Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія тэледэбаты не трансьлююць, каб не падстаўляць Лукашэнку


Як афіцыйная беларуская прапаганда асьвятляе выбарчую кампанію ў ЗША?

Тэледэбаты дзейнага кіраўніка дзяржавы Барака Абамы і ягонага апанэнта Міта Ромні не знаходзяць шырокага адлюстраваньня ў дзяржаўных СМІ. Дзяржаўныя ідэолягі абмяжоўваюцца пераважна асабістымі характарыстыкамі прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду ад дэмакратаў і рэспубліканцаў і ня бачаць вялікай розьніцы паміж кандыдатамі.

Фінальны раўнд тэледэбатаў у Флярыдзе на старонках прэзыдэнцкай «Советской Белоруссии» прааналізаваў дацэнт Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Вадзім Ялфімаў. Выснова матэрыялу «Ідуць наздра ў наздру» — паміж Абамам і Ромні нібыта няма ніякіх ідэалягічных адрозьненьняў. Аўтар «уражаны», што размова кандыдатаў пра зьнешнюю палітыку Амэрыкі круцілася толькі вакол таго, што ёй пагражае і як з гэтым змагацца: «Псыхалёгія дзяржавы ў аблозе, выбар паміж паражэнствам і шапказакідальніцтвам, кіданьні ад рассусольваньняў на тэму правоў чалавека да звычайных палітычных забойстваў і пастаянная паўзучая вайна з усім сьветам — вось доля дзяржавы, якая настойвае на сваёй гегемоніі. І ў гэтым ні Ромні, ні Абама ўсё яшчэ ня вырваліся з учэпістых лапаў „халоднай вайны“».

Беларускія гледачы маглі назіраць за тэледэбатамі Барака Абамы і Міта Ромні праз спадарожнікавы тэлеканал RTVi, арыентаваны на расейскамоўную аўдыторыю па ўсім сьвеце. Было нават онлайн-галасаваньне: за каго б вы галасавалі, будучы грамадзянінам ЗША? У Беларусі фрагмэнты «бітвы кандыдатаў» у лепшым выпадку траплялі ў навінныя выпускі. Найбольш разгорнута прадэманстраваў амэрыканскае закулісьсе аналітык «Сталічнага тэлебачаньня» Глеб Лаўроў. У праграме «Пагаворым» ён сьцьвярджаў, што ў ЗША спрабавалі выбраць паміж дэмакратам Абамам, які мала што пасьпеў за 4 гады, і рэспубліканцам Ромні, які ўвесь гэты час «вагаецца»:

«Лёзунгі абодвух кандыдатаў — тая яшчэ тэма для абмеркаваньня. Пасьля пошукаў экспэрты, вядома, знаходзяць у іхніх пражэктах розьніцу. Але адно агульнае палажэньне відавочнае, і адразу ўсім — пляны Абамы і Ромні пры цяперашнім стане амэрыканскай эканомікі аднолькава нерэалістычныя. Уласна, таму абодва кандыдаты так часта спасылаюцца на нестыкоўкі і недапрацоўкі ў праграмах суперніка. Менавіта таму асаблівую ролю ў цяперашняй кампаніі мае кампрамат. І рэспубліканскія „сланы“ з упартасьцю непарнакапытных, і дэмакратычныя „аслы“ з грацыяй хобатных намагаюцца дамагчыся перавагі ў палітыцы тым, што ў ваенным мастацтве назвалі б неканвэнцыйнай зброяй — кшталту белага фосфару пры штурме Фалуджы. Нават у АБСЭ, дзе дастаткова даўно дзеляць стандарты выбараў на два, калі ня болей, не змаглі ў сваёй справаздачы не прызнаць некаторых праблемных пытаньняў плебісцытарнай дэмакратыі па-амэрыканску».

Чаму афіцыйны Менск намагаецца прынізіць значнасьць для беларускага грамадзтва прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША? Ці можна расцэньваць агульнае ігнараваньне палітычнай падзеі, у лепшым выпадку — асобныя крытычныя рэплікі, як «асымэтрычны адказ» на прынцыповую пазыцыю Вашынгтону што да рэпрэсіяў у Беларусі? На думку экспэртаў, паколькі чакаць прынцыповай зьмены ў стаўленьні да беларускага рэжыму ня варта ад любой адміністрацыі ЗША, кіраўніцтва Беларусі рыхтуецца да аднолькава дрэннага сцэнару са звыклым наборам палітычных і эканамічных санкцыяў. А таму марныя нават спробы наладзіць кантакты з апанэнтамі дзейнага кіраўніцтва ЗША. Гаворыць мэдыя-экспэрт Марк Бэрнштэйн:
У Беларусі ніколі ніякіх нармальных дэбатаў прэзыдэнцкіх з часоў Кебіча і выбараў 1994 году не было

«Тут два моманты. Найперш, сапраўды ня лічаць, што для Беларусі гэта важна, бо застанецца Абама ці прыйдзе Ромні — усё роўна палітыка ЗША датычна Беларусі прынцыпова зьмяняцца ня будзе. У гэтым сэнсе тонкасьці і нюансы ўнутрыамэрыканскія, па якіх там кіпяць жарсьці, — тут яны, шчыра кажучы, абсалютна ня важныя. Другая прычына, чаму гэта ўсё будзе замоўчвацца, пакуль у нас, што называецца, такі рэжым, а не які-небудзь іншы, — у тым, што ў Беларусі ніколі ніякіх нармальных дэбатаў прэзыдэнцкіх з часоў Кебіча і выбараў 1994 году не было. Лукашэнка, падобна, лічыць ніжэй за ўласную годнасьць апускацца да дэбатаў са сваімі апанэнтамі. Мы бачылі, што на дэбаты на выбарах 2010 году ён не зьявіўся. Адпаведна, калі пэдаляваць тэму, як дэбатуюць у нармальных краінах прэзыдэнт са сваімі канкурэнтамі, то Лукашэнка вельмі непрыгожа будзе выглядаць на гэтым фоне. Вось і ўсё. Каб людзі не задумваліся: а чаму ў нас такога няма?»

Палітоляг Уладзімер Лебедзеў дадае, што высілкамі Аляксандра Лукашэнкі Беларусь ужо заняла адметнае месца ў геапалітычнай «рэзэрвацыі», таму пазыцыя Менску ня толькі ні на што не ўплывае, а мала каго нават цікавіць:

«Вялікай рэакцыі ў беларускіх СМІ, рэакцыі грамадзтва на тое, што адбываецца ў ЗША, на мой погляд, няма таму, што ўвогуле Беларусь занятая сваімі ўнутранымі праблемамі. Дадаткова ўплывае і тое, што прэзыдэнт вызначыў для Беларусі сваё, „адметнае“ месца. Так, дарэчы, і сказаў: Беларусь не імкнецца ўмешвацца ў глябальную палітыку. З чаго можна меркаваць, што на бліжэйшы час гэта будзе афіцыйнай пазыцыяй улады і, вядома ж, дзяржаўных СМІ. Гэта значыць: з аднаго боку, афіцыйныя рупары могуць рэагаваць толькі ў пляне крытыкі, таму што ўжо ёсьць нейкі махавік, які вымушае крытыкаваць. Але, зь іншага боку, крытыкаваць цяпер, калі эканамічныя ўмовы ў Беларусі вельмі цяжкія, яны не асабліва хацелі б. Таму ў большасьці сваёй імкнуцца проста маўчаць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG