Чым адметная Эўрапейская палітычная супольнасьць, на саміт якой у Тырану запрасілі Ціханоўскую

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган (зьлева) размаўляе з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам на пленарным пасяджэньні саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Будапэшце 7 лістапада 2024 году

Эўрапейская палітычная супольнасьць, ідэю якой прапанаваў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон у якасьці непасрэднай рэакцыі на вайну ва Ўкраіне, зьбіраецца на найвышэйшым узроўні двойчы на ​​год, прычым ролю гаспадароў па чарзе выконваюць 27 краін ЭЗ і 20 краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ.

Сёлета ў нефармальным саміце Эўрапейскай палітычнай супольнасьці (ЭПС) запрасілі ўдзельнічаць прадстаўніцу Беларусі Сьвятлану Ціханоўскую.

Сустрэча пройдзе 16–17 траўня ў Тыране (Альбанія). На пленарнае пасяджэньне ЭПС у Тыране запрошаныя прадстаўнікі дзяржаваў Эўразьвязу, а таксама Альбаніі, Андоры, Армэніі, Азэрбайджану, Босьніі й Герцагавіны, Вялікай Брытаніі, Грузіі, Ісьляндыі, Косава, Ліхтэнштайну, Малдовы, Манака, Чарнагорыі, Паўночнай Македоніі, Нарвэгіі, Сан-Марына, Сэрбіі, Швайцарыі, Турэччыны, Украіны.

Больш пра Эўрапейскую палітычную супольнасьць апавядае эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Лідэры з усёй Эўропы зьбяруцца 16 траўня на пляцы Скандэрбэга ў цэнтры Тыраны на саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці. ЭПС, ідэю якой задумаў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон як непасрэдную рэакцыю на вайну ва Ўкраіне, зьбіраецца на найвышэйшым узроўні двойчы на год, прычым ролю гаспадароў па чарзе выконваюць 27 краін ЭЗ і 20 краін, якія не ўваходзяць у Зьвяз.

Цяпер чарга Альбаніі, і гэты форум стане ці не найвышэйшым дасягненьнем для яе прэм’ер-міністра Эдзі Рамы. Ён знаходзіцца ва ўладзе з 2013 году, ён адзін з самых дасьведчаных дзеячоў у эўрапейскай прасторы, а адбудзецца сустрэча ўсяго празь пяць дзён пасьля агульных выбараў у гэтай заходнебалканскай краіне, на якіх яго сацыялістычная партыя зноў возьме верх.

Брусэль высока цэніць Раму, службоўцы ЭЗ хваляць яго за дыпляматычныя навыкі і дасьціпнасьць. Адлюстраваньнем гэтага стаў прагрэс Альбаніі ў далучэньні да Эўрапейскага Зьвязу. Менш чым за год яна пачала перамовы па большасьці разьдзелаў уступных патрабаваньняў і плянуе закрануць яшчэ больш разьдзелаў да канца месяца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская падвяла вынікі папярэдніх месяцаў працы кансультацыйнай групы «Беларусь-Эўразьвяз»

Што такое Эўрапейская палітычная супольнасьць?

ЭПС ня ёсьць інструмэнтам ЭЗ і не замяняе сяброўства ў ЭЗ, як баяцца некаторыя прэтэндэнты на ўступленьне ў Зьвяз. У істоце гэта форум для абмеркаваньня, які афіцыйна не дае ніякіх канкрэтных вынікаў або заключнага паведамленьня, ня мае пастаяннага месца знаходжаньня ці сакратарыяту.

Хоць мэдыя зь цяжкасьцю тлумачаць, што гэта за істота і якой мэце яна служыць, з увагі на існаваньне шматлікіх іншых эўрапейскіх інстытутаў (хаця б Рады Эўропы і АБСЭ), лідэры, здаецца, любяць наведваць саміты ЭПС.

Гэта ў значнай ступені зьвязана з тым, што афіцыйная рэжысура тут мінімальная ў параўнаньні, напрыклад, з самітамі NATO і ЭЗ, якія трымаюцца строгіх пратаколаў. Вядома, ёсьць цырымонія адкрыцьця, пленарнае пасяджэньне і сямейнае фота. Затым лідэры разыходзяцца на тры тэматычныя круглыя сталы, прысьвечаныя бясьпецы, канкурэнтаздольнасьці і міграцыі.

Аднак большая частка аднадзённага збору будзе прысьвечана розным заплянаваным і спантанным двухбаковым сустрэчам, якія пры патрэбе можна хутка ператварыць у больш маштабныя. Гэта адбываецца без шматлікіх акрэдытаваных памочнікаў і дарадцаў, а значыць, магчыма правесьці шмат дыпляматычных хуткіх спатканьняў і нефармальных сустрэчаў у прыемнай абстаноўцы пад яду і напоі. Гэта дадае «трохі свабоды і творчасьці ў іх звычайна структураванае жыцьцё», як сказаў мне адзін дыплямат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Эўракамісіі абвясьціла заканчэньне эры расейскіх нафты і газу ў Эўропе

Лідэраў Эўразьвязу запрасілі на саміт ЭПС

Пакуль што ніхто не адмовіўся ад запрашэньня, накіраванага ўсім эўрапейскім краінам, акрамя Беларусі, Расеі і Ватыкану. Прыбудуць трое старшыняў Эўрапейскай рады, Камісіі і Эўрапарлямэнту, а таксама генэральны сакратар NATO Марк Рутэ.

Гэта будзе і першая шматбаковая сустрэча канцлера Нямеччыны Фрыдрыха Мэрца. Чакаюць, што зьявіцца прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, нават калі гэта ня будзе пацьверджана да апошняй хвіліны, таксама чакаецца прыезд турэцкага лідэра Рэджэпа Таіпа Эрдагана, хоць ён прапусьціў некаторыя папярэднія саміты ЭПС.

На папярэдніх самітах ЭПС меў месца палітычны ціск на лідэраў Армэніі і Азэрбайджану з мэтай правядзеньня іх сустрэчы, часта разам зь лідэрамі Францыі і Нямеччыны, але на гэты раз такой спробы не чакаецца, хоць яе ніколі нельга выключаць.

Прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кобахідзэ запрошаны, як і на апошні саміт у Будапэшце ў лістападзе. Дыпляматы ЭЗ стараюцца падкрэсьліваць, што сустрэчу ў Тыране праводзіць ЭПС, а не ЭЗ, зважаючы на тое, што апошні імкнецца не кантактаваць з высокапастаўленымі грузінскімі службоўцамі пасьля спрэчных парлямэнцкіх выбараў у Грузіі ў кастрычніку летась. Калі зьявіцца Кабахідзэ, будзе цікава паглядзець, як адрэагуюць лідэры ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На саміце «Кааліцыі ахвочых» краіны Захаду заклікалі Расею да спыненьня агню з 12 траўня. Украіна заявіла, што гатовая

Фіца і Вучыч пад наглядам

Падобным чынам варта паназіраць, як лідэры будуць узаемадзейнічаць з прэзыдэнтам Сэрбіі Аляксандрам Вучычам і прэм’ер-міністрам Славаччыны Робэртам Фіцам, якія абодва былі на парадзе ў гонар Дня Перамогі ў Маскве 9 траўня плячо ў плячо з Уладзімірам Пуціным.

Фіца ў значнай ступені ізаляваны на ўзроўні ЭЗ, нягледзячы на тое, што пасьля ягонай паездкі ў Маскву ніякіх санкцыяў ці пакараньняў не рыхтуецца. Брусэль засьцярог Вучыча ад паездкі ў Расею, адзначыўшы, што Сэрбія як афіцыйная краіна-кандыдат павінна трымацца замежнай палітыкі блёку.

Аднак Вучычу, здаецца, гэта пройдзе дарма. Высокі службовец ЭЗ пацьвердзіў на брыфінгу перад самітам у Тыране, што Сэрбія застанецца краінай-кандыдатам і што сярод дзяржаваў-чальцоў няма кансэнсусу што да ўвядзеньня санкцыяў супраць гэтай краіны.

Адзіным наступствам будзе тое, што Сэрбія не прасунецца па шляху да ўступленьня ў ЭЗ, што ў кожным разе даволі спрэчна, бо гэтаябалканская рэспубліка не адкрыла ніводнага разьдзелу перамоваў аб уступленьні за апошнія чатыры гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе заявілі, што блякаваньне Будапэштам уваходу Ўкраіны ў ЭЗ можа прывесьці да больш раньняга ўступленьня Малдовы

Вялікі тыдзень для NATO

14 траўня начальнікі генэральных штабоў 32 краін NATO зьбяруцца ў Брусэлі на апошнюю сустрэчу перад самітам алдьянсу ў Гаазе ў наступным месяцы.

Падтрымка Украіны, а таксама місіяў, апэрацыяў і абаронных плянаў NATO будуць галоўнымі тэмамі парадку дня. У той жа дзень, але ў турэцкім прыморскім курорце Антальі, Рутэ зьбярэ міністраў замежных справаў NATO на нефармальную двухдзённую сустрэчу. Сустрэча кантравэрсійная з увагі на рэпрэсіўную палітыку Турэччыны супраць апазыцыі, у прыватнасьці, нядаўняе зьняволеньне мэра Стамбулу Экрэма Імамоглу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта вайна Пуціна супраць Эўропы». Як краіны ЭЗ павялічваюць выдаткі на войска і мяняюць адпаведныя законы