Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яну Палякову не апраўдалі


Яна Палякова
Яна Палякова
17 красавіка калегія Менскага абласнога суду разгледзела скаргу адваката Мар’яны Сямешкі на прысуд праваабаронцы з Салігорску Яне Паляковай, які быў вынесены Салігорскім судом.

Адвакатка Мар’яна Сямешка прасіла адмяніць прысуд і пасьмяротна рэабілітаваць Яну Палякову: маўляў, падчас працэсу над праваабаронцай істотна парушаўся крымінальна-працэсуальны кодэкс. Судзьдзі Менскага абласнога суду раіліся амаль гадзіну, але падстаў для пасьмяротнай рэабілітацыі не знайшлі.
3 сакавіка Палякова была асуджаная на 2,5 года “хіміі” за паклёп на міліцыянта, а 7 сакавіка павесілася ў сваёй кватэры.
Вытворчасьць па справе Паляковай спыненая з-за немагчымасьці выканаць прысуд у сувязі са сьмерцю асуджанай.

Пракурор Русаковіч выступіў супраць адмены прысуду. Ён лічыць, што справа можа быць прыпыненая толькі ў сувязі са сьмерцю.

Юрысты кажуць, што рашэньне з такой фармулёўкай не азначае рэабілітацыі, а толькі адмену прысуду ў сувязі з тым, што выканаць прысуд немагчыма.

Былы судзьдзя, цяпер праваабаронца Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла не задаволены такім рашэньнем:

Гары Паганяйла
“Камэнтаваць тут цяжка, але зразумела, што касацыйны суд ня вывучыў аргумэнты, якія даводзіў адвакат, не падтрымаў іх, а ўжыў закон пра немагчымасьць выканаць прысуд у сувязі са сьмерцю абвінавачанага. І гэтым абмежаваўся”.

Праваабаронца Тацяна Равяка адзначыла, што абмеркаваньне папярэдніх судовых спраў у судзьдзяў адбывалася за лічаныя хвіліны, а вось справу Яны Паляковай судзьдзі абмяркоўвалі за зачыненымі дзьвярыма амаль гадзіну. На думку Тацяны Равякі, рашэньне пра адмову ў рэабілітацыі давалася зь цяжкасьцю:

“Магчыма, разумеючы трагізм гэтай справы і яе грамадзкае гучаньне, судзьдзі гэтак доўга раіліся. Не выключаю, што былі розныя меркаваньні. Звычайна, як падаецца, рашэньне ў падобных справах прынятае загадзя, але, магчыма, гэты выпадак мог стаць выключэньнем”.

На разгляд скаргі на прысуд Яне Паляковай разам з актывістамі з Салігорску прыехала яе маці Неаніла Міхайлаўна. Жанчыне 70 гадоў, яна дрэнна пачуваецца, але знайшла сілы прыйсьці ў суд. Вось што думае Неаніла Палякова пра рашэньне калегіі Менскага абласнога суду, якая не задаволіла скаргу аб пасьмяротнай рэабілітацыі яе дачкі.

Неаніла Палякова
“Гэта змова. Яны на яе палявалі даўно. Нават за два дні да сьмерці Яны за ёй працягвалі сачыць, прыяжджалі міліцэйскія машыны. Ішло паляваньне”.

Неаніла Палякова не выключае, што будзе абскарджваць рашэньне Менскага абласнога суду ў вышэйшай інстанцыі, а таксама зьвяртацца ў міжнародныя суды.

Адвакаты і сваякі не выключаюць, што будуць падаваць скаргу ў вышэйшую



У верасьні 2008 году Яна Палякова падала скаргу ў пракуратуру на дзеяньні ўчастковага міліцыянта Віктара Пугачова. Жанчына скардзілася на тое, што міліцыянт зьбіў яе ў райаддзеле міліцыі, і пацьвярджала гэта мэдычнай даведкай пра траўму рукі. Пракуратура не знайшла ў дзеяньнях міліцыянта Пугачова парушэньняў закону, а празь нейкі час завяла справу на Яну Палякову паводле абвінавачаньня ў паклёпе. У судзе міліцыянт Пугачоў паказаў дакумэнт за подпісам кіраўніцтва, паводле якога ён быў у камандзіроўцы ў дзень, калі зьбілі Яну Палякову. Хадайніцтва Паляковай аб экспэртызе відэаздымкаў, зробленых у райаддзеле міліцыі, суд адхіліў. Жанчыну прызналі вінаватай і прысудзілі да 2,5 гадоў “хіміі”. Пасьля працэсу Яна Палякова сказала знаёмым, што “ніколі ня будзе зэчкай”, а праз тры дні, уначы на 7 сакавіка, павесілася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG