Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The New York Times пра бунт Беларусі ды іншых суседзяў Расеі


“Расея ня хоча пазбаўляцца свайго падворку”, — піша амэрыканская The New York Times. Бо для Масквы “аднаўленьне ўплыву ў былых рэспубліках СССР — адна з найважнейшых задач”. Тым ня менш Расея няздатная прывабіць суседзяў, перацягнуць іх на свой бок і трымаць іх там. Крэмль дзейнічае груба, спалучаючы стымулы кшталту танных энэрганосьбітаў і матэрыяльнай дапамогі з пагрозамі гандлёвых санкцыяў і адключэньня газу”.

Увесь год, нягледзячы на спазмы ва ўласнай эканоміцы, Масква выдзяляла буйныя грашовыя сумы для сваіх зьбяднелых суседзяў па постсавецкай прасторы. Такім чынам яна спрабавала забясьпечыць сабе іх адданасьць на даўжэйшую пэрспэктыву і зьменшыць заходні ўплыў у рэгіёне.

Але выглядае, што суседзі маюць свае галовы, адзначае аўтар артыкулу Элен Бэры. Беларусь, якая агулам павінна атрымаць 2 мільярды даляраў расейскай дапамогі, пайшла на адкрыты бунт супраць Крамля, паказваючы, што дае перавагу Эўропе і, да таго ж, атрымлівае грошы ад МВФ. Узбэкістан па прыкладзе Беларусі таксама адмовіўся падпісаць Дамову пра калектыўныя сілы хуткага рэагаваньня, якія Масква хоча зрабіць процівагай НАТO.

Газэта працягвае прыклады гэтага шэрагу. Так, у траўні Туркмэністан падпісаў дамову пра разьведкі газавых радовішчаў зь нямецкай кампаніяй, Армэнія адзначыла высокай нацыянальнай узнагародай маскоўскага апанэнта Міхаіла Саакашвілі, а Кіргізстан перадумаў закрываць для амэрыканскіх вайскоўцаў сваю авіябазу “Манас”. Гэтую апошнюю навіну ваенны аналітык Аляксандар Гольц пракамэнтаваў так: “На постсавецкай прасторы пашыраецца гульня: хто найлепш злаўчыцца абдурыць Крэмль?”

Між тым некалькі рэчаў маюць для Расеі большае значэньне, чым аднаўленьне яе ўплыву ў былых савецкіх рэспубліках, страта якіх баліць Маскве, як даўно адрэзаная нага. Спрэчка за уплыў над Грузіяй і Украінай прывяла расейска-амэрыканскія дачыненьні да стану халоднай вайны і, выглядае, гэтая тэма будзе цэнтральнай у перамовах прэзыдэнтаў Мядзьведзева і Абамы, заплянаваных на панядзелак.

Расея, як піша далей Элен Бэры, не вызначаецца майстэрствам прыцягваць суседзяў на свой бок і ўтрымліваць іх там. Крэмль дзейнічае груба, спалучаючы стымулы тыпу танных энэрганосьбітаў, матэрыяльнай дапамогі з пагрозамі тыпу гандлёвых санкцый ці адключэньня газу.
На постсавецкай прасторы пашыраецца гульня: хто найлепш злаўчыцца абдурыць Крэмль?
Паводле аўтара, такая тактыка пугі і перніка практыкуецца ў дачыненьні да беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, якому спачатку абяцаюць 2 мільярды дапамогі, потым караюць забаронай увозу малочных прадуктаў, потым узнагароджваюць адменай гэтай забароны. Што да паводзінаў Лукашэнкі, то, паводле The New York TImes, Расея ўспрымае яго ваяўнічасьць як блеф. “Ён імітуе сварку з Расеяй, пакуль Захад не запатрабуе ад яго сур’ёзных зьменаў рэжыму, і ў гэты момант ён здасца. У гэтым разьлік лініі яго паводзінаў”, - мяркуе дэпутат расейскага парлямэнту Канстанцін Затулін.

Як падсумоўвае аўтарка, Масква, калі яна хоча выйсьці зь фінансавага крызысу цесным палітычным блёкам, павінна пачаць ужываць іншыя сродкі, чым грашовыя пераводы. Бо, як кажа палітоляг Аляксей Мухін, каханьне, купленае за грошы, ненадзейнае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG