Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэрам не даюць працы


У Беларусі штогод праваабарончыя арганізацыі фіксуюць шматлікія выпадкі парушэньняў правоў чалавека.

«10 сьнежня адзначаецца міжнародны Дзень правоў чалавека. Гэта дата была афіцыйна ўсталяваная ў 1948 годзе, калі Генэральная асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прыняла Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека.

«Усе людзі нараджаюцца свабоднымі й роўнымі ў сваёй годнасьці і правах. Яны нададзеныя розумам і сумленьнем і мусяць ставіцца адзін да аднаго ў духу братэрства», — так гаворыцца ў першым артыкуле Дэклярацыі.

ВІЦЕБШЧЫНА

Грамадзкаму актывісту ўжо 32 разы адмовілі ў працы

Паводле артыкулу 23 Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, кожны чалавек мае права на працу, свабодны выбар працы і абарону ад беспрацоўя. Але жыцьцёвы досьвед паказвае, што ўладкавацца на працу ў нас зусім ня лёгка, калі ты грамадзкі актывіст або чалавек з апазыцыйнымі поглядамі.

Леанід Аўтухоў, актывіст кампаніі «Гавары праўду» з Гарадку, старшыня раённай суполкі Партыі БНФ, беспрацоўны ўжо чацьвёрты год:

«Я бяз працы з апошніх выбараў у Палату прадстаўнікоў. Як толькі зьявіліся
Я бяз працы з апошніх выбараў у Палату прадстаўнікоў ...
.

сьпісы апазыцыйных кандыдатаў у 2008 годзе, са мной тут жа не працягнулі кантракт. І куды я толькі не зьвяртаўся! 32 разы ўжо, здаецца — ужо зь ліку, можа, зьбіўся! Толькі прыходжу — вакансія была і вакансіі ўжо няма. Калі знаёмы нехта — а нашае мястэчка невялікае — дык наўпрост кажуць: «Ты што, не разумееш? Куды лезеш? Чаго ты хочаш? Каб я цябе ўзяў і сам у дворніках хадзіў?»

Леанід Аўтухоў зьняверыўся і ў судовай сыстэме. Паводле 7 артыкулу Дэклярацыі правоў чалавека, усе людзі роўныя перад законам, аднак суд не аднавіў яго на працы чатыры гады таму. А нядаўна яшчэ й пазбавіў правоў кіроўцы — падтрымаў рашэньне ДАІ, згодна зь якім Леанід Аўтухоў быў прызнаны злосным парушальнікам правілаў дарожнага руху. Адметна, што затрымалі яго за парушэньне ПДР якраз тады, як ён вяртаўся з Народнага сходу, і ў сьпіну ён пачуў: «Больш езьдзіць ня будзеш»!

Актывісты лічаць, што пра падобныя парушэньні правоў трэба як мага шырэй паведамляць грамадзкасьці. Але зрабіць гэта амаль немагчыма: незалежнай прэсы практычна няма, а на інфармацыйныя пікеты дазволу атрымаць не ўдаецца.

10 заявак на масавыя акцыі падрыхтаваў цягам гэтага году юрыст Аляксей Гаўруцікаў, і ніводная зь іх не была задаволеная:

«Парушана права на свабоду сходаў і атрыманьне інфармацыі. Бо тэма пікетаў была „Выражэньне салідарнасьці з палітвязьнямі і патрабаваньне іх вызваленьня“. Мы, да прыкладу, ведаем пра палітвязьняў, а шырокая грамадзкасьць — не. Мы хочам данесьці да людзей інфармацыю, а нам ствараюць перашкоды!»

Віцебскі досьвед у гэтым сэнсе беспрэцэдэнтны: за год тут не дазволілі правесьці ніводнай акцыі, падрыхтаванай прадстаўнікамі розных апазыцыйных сілаў або праваабаронцамі, хаця заявак было пададзена каля двух дзесяткаў. Апошнія адмовы прыйшлі якраз па пікетах, якія меркавалася правесьці 10 сьнежня, — да ўгодкаў прыняцьця Дэклярацыі правоў чалавека.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

«Пакуль будзе трымацца гэтая ўлада мне не знайсьці працу ў сваім гарадку...»

На Гарадзеншчыне многія з тых, хто браў актыўны ўдзел у апазыцыйнай дзейнасьці страцілі працу. Асабліва цяжка некуды ўладкавацца, калі чалавек жыве ў невялікім гарадку.

Алег Рамашкевіч з раённага гарадка Вялікая Бераставіца ня мае сталай працы больш за шэсьць гадоў. У яго вышэйшая сельскагаспадарчая адукацыя, а таксама ён мае вялікі вопыт ў сфэры аховы працы.

На вольныя вакансіі мяне не дазваляюць узяць мясцовыя чыноўнікі ...

Рамашкевіч распавядае, што хадзіў шукаць працу ў некалькі месцаў, паколькі ў яго трое дзяцей і нечым трэба карміць сям’ю, але яму надалей даводзіцца перабівацца выпадковымі заробкамі.

Рамашкевіч: «Па сутнасьці я нідзе не магу знайсьці сабе нармалёвую працу, каб утрымліваць сям’ю, бо мяне баяцца браць на працу. Да прыкладу, я зьвяртаўся ў „Белдзяржстрах“, там патрабаваліся агенты, дык той начальнік два тыдні хадзіў і пытаўся дазволу ў райвыканкам, каб узяць мяне на вольныя вакансіі».

Нават у будаўнічых арганізацыях раёну, дзе зазвычай заўсёды патрабуюцца працоўныя рукі для яго свабоднага месца не аказалася. Размова заўсёды зводзілася да аднаго.

Рамашкевіч: «У нас няма свабодных вакансій — так заўсёды адказвалі. У ПМК, да прыкладу, я так зьвяртаўся. А потым высьвятлялася, што некага ўжо ўзялі на гэтую пасаду, куды я прасіўся і месца вольнае было».

Спадар Рамшкевіч, зь яго слоў, добра разумее, што парушаюцца ягоныя канстытуцыйныя правы, як грамадзяніна, але ў той самы час добра ўсьведамляе, што пакуль ў Беларусі будзе існаваць гэтая ўлада, працы ён у сваім гарадку ня знойдзе.

Рамашкевіч: «Ну недзе зь некім я б дамовіўся ўладкавацца, але не магу вырашыць гэтага з-за сваёй апазыцыйнай дзейнасьці. Працягваю кантраляваць выбары, пішу скаргі. Вось зайшоў да дырэктара вучэльні, а ён старшыня выбарчай камісіі, пытаюся пра працу, дык той адразу: няма, няма... ».
ГОМЕЛЬШЧЫНА

У Тураве грамадзкі актывіст Міхась Козел спрабаваў праз управу занятасьці й сацыяльнай абароны Жыткавіцкага райвыканкаму рэалізаваць сваё права на працу.

«Улада толькі зьдзекуецца зь мяне...»

На ўлік у раённым цэнтры занятасьці Міхася Козела паставілі пасьля ягоных скаргаў у пракуратуру, 10-дзённай галадоўкі, адчаю й адмовы ўзяць на працу даглядчыкам жывёлы на бліжэйшую калгасную фэрму.

Аднак беспрацоўным актывіст лічыўся ўсяго нейкія тры месяцы. Управа працы й занятасьці скасавала ягоны статус беспрацоўнага на той падставе, што ён не прыяжджаў у Жыткавічы адзначацца. Адсутнасьць грошай на паездкі і тэлефанаваньні ў цэнтар занятасьці пад увагу ня ўзятыя.

Улетку Міхась Козел імкнуўся праз раённы суд абскардзіць дзеяньні ўправы працы, занятасьці й сацыяльнай абароны:

Дамагаюся працы, а мяне запісалі ў дармаеды ...

«Фактычна я нічога не дамогся, таму што суд прыняў рашэньне, паводле якога я зьяўляюся дармаедам. Улада пераклала ўсё з хворай галавы на здаровую. Яны сказалі, што ў Жыткавіцкім раёне няма беспрацоўя. І мне райвыканкам як бы й не забараняў працаваць — я проста не хачу працаваць. Я дамагаюся працы, але я — дармаед».

37-гадовы актывіст застаецца бяз працы працяглы час. Паводле ўказу прэзыдэнта ў 1997 годзе пасьведчаньне прадпрымальніка, якое меў Міхась, ператварылася ў «лісток паперы». Актывіст пазбавіўся ўсялякай працы пасьля закрыцьця ўладамі малафарматнай газэты «Вольныя навiны», той якую выдаваў.

Тры гады таму Міхась нават вымушаны быў выйсьці з шэрагаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, бо ў невялічкім гарадку апазыцыянэра ніхто не хацеў браць да сябе на прадпрыемства. Тым ня менш, за ім замацавалася рэпутацыя «бэнээфаўца», і мясцовыя кіраўнікамі ўспрымаюць гэта як табу. Пастухом быць — і то адмаўляюць.

Раённы суд наогул палічыў, што спадар Козел заможны чалавек, бо сплачвае рахункі за хатні тэлефон і электраэнэргію — і адхіліў прэтэнзіі актывіста на управы занятасьці на скасаваньне статусу беспрацоўнага.

Козел: «У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая дзейнічае на дадзены момант, маецца артыкул — здаецца, 41. У ім напісана, што я, як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, маю права на працу, і на заробак адпаведна. Але гэты артыкул у дачыненьні да мяне парушаны. Кім? Уладай! Дакладна — Жыткавіцкім райвыканкамам і раённым судом. Я фактычна жабрак, бо ня маю грошай. Я жыву на падачкі, часовай працай. Летам яшчэ можна падзёншчыкам уладкавацца — падзённа працаваць у нейкіх парніках, каму-кольвечы дровы пакалоць, градкі ўскапаць. А зімою, што хочаш, тое й рабі — еш сьнег. Улада толькі зьдзекуецца зь мяне».
МАГІЛЁЎШЧЫНА

У Горацкім раёне ўлада парушае правы сем’яў, якія гадуюць прыёмных дзяцей

Жыхарка вёскі Аўсянка, што ў Горацкім раёне, Жана Шчарбініна некалькі месяцаў дамагаецца ад улады выкананьня абавязкаў па падтрымцы сем’яў, якія гадуюць прыёмных дзяцей. Жанчына заяўляе, што дзяржава парушае правы такіх сем’яў і саміх прыёмных дзяцей. Падрабязнасьці ў Андрэя Белагубава.

Жана Шчарбініна гадуе больш за тры гады прыёмную дзяўчынку. Дзяржаўнай дапамогі, сьцьвярджае жанчына, не хапае на тое, каб забясьпечыць хаця б першыя патрэбы дзіця.

«З намі ніхто ня хоча сустракацца. Гавораць: „Дык вы самі захацелі, як хочаце, так і выкручвайцеся. Толькі маўчыце“. Тыя прыёмныя бацькі, якія ўздымаюць пытаньні — яны ў апале. У нас жа так прызвычаіліся — закрыйце раты й маўчыце. Канечне, мы самі захацелі, але й дзяржава павінна нас падтрымліваць», — зазначае Жана Шчарбініна.

Памер дзяржаўнай дапамогі на аднаго прыёмнага дзіця, паводле спадарыня Шчарбінінай, троху больш за паўмільёна рублёў.

«За гэтыя грошы мы ня можам дзяцей пракарміць, а ўжо абуць, адзець — грошай няма. Мы зьвярталіся — зрабіце разьлікі па сёньняшніх цэнах — колькі трэба прадуктаў якіх на дзень, Але ніхто ня хоча гэтым займацца. Гэта, канечне, парушэньне правоў і сям’і і дзяцей».

Праблемы ня ў выплатах, а ў стаўленьні чыноўнікаў да дзяцей ...

