Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРЫС НЯМЦОЎ: МЫ – ЗА САЮЗ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ, АЛЕ БЕЗ ЛУКАШЭНКІ


Ул. інф.

Расейскі палітык узгадвае ўсе непаразуменьні ў пытаньнях эканамічнага супрацоўніцтва і інтэграцыі – скандал вакол інвэстыцыяў расейскага бровара “Балтыкі” зь беларускай “Крыніцай”, не зрэалізаванае партнэрства з “Сургутнафтагазам”, тармажэньня з увядзеньнем расейскага рубля ў абарачэньне на тэрыторыі Беларусі ды іншае.

Нямцоў сказаў: “Аб’ядноўвацца з Расеяй Лукашэнка ня хоча ні ў найбліжэйшай будучыні, ні ў пэрспэктыве. Ня трэба гэтага беларускаму прэзыдэнту. Нам з вамі гэта патрэбна. Братэрскаму беларускаму народу – трэба. Эканомікам дзьвюх краінаў – трэба. Пуціну, нарэшце, трэба. А вось Аляксандру Рыгоравічу – не.”

Паводле лідэра расейскай партыі “Саюз правых сілаў” Расея патрэбная Лукашэнку, бо на Захадзе беларускі дыктатар зьяўляецца пэрсонай нон-грата, а ягоны рэжым – у поўнай ізаляцыі ад цывілізаванага сьвету. “Ці афіцыйны Крэмль гэтага не разумее? – задае пытаньне Нямцоў і адказвае – разумее. Але ствараецца бачнасьць працэсу. І нічога болей. Масква ў гэтай сытуацыі працуе на Лукашэнку.

Нямцоў лічыць, што Лукашэка мае дзьве мэты – працягнуць свае паўнамоцвты і паспрабаваць у 2008 годзе штурмаваць расейскі Крэмль. Але апошняе – зазначае Барыс Нямцоў – малаверагодна. Нямцоў перакананы, што Лукашэнку прыйдзецца несьці адказнасьць за зьнікненьне вядомых людзей у Беларусі.

Нямцоў зазначыў: “Мы лічым, што самым высокім нацыянальным прыярытэтам для нас павінна быць аб’яднаньне Расеі і Беларусі. Гэтае аб’яднаньне значна важнейшае за дачыненьні з Лукашэнкам і яно дае абедзьвюм дзяржавам выгады эканамічнага, ваенна-палітычнага і гістарычнага характару”.

Саюз, паводле Нямцова, павінен створаны на дэмакратычнай і ўзаемавыгаднай аснове. Расейскі палітык гаворыць, што прыйшоў час пачаць шырокі дыялёг з грамадзка-палітычнымі сіламі ў Беларусі, з дэпутатамі парляманту, з прадстаўнікамі партыяў, прафсаюзаў ды іншых арганізацыяў. Дзеля гэтага, лічыць Барыс Нямцоў, патрэбная толькі “палітычная воля Крамля і разуменьне таго, што Расея павінная выконваць лідарскія функцыі на постсавецкай прасторы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG