Напярэдадні стала вядома, што за Эмануіла Зэльцэра заступіліся праваабаронцы з сусьветна вядомай арганізацыі Freedom House і адвакацкая фірма з ЗША PattonBoggs, чыім кліентам быў Эмануіл Зэльцэр. Істотным момантам ёсьць тое, што гэтыя арганізацыі зьвярнуліся ў Міжнародны валютны фонд з заклікам не даваць Беларусі крэдыт, пакуль вязьня турмы КДБ Эмануіла Зэльцэра ня выпусьцяць на волю. Пра зварот праінфармаваныя сэнат ЗША і ўрад гэтай краіны, які зацьвярджае ўсе крэдыты МВФ. Шанцы на тое, што справа Зэльцэра сапраўды паўплывае на лёс крэдыту МВФ вялікія, мяркуюць амэрыканскія калегі Эмануіла Зэльцэра.
Тым часам беларускі адвакат амэрыканца Зьміцер Гарачка падрыхтаваўся да разгляду скаргі на прысуд Зэльцэру, паводле якога абвінавачанага могуць адправіць у калёнію на тры гады. Нагадаю, скаргу мусілі разгледзець яшчэ 26-га верасьня, але перанесьлі на сёньня – нібыта каб запатрабаваць нейкія дакумэнты. Найперш пытаюся ў адваката Гарачкі, ці могуць зноў адкласьці разгляд скаргі?
Гарачка: “Ня думаю, ня бачу для гэтага падстаў”.
Карэспандэнт: “Вы працягваеце штодня наведваць Зэльцэра. Як ён пачуваецца?”
Гарачка: “Па-ранейшаму. Паляпшэньня няма, гэта адназначна”.
Карэспандэнт: “Ён на што скардзіцца? Як трымаецца? Спадзяецца на станоўчы вынік?”
Гарачка: “Трымаецца і, канешне, спадзяецца. Калі чалавек лічыць сябе невінаватым, ён спадзяецца на законнае рашэньне, якое гэта пацьвердзіць”.
Сёньня яшчэ два гучныя працэсы адбудуцца ў Салігорскім і Менскім раённым судох. У Менскім паставяць кропку вакол гэтак званай справы “жывы шчыт”. Вырашаецца лёс Вольгі Мянцюк, якая перадала кіраваньне аўтамабілем свайму нецьвярозаму жаніху – Раману Менцюку. Пазаўчора яму далі за гэта 5 гадоў калёніі, столькі ж пагражае і Вользе. Яна цалкам прызнае сябе вінаватай, але ці сапраўды суд адправіць за краты маладую жанчыну на 8-ым месяцы цяжарнасьці?
А ў Салігорску паставяць кропку ў гісторыі з выключэньнем са школы маладзёвага актывіста Івана Шылы. Іван і ягоныя бацькі настойваюць: выключэньне было незаконным, паколькі адбывалася пад ціскам на адміністрацыю і настаўнікаў школы. Кажа Іван Шыла:
“Былі ж папярэднія слуханьні 16-га кастрычніка, падчас якіх новая адміністрацыя школы заявіла, што нібыта быў усяго адзін пэдагагічны савет, які даў згоду на маё адлічэньне. Але ж гэта не адпавядае рэчаіснасьці, насамрэч было тры саветы, і вось у суд мы зьбіраемся прывесьці сьведак, якія гэта дакажуць”.