Сытуацыя з прыёмнай сям’ёй Шчарбінінай характэрная для ўсё Беларусі, сьцьвярджае кіраўнік асацыяцыі прыёмных сем’яў «Надзея Дзецям» Леанід Скарабагаты:

«Праблемы ня ў выплатах, а ў стаўленьні чыноўнікаў да дзяцей. Фінансавая дапамога чыста сымбалічная. Прыёмныя дзеці маюць 56 дзён летняга адпачынку. За межамі менскай кальцавой дарогі адзінкавыя выпадкі, дзе вытрымліваецца гэтая норма. Прапануюць: „Здавайце дзяцей на аздараўленьне назад у прытулак“.»

У 2009 годзе было 18 тысяч прыёмных і апякунскіх сем’яў. Паводле спадара Скарабагатага, колькі іх стала ў 2010 і 2011 асацыяцыя ня ведае. «Белстат» такія зьвесткі прапануе купляць у яго.

Што да Горацкага раёну, то тут больш за сорак сем’яў, якія наважыліся ўзяць прыёмных дзяцей. Жана Шчарбініна заяўляе:

«Ужо ў прыёмных бацькоў больш за 100 дзяцей. Калі іх зараз здадуць назад, то месца ў прытулку ня хопіць».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

Берасьцейскія праваабаронцы адзначаюць, што ў рэгіёне сыстэматычна парушаецца права грамадзянаў на свабоду сходаў, мітынгаў, пікетаў. Забаранілі нават акцыі да міжнароднага Дня правоў чалавека.

Напярэдадні 63-х угодкаў падпісаньня Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека ў Берасьці забаранілі мітынг і пікет. Акцыі прымяркоўваліся да міжнароднага дня Правоў чалавека.

Да таго ж, кіраўніца берасьцейскага аддзяленьня прафсаюзу РЭП Зінаіда Міхнюк, якая падавала заяўку на мітынг, была папярэджаная пракуратурай аб недапушчальнасьці парушэньня закону аб масавых мерапрыемствах.

Спадарыня Міхнюк кажа, што такім чынам улады зьневажаюць правы берасьцейцаў на свабоду мітынгаў:

«Нас зараз паставілі ў такія ўмовы, што рэалізаваць сваё права на свабоду мітынгаў, пікетаў, слова немагчыма. Як у канцлягеры... Мне сорамна за такую Палату прадстаўнікоў, якая бяздумна прымае такія законы. Прыйдзе час, і нашы дзеці іх абвінавацяць, што яны з краіны зрабілі турму...»

Праваабаронца Ўладзімер Вялічкін, пікет якога да Дня правоў чалавека таксама забараніў гарвыканкам, лічыць, што такія забароны сталі ўжо сыстэмнымі:

«Гэтым яны даюць зразумець усім грамадзянам Беларусі пра тое, што іх думкі, іх меркаваньні абсалютна не цікавіць гарвыканкам. Яны выконваюць свае вузкія мэты па ўтрыманьні ўлады любым чынам».

Тым ня менш, берасьцейскія актывісты зьбіраюцца адстойваць права на свабоду мірных акцыяў. Актывісты Свабоднага прафсаюзу Беларускага падалі ў суд на гарвыканкам, які забараніў пікет «За годную працу».

Кіраўнік берасьцейскага аддзяленьня Свабоднага прафсаюзу Валянцін Лазарэнкаў мае намер дайсьці да міжнародных структураў у гэтай справе:

«За апошні год мы ніводнага разу не атрымалі дазволу на пікетаваньне.

У Беларусі робіцца ўсё, каб чалавек аніякіх правоў ня меў ...

Сёньня стварылася такая дзяржава, у якой чалавека няма. Дык чалавеку ж гэтыя правы ад нараджэньня дадзеныя. Робіцца ўсё, каб я аніякіх правоў у гэтай краіне нават ня меў,» — канстатуе прафсаюзны лідэр Валянцін Лазарэнкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG