Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прынцыповы» ўчастковы не зьбіраецца штрафаваць актывістаў


Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка з плякатамі ў падтрымку Алеся Бяляцкага
Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка з плякатамі ў падтрымку Алеся Бяляцкага

У Гомелі ўчастковы інспэктар, капітан міліцыі Сяргей Паўлюшчанка заявіў праваабаронцу Леаніду Судаленку, што не зьбіраецца прыцягваць яго да адказнасьці за выкладзены ў інтэрнэт здымак з партрэтам палітычнага нявольніка Алеся Бяляцкага.

Судаленка: «Участковы асабліва не стараўся, а толькі папытаўся, дзе й калі я разам з Анатолем Паплаўным фатаграфаваўся з партрэтам Бяляцкага. Я адказаў, што ў грамадзкім месцы. А дзе — няхай шукае міліцыя, калі ёй трэба. Капітан Паўлюшчанка заявіў, што ён „чалавек прынцыповы“ і не зьбіраецца прыцягваць нікога да адказнасьці. І гарадзенскіх праваабаронцаў таксама ня стаў бы караць».

Апытваў участковы Леаніда Судаленку ў офісе гомельскага аддзяленьня рэспубліканскай грамадзкай арганізацыі «Прававая ініцыятыва» на Палескай вуліцы. 18 студзеня ён мае апытаць яшчэ на працы токара-інструмэнтальшчыка, грамадзкага актывіста Анатоля Паплаўнага.

Менавіта ўдвох, Паплаўны і Судаленка, фатаграфаваліся з партрэтам Бяляцкага, выкладвалі фотаздымак у сеціва, а пасьля накіравалі ліст начальніку Чыгуначнага РАУСу з просьбай прыцягнуць іх да адказнасці за акцыю салідарнасьці з Алесем Бяляцкім. На дадатак да заявы Судаленка й Паплаўны даслалі ў міліцыю копію фотаздымка з сайту.

Такі крок гамельчукі ўчынілі з тае прычыны, што ў Горадні акурат за размяшчэнне ў інтэрнэце сваіх фотаздымкаў з акцыі салідарнасці з Алесем Бяляцкім суд з падачы міліцыі аштрафаваў тамтэйшых праваабаронцаў Віктара Сазонава, Рамана Юргеля і Ўладзімера Хільмановіча — агулам на 4,5 мільёна рублёў. Міліцыянты, а пасьля й суд палічылі, што актывісты парушылі парадак арганізацыі альбо правядзеньня масавага мерапрыемства.

Што да прынцыповасьці ўчастковага Паўлюшчанкі, то, як лічыць Леанід Судаленка, у яго проста не было загаду распачынаць адміністрацыйную справу. Праваабаронца прыгадаў такі факт. Незадоўга да мінулагодніх парляменцкіх менавіта капітан Паўлюшчанка склаў у дачыненьні грамадзкага актывіста Аляксандра Працко адміністрацыйны пратакол за продаж незалежнай газэты «Новы час» у «неналежным месцы», дакладней — на Прывакзальнай плошчы. Раённы суд нават аштрафаваў распаўсюдніка, але вышэйшая судовая інстанцыя на падставе скаргі актывіста скасавала штраф.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG