанавалі бюст апошняга расейскага імпэратара Мікалая ІІ. Магілёўскія ўлады пачалі былі вызначаць ужо месца, каб усталяваць бюст, аднак пратэст магілёўцаў зьмяніў гэтыя намеры. Цяпер падарунак стаіць у музэі.

Падарункі ад гарадоў-пабрацімаў. На вежах бутафорскага Маскоўскага крамля дадзеныя герб Магілёва і афіцыйны герб Беларусі
Падарункі ад гарадоў-пабрацімаў. На вежах бутафорскага Маскоўскага крамля дадзеныя герб Магілёва і афіцыйны герб Беларусі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG